АТРЫМАЛІ ЮБІЛЕЙНЫЯ МЕДАЛI



У рамках патрыятычнай акцыі “Раўненне на Перамогу” былі ўручаны чарговыя юбілейныя медалі “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вязням канцлагерау, турмаў, гета і іншых месцау прымусовага ўтрымання.

70 ГАДОЎ ПЕРАМОГІ І ВЕК ЖЫЦЦЯ

Менавіта такімі юбілеямі адметны гэты год для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Андрэевіча Дзікалава. Павіншаваць і ўручыць юбілейны медаль “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” абаронцу Радзімы сабраліся старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Іван Крахмальчык, ваенны камісар ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец, старшыня раённага савета ветэранаў Леанід Кашко, прадстаўнікі РДК і вучні сярэдняй школы №3 горада Дзятлава.

Абаронца ўдзельнічаў яшчэ і ў фінскай вайне. Ваяваў за Севастопаль, абараняў Каўказ і дайшоў да Кёнігсберга. Менавіта за такі гераізм Іван Андрэевіч удастоены ордэнаў Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны першай ступені, шматлікіх медалёў - “За ўзяцце Берліна", “За абарону Каўказа", “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” і юбілейных медалёў.

У Парэцкім сельскім савеце юбілейныя медалі былым вязням уручыў старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка, члены пярвічнай арганізацыі ГА "БРСМ” СВК “Хвінявічы”, а работнікі РДК і вучні Хвінявіцкай школы песнямі і вершамі дзякавалі абаронцам за перамогу.

У Хвінявічах юбілейны медаль “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” атрымала Надзея Палуян. Яна ў ваенны час была адпраўлена на прымусовыя работы ў Германію. У Накрышках пры святочных абставінах юбілейны медаль уручылі Валянціне Башко.

ЯЕ НАПАТКАЎ ЦЯЖКІ ЛЁС

А ў вёсцы Чырвоны Бор атрымала юбілейны медаль былы малалетні вязень Ганна Шурко. Дзяцінства жанчыны прайшло пад прыгнётам фашысцкіх захопнікаў. Яна родам з вёскі Яруцішкі, што ў Слонімскім раёне. 3 успамінаў Ганны Васільеўны мы даведаліся пра яе няпросты лёс.

Калі пачалася вайна, з вёскі, дзе яна жыла, на прымусовыя работы былі забраны 11 чалавек, у тым ліку і Ганна з сястрой Любай. У трынаццацігадовым узросце жанчыне прыходзілася выконваць непасільную нават мужчыне работу - капаць акопы, высякаць лёд, насіць цэглу, будаваць дамы. Пра тое, каб збегчы, у дзяцей не было і думкі, бо немцы прыгразілі забіць бацькоў.

Жанчына ўзгадвае: "Калі нас прыгналі ў Нюрнберг, то адразу ж выдалі бардовыя сукенкі з асабістымі нумарамі ды драўляныя, як мы называл! “шуе" (менавіта так калькай з нямецкай перакладаецца абутак). Жанчына з сястрой знаходзілася ў лагеры на працягу трох год. Затым з Нюрнберга іх перавялі на бераг Балтыйскага мора. Да Калядаў вязні начавалі на саломе, потым іх пераводзілі ў баракі. Пра тое, што ім цяжка, скардзіцца не даводзілася, трэба было выконваць загады. Нягледзячы на тое, што дзяцей прымушалі да цяжкай фізічнай працы, ім яшчэ прыходзілася збіраць целы загінулых і грузіць іх на машыны.

Ганна Васільеўна гаворыць: "Есці не было чаго, бывае, даставалі шалупінне ды адходы, але травіліся многія пасля такой ежы. Мы хадзілі красці бульбу ў салдатаў, а потым амаль на кіламетр адыходзілі ў лес і варылі, каб дым ніхто не ўбачыў. Так і жылі, у голадзе і холадзе".

Пасля вайны, у шаснаццацігадовым узросце, жанчына пайшла працаваць у калгас. Там яна і пазнаёмілася з будучым мужам. цяпер Ганна Васільеўна акружана любоўю сваіх родных і блізкіх - сына і дачкі, шасці ўнукаў і шасці праўнукаў.

За нялёгкі лёс, які прыйшлося перажыць дзіцяці, Ганну Шурко ўзнагароджваюць юбілейнымі медалямі, таксама жанчына з'яўляецца ветэранам працы.

Л. СУР’ЯНІНАВА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/