Апошні след



Сну не было. Аліна Язерская ціхенька, каб не разбудзіць мужа, кішэнным ліхтарыкам пасвяціла на гадзіннік. Было дзве гадзіны ночы...

Зірнула ў баковачку, дзе стаяў сынаў ложак. Пуста. Хоць з вечара яны з Антосем і прапалілі печку, аднак у старой хаце цяпло не трымалася. Падлога была што лёд. Яна зноў зашылася пад коўдру і хацела толькі аднаго: заснуць, забыцца пра ўсё. Лепш, каб заснуць назаўсёды, каб перарвалася нітка яе пакутлівага жыцця…

Некалі, у маладосці, яны з Антосем марылі, каб у іх нарадзілася трое дзетак — дачушка і двое сыночкаў. І маме дапамога была б, і тату, бо як жа ў вёсцы без мужчынскай сілы. І Бог нібы пачуў іхнія словы. Першай нарадзілася Верачка, а праз два гады Вася, яшчэ праз тры — Андрэйка. Верачка з першага класа была старанная да вучобы. Пасля школы скончыла інстытут, працавала інжынерам у Гродне.

Хлопцам вучоба не вельмі давалася, затое рукі мелі залатыя. За што ні возьмуцца — зробяць. Яны вучылішча скончылі. Адзін стаў токарам, другі зваршчыкам. Пажаніліся, дзетак гадавалі. У аднаго два хлопчыкі былі і ў другога.

Як ні перабірала Аліна ў памяці, як ні імкнулася зразумець, чаму яе хлопцы раптам пачалі піць — не разумела. Спачатку Каця, жонка малодшага сына, пазваніла:

— Андрэй мала калі бывае цвярозы. Прыйдзе з калгаснай работы п'яны і спіць. А ў нас жа двое малых дзяцей, сякая-такая гаспадарка. Цяжка мне адной з усім упраўляцца.

У той жа дзень яны з Антосем пайшлі ў суседнюю вёску Далінкі, дзе меўся быць аграгарадок і дзе жыў сын Андрэй з сям'ёй. Ён кінуў работу раней часу і п'яны ўжо спаў дома. Яна як глянула на яго твар — худы, белы, зарослы шчацінай — то ажно не па сабе стала.

— Нейкі ён страшны ў твары, Кацечка. Ці не хворы? — занепакоена звярнулася да нявесткі.

— Нічога яму не зробіцца! — груба адрэзала тая. — Не памрэ. Хутчэй сваім п'янствам мяне ў магілу загоніць.

З таго дня няшчасная маці нібыта перастала жыць, а цягнула нейкае пакутлівае існаванне, бо куды б ні ішла, што б ні рабіла, у галаве была адна думка: як выратаваць ад п'янства Андрэйку, чым дапамагчы. А тут і ў самой здароўе хібанула: падняўся крывяны ціск, з перабоямі стала працаваць сэрца. Дактары паклалі ў раённую бальніцу. Толькі яна зайшла ў палату, толькі кінула ў тумбачку рэчы, якія ўзяла з сабой, як медсястра паклікала ў калідор:

— Вас там нейкая жанчына пытае.

Выйшла і ўбачыла братавую. Яна была збянтэжаная і спалоханая:

— Аліна, збірайся дадому. Андрэй памёр…

Ёй зрабілі ўкол, далі з сабой нейкіх таблетак. Мабыць, ад гэтых лекаў яна мала што памятае. Як праз сон успамінае пахаванне сына, яго маленькіх дзетак каля труны, заплаканую Кацю, якая, напэўна, ужо не раз раскаялася ў сваіх жорсткіх словах, што некалі сказала пра Андрэя.

З пахавання Аліна трапіла ў бальніцу. Гора яе павысілася, бо на пахаванні малодшага сына ўбачыла, як цягнецца да чаркі і старэйшы. На памінальнай вячэры куляў адну за адной, а назаўтра раніцай пачаў шукаць пахмелку. Аліна сама застала Васіля ў каморцы, дзе ён піў гарэлку проста з бутэлькі. Цішком расказала пра гэта нявестцы Тані.

— Не хацела я вас турбаваць, бо і так гора хапае, але раз пачалі самі, то скажу: Вася таксама п'е. І, можа, не менш за Андрэя. Добра, што ў нас дзеці амаль дарослыя. Так што, мама, я з ім цырымоніцца не буду: не кіне піць — праганю.

— Куды? — няўцямна спытала старая маці. — Мы ж вам дом у горадзе пабудавалі…

— Дом нікуды не дзенецца. У яго ж дзеці. А я з п'яніцам марнаваць сваё жыццё не буду.

І года не мінула, як нявестка зрабіла тое, пра што казала: развялася з Васілём, і той вярнуўся ў вёску да бацькоў, каб ператварыць і без таго горкае іх жыццё ў сапраўднае пекла.

Уладкаваўся працаваць у адну з будаўнічых арганізацый райцэнтра, што непадалёку ад іхняй вёскі Мірановічы. Можа, і не пайшоў бы на работу наогул, але ж трэба было плаціць аліменты. Першыя дні неяк трымаўся, не піў, і бацькі вельмі спадзяваліся, што ўсё неяк наладзіцца. Але спадзяванні гэтыя былі дарэмныя. У адзін з дажджлівых восеньскіх вечароў да іх зайшоў стары сусед Міхась Купава і сказаў:

— Ваш Васіль ляжыць проста на вуліцы… П'яны, прамок увесь. Я хацеў яго падняць і прывесці дадому, але не даў рады. Пайшлі, Антось, я табе дапамагу, бо ты адзін не справішся.

Яны тады ледзь прыцягнулі Васіля, на якім не было сухой ніткі. Назаўтра Аліна тайком ад мужа дала яму пахмяліцца і адправіла на работу. Баялася, што зноў нап'ецца, але таму ўжо было не да п'янкі: пачаўся кашаль, паднялася высокая тэмпература. З запаленнем лёгкіх Васіля палажылі ў бальніцу.

Крыху ачуняўшы, ён і там прыкладваўся да бутэлькі. Меў з сабой невялікія грошы і ўсе прапіў, лечачыся. Але малады арганізм справіўся з хваробай.

Ён піў больш, чым працаваў. З адной работы прагоняць, уладкуецца на другую. Усё, што зарабляў, — прапіваў. Аліна з Антосем са сваёй невялікай пенсіі кармілі яго, апраналі, плацілі аліменты на ўнукаў, бо баяліся, што сына пасадзяць.

…Аліна круцілася ў чорным віры ўспамінаў, пакуль Антось не ўстаў папіць вады.

— Што, няма? — спытаў, не называючы імя, бо яны абое думалі толькі пра адно: дзе сын?

— Няма. Можа, апранемся ды пройдзем па дарозе да шашы, паглядзім?

— Давай пройдзем.

Але далёка ісці не прыйшлося. Васіль ляжаў на вуліцы, праз дзве хаты ад іхняй. Даўно ляжаў. Вёска, у якой засталося ўсяго некалькі нямоглых старых, спала. Церушыў снег. У святле месяца Аліна ўбачыла, што ён не раставаў на сынавым твары. След Васіля цягнуўся не ад шашы, а недзе з загуменняў. Няроўны, збэрсаны. Гэта быў яго апошні след на зямлі…

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/