БУДЗЬЦЕ АСЦЯРОЖНЫЯ НА ВАДАЁМАХ



З надыходам першых маразоў на азёрах, сажалках і рэках утвараецца тонкае ледзяное покрыва. Трэба памятаць, што неаднолькавымі з’яўляюцца і працягласць ледаставу, і трываласць лёду на розных вадаёмах. Не трэба забываць і аб тым, што лёд неаднолькава моцны нават у межах аднаго вадаёма. Гэта абумоўлена шэрагам прычын: глыбінёй, хуткасцю цячэння, наяўнасцю грунтовых водаў і г. д.

Перш чым ступіць на лёд, неабходна праверыць, ці дастаткова ён трывалы. Прыкметы трываласці – яго зеленаваты колер, ён не прабіваецца пасля трох удараў палкай (не рабіце гэтага нагой!). Калі ж паказалася вада, ступаць на лёд нельга!

На працягу зімы лёд тоіць сур’ёзную небяспеку. Тут могуць быць зацярушаныя снегам палонкі, праталіны, рыбацкія лункі, умерзлая расліннасць і проста месцы, пакрытыя тоўстым слоем снегу. У час пераходу па лёдзе трэба ўважліва сачыць за яго паверхняй. Абмінайце месцы з цёмнымі плямамі на снезе! Калі па лёдзе рухаюцца некалькі чалавек, то ім неабходна ісці адзін за адным з інтэрвалам 5-6 метраў. Не варта збірацца на лёдзе вялікімі групамі. Для прадухілення няшчасных выпадкаў рэкамендуецца запомніць яго бяспечную таўшчыню: 5-7 сантыметраў – для аднаго чалавека, 10-12 сантыметраў – для групы людзей.

Асабліва ўважлівымі павінны быць канькабежцы. Масавае катанне на каньках дазваляецца пры таўшчыні лёду не менш за 25 сантыметраў.

Калі ж лёд праламаўся і вы апынуліся ў вадзе, трэба захоўваць самавалоданне: не боўтацца, не хапацца за край лёду. Ад гэтага ён толькі крышыцца, правал пашыраецца, а сілы змяншаюцца. Рэкамендуецца прыціснуцца да аднаго краю правалу грудзямі або спінай, раскінуць рукі ў бакі, а ў супрацьлеглы край уперціся нагамі ці рабіць імі плавальныя рухі. Услед за гэтым трэба асцярожна выцягнуць на лёд спачатку адну нагу, а потым, нахіліўшы ў той жа бок тулава, другую, пасля чаго перакаціцца і адпаўзці далей ад месца правалу.

Таму, хто стаў сведкай такога здарэння, неабходна папярэдзіць чалавека, які праваліўся, аб тым, каб ён не мітусіўся, не спрабаваў выбрацца самастойна, а, раскінуўшы рукі ў бакі і паклаўшы іх на лёд, чакаў дапамогі. Чалавек, які выратоўвае, набліжаецца да месца здарэння толькі паўзком. Для выратавання і ўласнай страхоўкі выкарыстоўваюць лесвіцы, дошкі, жэрдкі, лыжы, вяроўку, дрот, звязаныя рамяні, шалікі, адзенне. Калі пацярпелы надзейна ўхопіцца за пададзены прадмет, трэба выцягнуць чалавека на моцны лёд і даставіць на бераг. Там яму неабходна аказаць першую дапамогу: неадкладна адправіць у цёплае памяшканне, зняць мокрае адзенне, насуха расцерці цела, пераапрануць ва ўсё сухое, пакласці ў ложак, цёпла накрыць і даць гарачага чаю. Карыснай будзе і цёплая ванна. Калі гэта неабходна, пацярпелага накіроўваюць у лячэбную ўстанову.

Але ж падобныя здарэнні адбываюцца і ўдалечыні ад жылля. У такім выпадку першую дапамогу аказваюць на месцы: раскладваюць вогнішча, дзеляцца з пацярпелым сухім адзеннем і прымаюць неадкладныя меры для яго транспартавання ў цёплае памяшканне.

Заўсёды памятайце: за невыкананне мераў засцярогі на лёдзе можна паплаціцца жыццём!
За 9 месяцаў 2012 года ў вадаёмах Гродзеншчыны ўтапіліся 92 чалавекі, з іх у Дзятлаўскім раёне – 4. У нецвярозым стане знаходзіліся 54 чалавекі, 15 – парушылі меры бяспекі, 10 – утапіліся пры прыступах захворвання, 6 – у час рыбнай лоўлі, а яшчэ – 7 дзяцей, пакінутых без нагляду дарослых ля вады.

У. БАРАВІК, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ОСВОД
А. БЕЛЕНКА, інспектар групы прапаганды і навучання Дзятлаўскага РАНС

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/