БУДНІ ДЗЯТЛАЎСКАЙ МІЛІЦЫІ Ў РЭТРАСПЕКТЫВЕ




Беларускай міліцыі -- 96 гадоў

Як імкліва ляціць час. Здаецца, толькі ўчора зняў форменную вопратку работніка міліцыі, а на самой справе прайшло больш за дваццаць гадоў... Напярэдадні 96-й гадавіны ўтварэння беларускай міліцыі варта ўзгадаць сваіх саслужыўцаў, з якімі давялося працаваць і набірацца вопыту, а таксама павіншаваць тых, хто сёння ў страі.

Мой першы "міліцэйскі" настаўнік -- Аляксей Рыгоравіч Ціхан, былы ўчастковы інспектар міліцыі гарпасёлка Казлоўшчына і Падвялікаўскага сельскага савета Дзятлаўскага раёна. Гэта быў добрай душы чалавек, і ў той жа час вельмі прынцыповы, разумны, справядлівы да людзей.

У 1968 годзе, калі я пачаў службу ў органах унутраных спраў , Дзятлаўскі райаддзел узначальваў Уладзімір Цімафеевіч Капціловіч. Пятнаццаць гадоў ён знаходзіўся на пасадзе кіраўніка. І ў час службы, і пасля выхаду на пенсію былы начальнік карыстаўся павагай у саслужыўцаў, і жыхароў раёна.

Першым вялікім выпрабаваннем, якое ўспамінаю з горыччу, было забойства дэмабілізаванага салдата ў вёсцы Старына Дварэцкага сельсавета. Гэта здарылася зімой 1968 года. Раскрыць злачынства павінны былі толькі што прызначаны на пасаду новы начальнік, я -- "неабстраляны" ўчастковы інспектар, і малады супрацоўнік крымінальнага вышуку Іван Сяргеевіч Прэдка. Агульнымі намаганнямі і з дапамогай насельніцтва забойца быў знойдзены па гарачых слядах, асуджаны.

Варта ўзгадаць Міхаіла Васільевіча Карабанава і Уладзіміра Паўлавіча Зайца. Абодва гэтыя супрацоўнікі -- прыклад сумленнага служэння Радзіме, адданасці сваёй прафесіі. Міхаіл Васільевіч быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, некаторы час працаваў у крымінальным вышуку, пазней быў прызначаны начальнікам аддзела аховы. За заслугі перад Радзімай узнагароджаны ордэнам "Чырвонай Зоркі" і іншымі ўзнагародамі. У 1974 годзе ён заўчасна памёр.

З 1974 года мне давялося працаваць "у адной звязцы" са старшым інспектарам крымінальнага вышуку Іванам Пятровічам Чэрнікам, выдатным члавекам, Сышчыкам з вялікай літары. Для выездаў на месцы здарэнняў нам быў выдзелены матацыкл К-750 з 20-гадовым тэрмінам эксплуатацыі. Выязджалі на ім і летам, і ўзімку. Сёння цяжка ўявіць, як мы працавалі ў маразы -25, -28 градусаў. Звычайна ў люльцы ляжалі дзве бензалямпы. На месцы здарэння возьмеш тлумачэнні, выйдзеш на двор, а матацыкл абледзянеў. Пагрэеш лямпай -- і едзеш далей. Завірухі, сумёты, паводкі не былі перашкодай для сышчыка.

У 1983 годзе я быў прызначаны на пасаду намесніка начальніка РАУС па аператыўнай рабоце. Начальнікам на той час быў Пётр Мікалаевіч Грымута. Я з вялікай павагай адносіўся да гэтага чалавека, здавалася, пад яго кіраўніцтвам можна дасягнуць немагчымага. Пазней, займаючы пасаду ва Упраўленні ўнутраных спраў аблвыканкама, Пётр Мікалаевіч дапамог з будаўніцтвам новага будынка Дзятлаўскага РАУС. І сёння, напярэдадні свята, мы, ветэраны райаддзела, з удзячнасцю віншуем былога кіраўніка з новымі працоўнымі поспехамі на пасадзе галоўнага рэдактара газеты "Міліцэйскі веснік".

Таксама хачу павіншаваць былых супрацоўнікаў аддзела, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны А. С. Урублеўскага і М. А. Трубілу. Дай вам Бог здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Варта ўзгадаць годных людзей, выдатных супрацоўнікаў, якія, на жаль, ужо памерлі: А. Л. Панкевіча, М. Д. Хмурчыка, М. С. Белавуса, Р. І. Раўгейжу, Ф. І. Шостака, І. С. Мацюкевіча, К. У. Уласевіча, Л. І. Жэгалу, В. А. Копаця, Л. П. Ломаця, Я. В. Саваня.

Добрыя словы варта прысвяціць ветэранам працы, якія служылі поплеч са мною, але выйшлі ў запас пазней. Гэта супрацоўнікі, аб службовай дзейнасці якіх можна было б расказаць шмат цікавага: Б. Б. Гурневіч, К. Ф. Жалнерчык, М. У. Лазута, Г. І. Барановіч, А. У. Лазута, В. П. Ліскоў, І. Р. Літавар, У. В. Ціхан, А. А. Юшкевіч, А. І. Альшэўскі, В. М. Якшэвіч, М. П. Шундрык, А. П. Гуз.

Я і цяпер часта заходжу ў аддзел, бачу работу роднага калектыву і ведаю, што службовая дзейнасць знаходзіцца на належным узроўні.

Паважаныя калегі, дарагія ветэраны аддзела ўнутраных спраў! Прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам. Жадаю вам, вашым родным і блізкім шчасця, дабрабыту і моцнага здароўя.

А. ЛАМАКА, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, старшыня савета ветэранаў АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/