АПОСТАЛ ПІЛІП – ВУЧАНЬ ХРЫСТА



28 лістапада ў царкоўным жыцці пачынаецца асаблівы перыяд – час Каляднага посту. Другая назва гэтага саракадзённага адрэзка часу – Піліпаў пост (па-народнаму Піліпаўка), у гонар аднаго з апосталаў, вучняў Збаўцы Піліпа, памяць якога царква шанавала напярэдадні, 27 лістапада.

Святы апостал паходзіў з багатай сям'і, якая жыла ў Віфсаідзе Галілейскай, што знаходзілася ў паўночнай частцы Палесціны, каля гарадоў Капернаума і Харазіна. Святы апостал Піліп -- адзін з нямногіх вучняў Госпада, хто з ранняга дзяцінства атрымаў добрую адукацыю.

Навучаны Святому Пісанню і ведаючы шматлікія прароцтвы аб хуткім прышэсці Месіі, Піліп усім сэрцам пажадаў убачыць Збаўцу, а калі гэта адбылося, паверыў і пайшоў услед за Боскім Настаўнікам, адгукнуўся на заклік: «ідзі за Мною» (Ін. 1,43). Больш таго, ён прывёў да Госпада свайго сябра Нафанаіла. «Мы знайшлі Таго, пра Каго пісалі Маісей у законе і прарокі, Ісуса, Сына Іосіфавага, з Назарэта» – тады ён першы раз засведчыў сваю веру (Ін.1,45).

Пазней святы апостал Піліп неаднаразова сваёй працай і пропаведдзю пацвярджаў тое, што толькі Хрыстос і вера ў Яго як Выратавальніка, Збаўцу чалавечага роду не толькі здольная вылечыць ад невылечнай хваробы, але і вярнуць да жыцця памерлага чалавека. Ён нястомна сведчыць аб Боскім Настаўніку, паварочваючы жыхароў Галілеі, Аравіі, Эфіопіі, Сірыі, Малой Азіі ад сляпога паганства да сапраўднага вучэння.

Разам з тым, чытаючы Евангелле, мы бачым, як аднойчы, пасля Тайнай Вячэры, Піліп адважыўся спытаць Госпада аб вялікай таямніцы Бажаства: «Госпадзі! Пакажы нам Айца, і дастаткова для нас!» (Ін. 14:8). Некаторыя лічаць, што апостал ад імя ўсіх вучняў Госпада просіць зрабіць гэта па недахопе веры, па няведанні, што ў Хрысце тоіцца Бажаство. Але гэта думка памылковая.

Апосталы разумелі, што перад імі Месія. Пацвярджэннем таму могуць быць шматлікія месцы са Свяшчэннага Пісання: Мф. 14,33; Ін. 1,49; Мф. 16,16 і інш. Яны прасілі Сына Божага паказаць ім Нябеснага Айца, як некалі Маісей прасіў Бога паказаць яму Сваё Аблічча, і бачыў славу Божую. Апосталам таксама была раскрыта слава Айца праз вучэнне і справы ўлюбёнага Сына Божага Ісуса Хрыста.

Сёння чалавек яшчэ больш далёкі ад сапраўднай веры, але імкненне спазнаць Бога не знікла. Гэтак і блукае вышэйшае тварэнне ў пошуках свайго Стваральніка, забываючы словы, сказаныя некалі Самім Збаўцам у адказ на просьбу апостала Піліпа: «Гэтулькі часу Я з вамі, і ты не пазнаў Мяне, Піліп? Хто бачыў Мяне, той бачыў Айца; як жа ты кажаш: «пакажы нам Айца»? Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, якія Я гавару вам, Я не ад Сябе гавару; Айцец, які ўва Мне, Ён здзяйсняе справы; верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне" (Ін. 14:9-11).

Апостал Піліп сілай Божай, імем Ісуса Хрыста здзяйсняў цуды. У Грэцыі ён уваскрасіў ужо памерлага чалавека, у Сірыйскім горадзе Азоце вылечыў ад хваробы вачэй дачку вандроўніка-прыімцы Нікакліда Харыціну, у Іерапалі Сірыйскім уваскрасіў нябожчыка і вылечыў кіраўніка горада Арыстарха. Такіх дзівосных выпадкаў у жыцці апостала было нямала. Але «цуды патрэбныя для няверуючага» – сказаў хтосьці са святых. Веруючаму не патрэбны цуды, бо кожнае імгненне яго жыцця – цуд.

У Іерапалі Сірыйскім з удзелам апостала Піліпа адбыўся цікавы па-сваім характары выпадак.

Пасля таго, як святы апостал у Іерапалі па патрабаванні народа здзейсніў цуд уваскрашэння, Феафіл (так звалі памерлага) сказаў: «Дзякую табе, святы слуга Божы, што выратаваў мяне ў гэты момант ад вялікага зла: два чорныя і смярдзючыя эфіопы пацягнулі мяне, і калі б ты не прадухіліў і не вызваліў мяне ад іх, то я быў бы звергнуты ў змрочны тартар». Гэтыя словы – яшчэ адно пацвярджэнне таго, што як бы мы ні адмаўляліся ад існавання вечнага жыцця пасля таго, як наша знаходжанне на гэтай зямлі перапыніцца, пасмяротнае быццё існуе. Але ці шмат хто з нас гатовы да сустрэчы з вечнасцю? Бестурботнасць аб вечным – галоўная хітрасць д'ябла для няверуючага чалавека. Не задумваючыся аб тым, што аднойчы за кожны ўчынак, кожнае слова, нават кожную думку мы будзем несці адказнасць перад Усёвідушчым Вокам, мы, самі не ведаючы, рыхтуем сабе пагібель.

У Іерапалі святы апостал заснаваў царкву, паставіўшы епіскапам Іра, аднаго ўплывовага і набожнага грамадзяніна, які аказаў дапамогу вучню Госпада ў час яго знаходжання у горадзе.

У Іерапалі кіраўнік горада Ніканор святога апостала аддаў на пакутніцкую смерць праз распяцце. Гэта здарылася ў 90-м годзе ад Нараджэння Хрыста. Апосталу было восемдзесят сем гадоў. Складаны для хрысціян гэта быў час. У Рыме валадарыў імператар Дамецыян, які “праславіў” сваё імя жорсткімі ганеннямі на паслядоўнікаў хрысціянскага вучэння. Мошчы святога Піліпа каля 560 года былі перанесеныя ў Рым. Цяпер яны знаходзяцца ў храме дванаццаці апосталаў.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/