АСЕННІ СЕЗОН ПАЛЯВАННЯ - 2013



У адпаведнасці з правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання з 1 кастрычніка па 30 снежня адкрыта паляванне на лася, аленя высокароднага, дзіка, казулю любога полу і ўзросту загонам і з сабакамі – у светлы час сутак, з засады і з падыходу – на працягу сутак. Пры паляванні дазволена выкарыстоўваць для лася, аленя, дарослага дзіка старэйшага за 2 гады – наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 3000 джоўляў і гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем толькі кулявых патронаў; для казулі і маладняка дзіка да двух гадоў – наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоўляў і гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем кулявых патронаў і патронаў, зараджаных карцеччу дыяметрам 6,5 мм і больш; паляўнічых сабак – пароды па дазволе карыстальніка паляўнічых угоддзяў.

З 1 верасня па 31 снежня адкрыта паляванне на бабра рачнога і выдру рачную любога полу і ўзросту, у светлы час сутак, ружэйным і бязбройным спосабам, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі. Пры паляванні дазволена выкарыстоўваць наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоўляў і гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем кулявых патронаў і патронаў, зараджаных шротам дыяметрам 5 мм і больш, пасткі (акрамя петляў), сачкі, пасткі №5-7, паляўнічых сабак: тэр’еры, таксы, лайкі, шпіцы і прымітыўныя пароды, выжлы, спаніэлі, рэтрыверы, водныя сабакі.

З 1 кастрычніка па 31 студзеня адкрыта паляванне на андатру і норку амерыканскую любога полу і ўзросту, у светлы час сутак, ружэйным і бяззбройным спосабам. Пры паляванні дазволена выкарыстоўваць гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем патронаў, зараджаных шротам, пасткі №0-3, пасткі (акрамя петляў), паляўнічых сабак: тэр’еры, таксы, лайкі, шпіцы і прымітыўныя пароды, выжлы, спаніэлі, рэтрыверы, водныя сабакі.

З 5 кастрычніка па 27 кастрычніка адкрыта паляванне на зайца-беляка і зайца-русака любога полу і ўзросту, у светлы час сутак, ружэйным спосабам з гончымі сабакамі. Пры паляванні дазволена выкарыстоўваць гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем патронаў, зараджаных шротам, паляўнічых сабак: ганчакоў, якія маюць палявы дыплом па зайцу і(або) лісіцы. Пры паляванні ружэйным спосабам на зайца-русака, зайца-беляка ў асенні сезон палявання з адным гончым сабакам, які мае палявы дыплом па зайцу і (ці) лісіцы, могуць паляваць да трох паляўнічых. У паляўнічых пуцёўках у радку “Асаблівыя ўмовы” ўказваецца парода, мянушка сабакі, прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку ўладальніка, нумар і іншыя даныя рэгістрацыйнай карткі. У аднаго з паляўнічых пры правядзенні палявання павінны быць дакументы на сабаку (сабак) і дакументы, якія пацвярджаюць атрыманне сабакам (сабакамі) дыплома, або сам дыплом.

Дапускаецца здабыча дзікіх жывёлаў непажаданых відаў у парадку, устаноўленым Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. З 15 кастрычніка па 15 ліпеня ўступае ў сілу забарона на лоўлю рака вузкапалага.

У сувязі з існуючымі фактамі парушэнняў Правілаў вядзення паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі, палявання і рыбалкі, з мэтай хуткага і аператыўнага рэагавання па затрыманні правапарушальнікаў у Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету кругласутачна працуе тэлефон “Гарачай лініі” 8-01562-2-48-64, па якім можна паведаміць аб вядомых парушэннях у галіне аховы і выкарыстання жывёлаў, якія адносяцца да аб’ектаў палявання і рыбалоўства, а таксама драўнінна-хмызняковай расліннасці і дзікарослых раслін, якія выкарыстоўваюцца ў нарыхтоўчых мэтах у паляўнічых, рыбалоўных угоддзях, на асабліва ахоўваемых тэрыторыях. У зону адказнасці інспекцыі ўваходзяць Слонімскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі раёны.

Ананімнасць атрыманай інфармацыі гарантуем.

Г. ШЛЫКОВІЧ, начальнік Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/