Апавяданні



ДЗЁННАЯ ЗОРКА

Аля з мамай ішла ў дзіцячы сад.
Дзяўчынка – кемлівая і дапытлівая, любіць прыдумваць розныя небыліцы. Для яе феі і гномы такія ж рэальныя, як і людзі ў родным горадзе.
Ранішняе сонца ласкава грэла твар. Лёгкі ветрык варушыў на галаве шаўковыя банцікі. Аля, як заўсёды, з цікавасцю глядзела па баках. Яны праходзілі якраз праз пляцоўку, дзе будавалі жылы дом. Сюды-туды ездзілі машыны з грузам. Пад’ёмны кран паварочваў над домам доўгую стралу з бетоннай плітой.
– Мамачка, глядзі – зорка! – закрычала раптам Аля і паказала рукой на дом.
На трэцім паверсе, у акне, вісела вялікая зорка. І ззяла так ярка, што на яе балюча было глядзець.
– Адкуль яна? – здзівілася Аля. – Удзень жа зоркі хаваюцца, спяць.
– Гэта не зорка, дачушка, – сказала мама. – Так адбіваецца ў аконнай шыбе сонейка.
– Не, мамачка, гэта зорка. Чароўная зорка! Як і тая, што выканала маё жаданне. Памятаеш, мы глядзелі вечарам, як падала яна з неба. І ты сказала, што трэба загадаць жаданне, пакуль зорка не згасла. Я загадала, і маё жаданне збылося.
Мама ўсміхнулася. Яна ведала пра тое Аліна жаданне і сама падарыла тады ёй кацянятка.
– Гэта чароўная зорка! – паўтарыла Аля. – Яна ўсю ноч выконвала жаданні дзяцей. І так стамілася, што не змагла падняцца ў неба.
“Фантазёрка! – парадавалася мама. – Новую казку складае”.
– Бедная зорка! – спачувала Аля. – Няўжо так і будзе вісець да самай зімы? Яна ж замерзне!.. Давай падумаем, мамачка, як дапамагчы ёй.
– Тут, дачушка, твае феі і гномы не дапамогуць. Сіл у іх не хопіць. Патрэбен нехта іншы, магутны і высокі.
– Я ведаю, як дапамагчы зорцы, – ажывілася Аля. – Давай паклічам пад’ёмны кран. Ён зачэпіць зорку за праменьчыкі сваім жалезным крукам, разгайдае і закіне на неба, як мячык.
Сонца тым часам схавалася за хмарку, і зорка знікла ў аконнай шыбе на трэцім паверсе.
– Пачакай, дачушка, – спынілася мама. – А дзе ж наша зорка?
– Ой, мамачка! Яна ж толькі што была там, у акне. Позна мы ўспомнілі пра пад’ёмны кран. Прапала, зорачка, прапала…
Аля ледзь не плакала. Мама прытуліла яе да сябе, супакоіла:
– Не, дачушка, не прапала. Яна, пэўна, добра адпачыла і нарэшце сама
паднялася на неба.
Аля павесялела і спытала:
– А зорка прыляціць яшчэ да нас, на зямлю?
– Абавязкова прыляціць, дачушка, – запэўніла мама. – І выканае тваё новае жаданне…
Так непрыкметна дайшлі яны да дзіцячага сада. Аля пацалавала маму і пабегла ў сваю групу, да сябровак, каб расказаць ім пра дзённую зорку.

КАНЕЦ – СПРАВЕ ВЯНЕЦ

У адным сяле жылі дзве дзяўчынкі – Леся і Руслана. Блізняты, яны былі падобныя, як дзве кроплі вады. Нават бацька не мог іх адрозніць, толькі маці ніколі не памылялася. А вось у працы Леся і Руслана адрозніваліся: немагчыма было паверыць, што яны ў адзін дзень нарадзіліся і ў адных бацькоў выхоўваліся. Пачне Леся кукурузу палоць, праз паўгадзіны і кіне. Пойдзе сланечнік паліваць, прынясе вёдраў колькі вады – і бяжыць хату падмятаць. Бывае, што і падмяце, аднак жа смецце ў шуфлік не збярэ, іншы занятак знаходзіць. А Руслана не толькі сваё паробіць, але заўжды і за Лесяй даробіць. Нахваліцца не маглі бацькі Русланай, і суседзі добрым словам яе ўзгадвалі. Крыўдавала Леся, ды паступова і яна зразумела: “Не той малайчына, хто пачынае, а той, хто заканчвае”.

