АНЖЭЛА ЛАТУШКА: “МАСТАЦТВА — ГЭТА ШТОДЗЁННАЯ ПРАЦА"



Мастак. Майстар. Настаўнік. Член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Гераіня аднаго з відэаматэрыялау тэлеканала “СТБ” у 2010 годзе. Усё гэта датычыцца Анжэлы Уладзімірауны Латушка, жыхаркі Дзятлава. Сустрэўшыся з ею, карэспандэнтка газеты "Перамога" пагутарыла з майстрам аб творчасці, мастацкіх выставах і творчых планах.


ЖЫВАПІС. КВЕТКІ. ІМПРЭСІЯНІЗМ

— Анжэла Уладзіміраўна, напачатку раскажыце крыху пра сябе.
— Я нарадзілася ў Расіі, у Архангельский вобласці. Туды пасля заканчэння ваеннага вучылішча быў накіраваны служыць мой тата. Там ён пазнаёміўся з мамай. Праз пяць гадоў тату ўжо на пастаянную службу накіравалі ў Літву, горад Шаўляй. Там я вучылася ў мастацкай школе. I ўжо ў той час зразумела, што сваю будучыню хачу звязаць менавіта з творчасцю.

У 1984 годзе я прыехала ў Беларусь, паступіла вучыцца ў Віцебскі інстытут на мастацка-графічны факультэт. Перыядычна ездзіла да бацькоў, якія заставался ў Літве.

— Яны і надалей засталіся жыць там?
— Не. Калі пачалася перабудова, тыя змены, якія адбываліся ў краінах былога Савецкага Саюза, мае бацькі таксама пераехалі ў Беларусь, у Вілейку. Я ў сям'і - адна дачка, і мае бацькі заўжды казалі: "Дзе ты пусціш карані, туды пераедзем жыць і мы".

— Анжэла Уладзіміраўна, адкуль у вас мастацкі талент, ад каго дастаўся ў спадчыну?
— Ад таты — Уладзіміра Пракопавіча. Ён быў не толькі ваенным лётчыкам, але яшчэ і творчым чалавекам, вынаходнікам. Як старшы бортмеханік, ён зрабіў шмат прыбораў для сваей работы.

Ваенных лётчыкаў нярэдка накіроўвалі падправіць сваё здароўе ў санаторыі. Адзін з іх размяшчаўся непадалёку ад Рыгі, у парку. I тата, прагульваючыся па ім, знаходзіў кавалкі старых дрэваў, першапачаткова звычайным нажыкам спрабаваў выразаць з іх прыгожыя вырабы. Пасля зрабіў інструмент для разьбы па дрэве, заняўся гэтым усур'ёз. У яго атрымліваліся цікавыя і прыгожыя работы.

— Дзе вы пачыналі свой прафесійны шлях?
— У Дзятлаве. Пасля заканчэння Віцебскага інстытута я пераехала сюды разам з мужам. Тады я гадавала маленькую дачку, але, тым не менш, ужо шукала сабе работу. I бачыла сябе толькі мастаком. Першапачаткова мне прапанавалі весці гурток у раённым Доме культуры, пазней -працаваць у сярэдняй школе №3 горада Дзятлава. На гэтую прапанову я адказала згодай.

- Анжэла Уладзіміраўна, як жывапісец, у якім жанры вы больш за ўсёлюбіце працаваць?
- Я вельмі люблю маляваць кветкі. I не як частку нацюрморта або іншай кампазіцыі, а саміх па сабе, без гаршкоў і вазаў. Падабаюцца ірысы, архідэі, іншыя экзатычныя кветкі. Як мастака яны вабяць мяне сваей арыгінальнасцю формаў, колеравай палітрай.

- А ці ёсць у вас любімы мастак?
- Я не вельмі люблю класіку. Больш падабаюцца імпрэсіяністы. Уражваюць іх лёгкія, амаль паветраныя работы, арыгінальныя колеравыя спалучэнні. Хаця сама я працую ў жанры рэалізму.

