Без "лыжкі дзёгцю" не абышлося



Чарговы рэйд па праверцы ўтрымання палосаў ля дарог, адеодаў і месцаў для адпачынку быў праведзены Дзятлаўскай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з рэдакцыяй газеты "Перамога".

У гэты раз мы накіраваліся па маршруце Савічы-Раготна-Казлоўшчына-Дзятлава. Прыемна, што смецце на нашым шляху амаль што не траплялася. Напрыклад, месца для адпачынку "Мядзвінавічы": тут устанавілі новы столік і лавы ля яго, смецце акуратна складзена ў урну. Таксама чысціню мы ўбачылі на ўсіх прыпынках, якія трапляліся на нашым шляху.

Але, па-праўдзе кажучы, без сваей "лыжкі дзёгцю" ў гэтай "бочцы мёду" ўсё ж не абышлося: малюнак чысціні сапсавалі рэшткі драўляных адходаў на трасе М11 "Ліда-Слонім-Быцень" недалёка ад г.п.Казлоўшчына ў напрамку на г. Дзятлава. За парадак на гэтай тэрыторыі адказвае Слонімскае ДЭУ.

Таксама атрымаў заўвагу і міні-палігон для смецця "Колкі" — на тэрыторыі патрэбна зрабіць падбуртоўку смецця. Аднак тое, што тычыцца парадку ўвогуле на гэтых тэрыторыях, без заўваг у Дзмітрыя Балькоўскага не абышлося: неабходна абкасіць траву на прыдарожных палосах і адводах вышэйназванай трасы М11 на адрэзку дарогі Казлоўшчына-Дзятлава.

Адным словам, стан правераных тэрыторый і аб'ектаў атрымаў амаль што "добра". Вось толькі шкада, што пакуль не за адзін рэйд так і не атрымалася вывесці трывалае "выдатна" правераным тэрыторыям. I гэта зразумела, бо спачатку парадак павінен быць наведзены ў галовах, каб пасля матэрыялізавацца наяве. Асабліва ў тых, хто стварае беспарадак.

Д. БАЛЬКОЎСКІ, начальнік Дзятлаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя
Н. ВОЛЬНАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/