Вершы

АРЭХАЎКА
Як лес начны гудзе,
У сне яна не чуе:
З арэхамі ў гняздзе
Арэхаўка начуе.

ДЗЯЦЕЛ

Сасонніку спрасоння
Чуцён мышыны пошчак:
То дзяцел дзюбай сёння
Друкуе ліст на пошту.

ЗЯЗЮЛЯ

Для зязюлі шэрай бор
Даць прытулак згодны.
Там зязюля з даўніх пор
Лічыць год за годам.

КНІГАЎКА

Робіць кнігаўка кругі
Там, дзе бусел клыгаў.
І чутно яе: кі-гі! –
Па складах чытае кнігу.

ЛАСТАЎКА

Здалёк яны відаць,
Ды можна з ліку збіцца:
Сядзяць на правадах,
Як пацеркі на нітцы.

МАЛІНАЎКА

Ты прыгледзься: дзень пры дні
Пад аховай кветак
Тут малінаўка на пні
Корміць сваіх дзетак.

ЦЕЦЯРУК

Цецярук – палян сябрук.
Лес калі пяе і свішча,
Штось мармыча цецярук
Зноў на такавішчы.

Казкі

ЯК КНІГІ ДЗЯЎЧЫНКУ ВЫХАВАЛІ

Бацькі часта куплялі Тані кнігі. Але дзяўчынка не берагла іх. Размалёўвала старонкі, загінала лісты, нават выдзірала.
Аднойчы Таня атрымала ў школе новыя падручнікі. Прыйшла дадому. Шпурнула партфель у кут і адразу пра яго забылася.
Уначы новыя кнігі ніяк не маглі заснуць: перажывалі, што ў іх такая неахайная гаспадыня. Нечакана загаварыла вялікая абшарпаная кніга, якую Тані падарылі летась:
– Як мне вас шкада! Сёння вы такія прыгожыя, акуратныя, але неўзабаве будзеце такімі ж бруднымі ды падранымі, як і я… Мабыць, думаеце, што я старая? Гэта не так. Таня зрабіла мяне такой.
– Дык што ж рабіць? Як быць?
Нечакана загаварыў Буквар:
– А зробім вось што. Калі Таня разгорне кніжку, няхай усе літары пачнуць скакаць з месца на месца. Тады яна ніводнага слова не прачытае.
На тым і дамовіліся.
На наступны дзень дзяўчынка схапіла партфель, закінула ў яго падручнікі і пабегла ў школу. У класе Таня дастала кнігу і пачала абмалёўваць літары, падмалёўваць вусы на партрэтах… Пачаўся ўрок. Вучні разам з настаўніцай сталі чытаць. Таня таксама старалася, але не бачыла літар.
– Чаму ты не чытаеш? – спытала настаўніца.
– Я не ведаю, што з маёй кнігай. Літары не хочуць, каб я іх чытала… Можа, кніга захварэла?
Нечакана пачуўся голас Буквара:
– Вядома, можна захварэць, калі цябе псуюць, размалёўваюць, не берагуць.
Ледзь дачакалася Таня заканчэння ўрокаў. Прыбегла дадому заплаканая, усхваляваная… Глытаючы слёзы, пачала расказваць маці пра свае непрыемнасці.
– Дачушка, мы ж з татам табе казалі, што кніга – вялікі скарб, яго трэба берагчы. Не дарэмна ж народная мудрасць гаворыць: “Кніга маўчыць, а ўвесь свет вучыць”. Давай зараз прывядзём да ладу ўсе твае кнігі.
Маці з дачкой пачалі “лячыць” падручнікі – падклейвалі, абгортвалі, рабілі закладкі, сціралі надпісы ды малюнкі, зробленыя Таняй. Неўзабаве літары перасталі скакаць па старонцы, а стаялі роўнымі радамі.
Цяпер Таня добра ведала, што нельга браць кнігу бруднымі рукамі, загінаць куточкі старонак, слініць пальцы, калі іх перагортваеш…
Старыя і новыя Таніны кнігі пасябравалі. Яны размясціліся поруч на паліцах і заўсёды чакалі сустрэчы са сваёй гаспадыняй.