- Цяпер вы - майстар па вырабе рэчаў са скуры. Як даўно займаецеся гэтым відам мастацтва ? Хто натхніў вас на гэта?
- Паспрабаваць сябе ў дадзеным відзе мастацтва мне параіў муж маёй сяброўкі. Увогуле, у маім жыцці часта сустракаліся людзі, дзякуючы якім я займаюся мастацтвам. Я малюю з дзіцячага садка, і ўжо тады мае выхавальнікі напалову жартам, напалову ўсур'ёз казалі: "Анжэла будзе мастаком". Малявала я і ў школе, шмат — дома. А вось паступіць у мастацкую школу мне параіла менавіта мая школьная настаўніца па маляванні.

Калі я ўжо сама працавала настаўніцай у СШ №3, мая сяброўка неяк сказала: "Вось ты працуеш з дзецьмі, вучыш іх ствараць, у цябе гэта атрымліваецца. Аднак чаму б табе самой не паспрабаваць сябе ў жывапісе?". Такім чынам я начала пісаць карціны. Яны амаль адразу пачалі "разыходзіцца", гэта мяне яшчэ больш натхніла. Я пісала карціны дзесьці сем гадоў. Пасля паступіў адзін вялікі заказ - неабходна было намаляваць 50 карцін за тры месяцы. Я пагадзілася, хаця тэрміны былі вельмі сціслыя. Тым не менш, я справілася з заказам, аднак пасля мне ўжо не так моцна хацелася займацца жывапісам.

Якраз тады ў Беларусі настала мода на скураныя вырабы. I я вырашыла заняцца гэтым. Пачынала яшчэ сумяшчаючы дадзены від мастацтва з жывапісам, а пасля стала займацца толькі вырабам рэчаў са скуры.


АД “СЛАВЯНСКАГА БАЗАРУ" ДА "МЛЫНА"

— 3 якімі цяжкасцямі давя-лося сутыкнуцца напачатку?
— Увогуле, скураное мастацтва даволі затратнае. Патрэбны спецыяльны інструмент, сам матэрыял дарагі. Ды і дастаць яго першапачаткова было складана. Тым не менш, крок за крокам я паступова асвойвала гэты творчы шлях.

У асноўным, я вучылася ўсяму сама. Майстры, якія займаліся гэтым доўга, не вельмі хацелі дзяліцца сакрэтамі сваіх вырабаў. Аднак у мяне былі фотаздымкі рэчаў са скуры, я глядзела на іх, меркавала, як трэба правільна зрабіць, спрабавала. 3 цягам часу ў мяне пачало атрымлівацца.

Магчыма, гэта і добра, што давялося асвойваць тэхніку самой, такім чынам нарадзіўся свой стыль. Як дэкор для скураных вырабаў я шырока выкарыстоўваю тасьму, метал, камяні. Нядаўна паспрабавала дапоўніць скураную сумачку аксэсуарам-кветкай, якая зроблена мной у тэхніцы валяння. Пакуль такога спалучэння тэхнік я яшчэ нідзе не бачыла.

— Анжэла Уладзіміраўна, вы пастаянная ўдзельніца фестывалю-кірмашу "Славянскі базар". А ці давялося вам у рамках мерапрыемства папрысутнічаць на канцэртах вядомых зорак?
— Трапіць на канцэрты вядомых зорак, якія звычайна адбываюцца вечарам або ноччу, фізічна немагчыма. Горад майстроў пачынае працаваць з 8 гадзін раніцы, заканчвае ў 8 гадзін вечара. За ўвесь дзень вельмі стамляешся — шмат людзей, вулічны шум. Ужо і не да канцэртаў. Усё ж такі наведваць такога кшталту мерапрыемствы я люблю, адпачыўшы.

