БУДЗЕМ АБЕРАГАЦЬ ДЗЯЦІНСТВА!



1 чэрвеня разам з усім светам Беларусь адзначае Міжнародны дзень абароны дзяцей.

Кожны дарослы, думаю, са мной пагодзіцца, што дзяцінства -- гэта самая незабыўная, светлая, напоўненая яркімі фарбамі пара жыцця. Усё ў гэты час здаецца інакшым: лета бясконцым, свет, які бярэ нас у свае абдымкі, незвычайна ветлівым, добрым, а неба блакітным-блакітным. Тут ты з'яўляешся цэнтрам увагі для ўсіх -- бацькоў, бабуляў і дзядуляў, якія няспынна акружаюць цябе цяплом, пяшчотай, клопатам. Нашы свавольствы, такія нявінныя і смешныя, спісваюцца на малы ўзрост. Крыўды і расчараванні ад някупленай бацькамі чарговай цацкі, якая спадабалася нам, ужо хутка праходзяць, не пакідаючы следу.

Дзяцінства -- дзіўная пара, паўтарыць якую ніхто і нішто не ў сілах. Шкада толькі, што мы разумеем гэта, назаўсёды адпусціўшы яго. Аднойчы хтосьці сказаў: "Людзям надакучвае дзяцінства. Яны хочуць пасталець. А потым мараць стаць дзецьмі зноў. Яны так многа думаюць аб будучыні, што забываюць цяперашняе настолькі, што не жывуць ні ў сённяшнім, ні ў будучыні". І сапраўды. Часам здаецца, што сённяшнія дзеці, якія з малога ўзросту валодаюць айпадамі і ведаюць адкуль бяруцца немаўляты (зразумела, не з капусты) прапусцілі нешта, што было для нас чароўным, таямнічым, незвычайным.

Але, адыходзячы, дзяцінства ўнутры пакідае шлейф прыемных успамінаў. Яны саграваюць у халады бязладзіц і праблем дарослага жыцця, у хвіліны, калі навальніцы цяжкіх узрушэнняў парушаюць звычайны рытм нашага сэрца, калі здароўе і сілы вычарпаны, а адзінота і бясконцая пустэча доўгімі зімовымі вечарамі стамляе чаканнем досвітку. Часам пастукаецца ў дзверы нашай душы дзяцінства з усмешкай такой маладой яшчэ мамы ці яшчэ гарачымі бабулінымі дранікамі.

Разам з тым, варта адзначыць, што толькі ад нас, дарослых, залежыць падарыць або не дзяцінства яшчэ аднаму чалавеку, які можа прыйсці ў гэты свет. Няхай адказ будзе станоўчы, гэта ж у нашых сілах! Самі, зведаўшы аднойчы цудоўную пару дзяцінства, давайце скажам "не" абортам і сустрэнем яшчэ адно немаўляці ў гэтым свеце. Давайце далучымся да мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў першы дзень летняга месяца, скіраваных на абарону дзяцей ад розных пагрозаў, якія могуць спыніць іх мірнае існаванне, нанесці шкоду здароўю.

І. ЗІНЧАНКА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/