“АВАРЫЙНАЯ БРЫГАДА – НА ВЫЕЗД!”



Для жыхароў кожнага шматкватэрнага дома стала ўжо звычайным пры першай жа праблеме з ацяпленнем, вадой ці каналізацыяй набіраць нумар дыспетчара жыллёва-камунальнай службы. Паступіла заяўка – і аварыйная брыгада спяшаецца выехаць на месца здарэння.

-- Ніколі яны не адмовяць у дапамозе, заўсёды рэагуюць аператыўна, – толькі станоўча характарызуюць аварыйную брыгаду жыхары дамоў па вуліцах Клары Цэткін, Перамогі і Чырвонаармейскай. – Здаралася, і раніцай выклікаем іх на дапамогу, і напрыканцы змены, каля васьмі гадзін вечара. Заўсёды прыедуць, усё адрамантуюць.

Праца ў аварыйна-дыспетчарскай службы напружаная: па буднях брыгада працуе з 8 да 20 гадзін, у выхадныя дні таксама вядзецца дзяжурства. Па заяўках насельніцтва выязджаюць слесары-рамонтнікі, сантэхнікі, якім трэба спрацаваць не толькі якасна, а і галоўнае – аператыўна. Але, як ні дзіўна, самым складаным у сваёй прафесіі яны лічаць не напружаны працоўны графік, не выезды на аварыі ў любы дзень і час сутак і нават не цяжкія часам рамонтныя работы ў добрае і кепскае надвор’е, а штодзённую працу з людзьмі, рознымі па характары, запытах і паводзінах. Маўляў, прыязджаеш па
заяўцы і не ведаеш, у якім настроі цябе сустрэнуць.

-- Аварыйная служба камунальнай гаспадаркі – заўжды на перадавой, – заўважае пра калег дырэктар РУП ЖКГ Сяргей Луня. – У брыгады – самы адказны ўчастак работы, бо яны першыя рэагуюць на заяўкі і скаргі насельніцтва.

Акрамя гэтага, праводзіць брыгада і планавы рамонт цеплавых вузлоў у шматкватэрных дамах, падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона, якая прыносіць свой плён: за працяглую, амаль чатырохмесячную зіму ні разу з-за аварыі не пакінулі горад без ацяплення.

Калі няма аварый, брыгада не сядзіць на месцы: можна іх сустрэць на розных участках працы камунальнай гаспадаркі. Да таго ж, гаспадарчым спосабам выконваюць капітальны рамонт на сваім рабочым месцы: каб і самім работнікам камфортна пачувалася на дзяжурстве.

Дванаццаты год на чале аварыйнай брыгады – Мікалай Пятровіч Ступчык, граматны і вопытны кіраўнік. Ён нават жартуе, што адчувае сябе ў калектыве ветэранам. У брыгадзе, дзе працуе пераважна моладзь, ён і бацька, і старэйшы таварыш, і патрабавальны кіраўнік.

-- Добры, вясёлы, спагадлівы, душа любой кампаніі, – характарызуюць яго падначаленыя. – Але, што тычыцца працы – тут Мікалай Пятровіч для нас неаспрэчны аўтарытэт, строгі і патрабавальны.

А кіраўніцтва цэніць Мікалая Пятровіча за тое, што ён надзвычай адказны ў працы: любую справу даводзіць да свайго лагічнага завяршэння. Здаралася, што ён не толькі разам з брыгадай ліквідуе аварыю, але і праводзіць з жыхарамі дома прафілактычную гутарку, тлумачыць ім “на пальцах”, як не дапусціць зноў такой сітуацыі.

Хтосьці з работнікаў аварыйна-дыспетчарскай службы сустрэне сваё прафесійнае свята на рабоце, а каму і пашанцуе яго адсвяткаваць дома, з роднымі. На пытанне, які падарунак да свята будзе самым каштоўным, удзельнікі брыгады, не раздумваючы, адказваюць:

-- Адсутнасць скаргаў ад насельніцтва – лепшы падарунак для нас.
А нязменнае пажаданне калегам – моцнага здароўя. Бо калі ёсць здароўе, ёсць і настрой працаваць.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/