КАЗКА ПРА КАТА ВАСЬКУ

У адной весцы жыў кот Васька. Паляваў на мышэй, мог і птушку злавіць, у гняздо ўскочыць чыё.
Аднаго разу здарылася бяда: Васька разбіў збан смятаны, з якой гаспадыня масла збіралася рабіць. Шкода гаспадару катка, а гаспадыня крычыць, каб гнаў у шыю. Пайшоў кот прэч.
Полем ішоў, лесам блукаў, рэкі пераплываў. Змарыў яго голад, а тут нечакана бачыць, што пацук на дарозе нешта есць. Ён на яго кінуўся, а той шусь у норку -- і няма, каток толькі ножку зламаў. Сеў ён і плача, ступіць не можа. Бяжыць па полі мышка.
-- Мышка, мышка, дапамажы мне!
-- Як жа я табе дапамагу, калі ты маіх сваякоў знішчаў. Сам сябе ратуй! -- мышка крутанулася на месцы і пабегла сваёй дарогай. Замаркоціўся каток яшчэ больш. Праз колькі часу ляцяць дзве птушкі ў небе. Васька пачаў прасіць іх:
-- Птушкі, даражэнькія, дапамажыце!
-- Як жа мы табе дапаможам? -- адгукнуліся птушкі.
-- А вы вазьміце мяне пад крылы, аднясіце да роднай хаты.
-- Не будзем мы табе дапамагаць, бо ты нашых сваякоў нішчыў!
Паляцелі птушкі, а Васька падпоўз да бліжэйшага куста і застаўся начаваць там. Галодны, змораны, ён адразу заснуў.
А ў гаспадара бяда -- мышы апанавалі так, што ратунку ад іх няма, лезуць з усіх бакоў. Забедавалі гаспадар і гаспадыня, што такога катка прэч пагналі з-за дробязі.
Быў яшчэ ў гэтага чалавека сабака Журык. Убачыў ён, што ў хаце робіцца, пабег Ваську шукаць. Доўга ён шукаў, кожнага стрэчнага пытаў, аднак ніхто яго не бачыў. Толькі праз некалькі дзён знайшоў сябра:
-- Васька, прывітанне, чаго ты тут ляжыш?
-- Ведаеш, Журык, я многае зразумеў: мала я добрага рабіў, а шкоды шмат. А зараз мне ніхто дабра не жадае.
-- Пайшлі да хаты, гаспадары ўжо шкадуюць, што цябе выгналі.
-- Ды я ступіць не магу.
-- Не бяда, залазь мне на спіну, я хутка цябе данясу.
Панёс Журык Ваську праз лясы, палі, рэкі. А вада ў адной рацэ гаючая аказалася, вярнуліся да катка сілы. Ускочыў ён у хату -- мышы ўсе прэч пабеглі, больш не вярталіся. Жыць сталі з тае пары яны яшчэ дружней, Васька толькі на мышэй паляваў, а птушак не чапаў.

Усміхніся!

-- Ну, як жыве твой сабака?
-- Добра. Ён мяне выдатна разумее: калі я прыходжу са школы, ён адразу ж лезе ў мой партфель, дастае дзённік і хавае яго пад ложак!

Пачула маці, што Антон яе плача, выскачыла на вуліцу і пытае:
-- Чаго ты, сынок?
-- Певень на нагу наступіў!
-- То што ж за бяда: певень не конь, нагі табе не скалечыў.
-- Ага, не скалечыў, а пад старасць гэта адгукнецца...

Верш-загадка

ХТО ТАКІ?

Крутарогі, надта ўпарты,
Я – хвалы,
Не жартаў варты,
Бо авечак, не праспаўшы,
Я ваджу на пашу, з пашы.
Вёрткі, чуйны, не драпежны,
Горным я бываю, снежным,
А яшчэ я,
Хто не знае,
Птушкай лётаю, спяваю,
І спявак я непадробны –
На бляянне спеў падобны.
А калі ў сталярню ўзяць –
Дошкі я магу стругаць.
Хто такі я,
Гэткі ўвішны?
Кім ні быў бы –
Вам не лішні.
Каб не ўводзіць вас у зман,
Назавуся сам:
Б….

На стале пісьмовым з мышкай
Першакласнік Стась гуляе.
То ёй хвост прышчэміць крышку,
То далонню прыціскае.
Не крыўдуе мышка тая:
Пад рукой сядзіць хлапечай,
Як прывязаная нечым,
І да мышак не ўцякае…
Хто ж яна, сябры, такая?

Падрыхтавала да друку В. ВАСЬКО

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/