Бізнес-лэдзі з Дзятлава



Ніна Ганчар пачала свой узыход на гандлёвы Алімп даўно, калі ўсе, што называецца, жук і жаба цягалі ў Польшчу торбы з таварамі. Працавала яна тады поварам у Дзятлаўскай сталовай і, назарабляўшы адгулаў і ўзяўшы з сабой старэйшага сына, імчалася за бугор, па шчасце. Жанчына добрая і незайздрослівая, яна не баялася канкурэнтаў і брала з сабой "у заробкі" ўсіх, хто хацеў. Мне таксама вельмі карцела. І не так зарабіць, як паглядзець тую Польшчу.

І вось аднойчы сцюдзёным зімовым ранкам, што, здавалася, нават паветра трашчыць ад марозу, мы высадзіліся з багажом у польскай Сакулцы на вакзале. З цягніка Гродна—Беласток вываліў вялізны натоўп. З аднаго Дзятлава, можа, чалавек пятнаццаць. Як ішлі па вуліцы — не перадаць словамі. Бурлакі на Волзе і то выглядалі лепш. Кожная запрэжана ў спецыяльную самаробную цялежку, а на плячах рукзак з запалкамі і электрычнымі лямпачкамі. Палякі смяяліся з нас і кпілі, але што для нас тыя кпіны, калі мы рабілі бізнес.

Стаяць на дзікім марозе было нясцерпна. Тым больш што ў мяне ніхто нічога не купляў. А Ніна Пятроўна пачувалася тут як рыба ў вадзе. То падміргне пакупніку хітравата-гарэзлівым вокам, расквеціўшы на твары ўсмешку, то пажартуе.

Калі ў мяне замерзлі не толькі рукі і ногі, але нават вусны не хацелі варушыцца, я папрасіла Ніну Пятроўну:

— Завядзі мяне, калі ласка, на начлег… Не магу больш…

І яна, кінуўшы тавар на суседку-гандлярку, павяла да знаёмых паноў, а сама зноў пайшла на кірмаш і вярнулася толькі добрым прыцемкам.

Назаўтра раніцай мы накіраваліся на вакзал. Я для таго, каб ехаць дадому, бо перахацелася ўжо і заробкаў, і Польшчы, а Ніна Пятроўна і ўсе астатнія падаліся ў Беласток гандляваць далей.

Цягаючы торбы з таварам бясконцае мноства разоў, яна, нарэшце, заснавала свой "бізнес" у Дзятлаве: паставіла на рынку доўгі і шырокі стол і пачала гандляваць усякай драбязой: "снікерсамі" і алоўкамі, жвачкамі і шакаладкамі, шпількамі і рознымі сувенірамі. Раніцай раскладзі тавар, вечарам збяры. У дождж накрывала гэтую сваю драбязу цыратай, а сама хавалася ў плашч. Ад спёкі хавацца не было куды, і яна пяклася на сонцы, загарэўшы да чарнаты. Шчасце было, калі прыдбала паласатую палатку.

Шмат часу прайшло, пакуль Ніна Пятроўна займела невялічкі ларок у цэнтры горада, непадалёку ад плошчы, стала ў рад з такімі ж дробнымі гандлярамі, як і сама. Яна прадае напоі, сокі, шакаладкі, фрукты, спецыі і рознае іншае. Цесната ў ларку — не павярнуцца. Але Ніна Пятроўна прывыкла. Асабліва напружаны ў яе час вясной і летам, калі гаспадыні купляюць на гадоўлю маладняк птушкі. Тады яна, не раўнуючы, як тая мнагастаночніца: то прадае тавар у ларку, то бяжыць на вуліцу, дзе стаяць скрынкі з куранятамі, качанятамі, ляжыць у мяшках камбікорм, а на спецыяльнай падстаўцы ў рулонах наматана плёнка для агародаў. Невысокая, рухавая, шустрая, яна паспявае ўсюды.

У цёплы час года гэтая бізнес-лэдзі ўстае ў пяць гадзін раніцы. Бярэ матыку і ідзе на агарод. Мала таго, што каля хаты, а то яшчэ і за горадам граду ўзяла. Поле, акучвае, палівае. Управіўшыся там, бяжыць дадому, бо трэба даглядаць гаспадарку. І куранят ды качанят карміць, якія стаяць у спецыяльнай загарадцы. Потым сын падвязе іх да ларка, на продаж, бо сама туды ўжо не давалачэ. І то сказаць: ужо восем гадоў, як Ніна Пятроўна на пенсіі. Але спакой ёй толькі сніцца. І яшчэ, відаць, доўга будзе толькі сніцца.

Добрая і чулая душа гэтай жанчыны заўсёды адклікаецца на чужы боль. Ведаю, што ўсякі раз, калі ў Дзятлаве збіралі грошы на лячэнне хворых дзетак, Ніна Пятроўна давала не шкадуючы. Ды яна не толькі людзей шкадуе, але і ўсё жывое на зямлі. Непадалёку ад яе дома ёсць буслянка. Аднойчы летам адтуль вывалілася маленькае бусляня, жоўценькае такое, з чорнай дзюбкай. Добрая кабета падабрала яго і зберагла ад згубы. Бусляня было маленькае, але вельмі пражэрлівае. Гаспадыня і рыбу яму купляла, і хадзіла з сачком на сажалку лавіць галавасцікаў.

— Гадзіну боўтаюся ў вадзе, кінуўшы ўсе справы. Налаўлю, а яно ў імгненне вока праглыне і яшчэ просіць, — заклапочана казала яна. А потым вырашыла малое птушаня назад у буслянку засадзіць. Але як? Высока вельмі, і сукоў на дрэве няма. Толькі ля вершаліны. Пайшла Ніна Пятроўна па Дзятлаве шукаць дапамогу. І ў МНС была, і ў ахоўнікаў прыроды. Праўда, адгукнуліся на яе просьбу. Аднойчы да буслянкі пад'ехала машына з вялікім пад'ёмнікам. Два мужчыны сталі ў яго і падняліся ўверх. Але як падняліся, так і спусціліся, не паклаўшы бусляня ў гняздо.

— А там дарослыя буслы сядзяць. Яны могуць нас пакляваць, — паскардзіліся Ніне Пятроўне. І ў гэты час прыйшоў дадому яе малодшы сын Сяргей. Ён узяў за пазуху бусляня і з пад'ёмніка паклаў яго ў гняздо.

Яшчэ адзін клопат ёсць у Ніны Пятроўны. Не клопат нават, а боль: на працягу многіх гадоў у яе доме жыве паралізаваная маці, якой пад дзевяноста гадоў. Некалькі разоў на дзень, замкнуўшы ларок, яна бяжыць паглядзець старэнькую. Пакарміць, прыбраць. Добра, што дом недалёка ды сыны і нявесткі дапамагаюць. А яшчэ вельмі сумуе па дачцэ Але. Яна працавала выкладчыцай мовы ў адным з універсітэтаў, а потым разам з мужам і дзецьмі паехала жыць у далёкую Канаду.

Праўду кажуць расіяне: "От трудов праведных не наживешь палат каменных". Так і Ніна Пятроўна. Як жыла яна ў старой хаце, так і жыве. Праўда, і сынам і ўжо даросламу ўнуку дапамагае. Гэтым і цешыць сябе.

Яна ці не першай адчыняе свой ларок у гандлёвым радзе і ці не апошняй зачыняе. Паволі ідзе дадому, бо за дзень расходуе ўсю сваю энергію. Адпачне — і заўтра зноў сюды, на вуліцу Савецкую, у маленькі ларок. Рабіць свой дробны, драбнюсенькі бізнес.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/