— Акрамя "Славянскага базару", уякіх яшчэ выставах прымаеце ўдзел?
— Цяпер у Мінску працуе шмат выставаў майстроў народнай творчасці. Шырокай папулярнасцю, як сярод саміх майстроў, так і сярод шэраговых наведвальнікаў, карыстаецца "Млын" - выстава-кірмаш, якая праходзіць два разы на год у выставачным павільёне "Белэкспа".
Сёлета ўпершыню ўдзельнічала ў "Арт-базары". Гэта фестываль дызайнераў моднай вопраткі і аксэсуараў. Мяне запрасілі як майстра жаночых сумак.

Шмат гадоў я супрацоўнічаю і з мастацкай галерэяй "Славутыя майстры", якая размешчана ў Траецкім прадмесці. Сем гадоў таму, яшчэ калі толькі пачынала займацца вырабамі са скуры, я вырашыла паўдзельнічаць у адной з выставаў, якая штогод вясной адкрываецца ў Мінску. Мне было цікава, ці спадабаюцца мае вырабы людзям, ці будуць яны запатрабаваныя. I якраз па гэтай выставе прагульвалася дырэктар галерэі, якая запрасіла мяне супрацоўнічаць.

— А ці давялося вам удзельнічаць у фестывалі нацыяльных культур, які праходзіць у Гродне?
- Удзельнічала толькі адзін раз. Тлумачыцца гэта тым, што не заўжды атрымліваецца падрыхтавацца. Лета — гэта перыяд, калі святы ідуць за святамі,даволі напружаны графік. Напрыклад, каб на тыдзень з'здзіць на той жа "Славянскі базар", мне неабходна напружана працаваць тры месяцы. Працоўны дзень у мяне не нармаваны. Акрамя гэтага, адзін дзень я яшчэ выкладаю чарчэнне і маляванне ў пятых класах у СШ №3 горада Дзятлава.

— Анжэла Уладзіміраўна, вырабляеце вы толькі рэчы прыкладнога характару, ці ёсць скураныя абярэгі, сувеніры?
- У асноўным, вырабляю рэчы прыкладнога характару. Цяпер яны найбольш запатрабаваныя сярод людзей. Сваю мастацкую фантазію я ў большасці рэалізую ў вырабе жаночых сумачак. Я магу сябе творча выразіць, а жанчына, якая набывае сумачку, - атрымаць прыгожую і непаўторную рэч. 3 кавалачкаў скуры, якія застаюцца, раблю сувенірьі - скураныя чаравічкі. Яны таксама ёсць у галерэі "Славутыя майстры".

— Анжэла Уладзіміраўна, вы яшчэ і член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Якія перавагі дае аб'яднанне тым, хто знаходзіцца ў яго шэрагах?
— У саюзе майстроў я толькі з канца мінулага года. Аднак ужо цяпер магу сказаць, што ўдзельнікі аб'яднання маюць магчымасць арганізаванага ўдзелу ў выставах-кірмашах, у тым ліку і за межамі краіны. Напрыклад, ужо два гады на "Славянскім базары" ўдзельнічаюць майстры з Літвы, год — майстры з Латвіі. Мяркую, што такую магчымасць рэалізавала іх нацыянальнае аб'яднанне майстроў. Гэта ж датычыцца і беларускіх майстроў. У мінулым годзе прадстаўнікі саюза майстроў народнай творчасці цэнтралізавана ездзілі ў Індыю, Літву, сёлета — у Германію.

- Як майстар са стажам, якія парады вы дасце тым, хто жадае ўсур 'ёз заняцца дэкаратыўным мастацтвам?
— Усё залежыць ад таго, якое мастацтва выбірае чалавек, паколькі ў кожнай дэкаратыўнай тэхнікі — свая спецыфіка.

— Тым не менш, ці ёсць універсальная парада?
— Перш за ўсё чалавек павінен мець вялікае жаданне займацца творчасцю, добры настрой, цярпенне. Паколькі памылкова лічыць, што для заняткаў творчасцю патрэбна толькі натхненне. Мастацтва — гэта перш за ўсё штодзённая праца.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/