Андрэй Ранцэвіч - пераможца турніра




Перамогаю Андрэя Ранцэвіча завяршыўся раённы турнір, прысвечаны ветэранам шахмат. Другое месца з адставаннем ад пераможцы на адно ачко заняў Аляксандар Масляк. Трэці прызёр — Аляксей Гульнік.

Маглі аказацца ў прызёрах Андрэй Лявончык, Яўген Кананкоў і Сяргей Калодка, але не дабралі хто ачко, хто — паўтара. Увогуле, спаборніцтвы прайшлі ў вострай, бескампраміснай барацьбе, пра што сведчаць усяго пяць нічыйных вынікаў. I ніводзін з удзельнікаў не змог прайсці турнір без паражэнняў.

Спаборніцтвы адбыліся ў Дзятлаўскім шахматна-шашачным клубе з 17 па 31 кастрычніка. Іх удзельнікі гулялі па кругавой сістэме па дзве партыі (белымі і чорнымі) з кожным сапернікам. Турнір, прысвечаны ветэранам шахмат, адбыўся ў другі раз (першы — у 2008 годзе). Сярэдняе і маладое пакаленне дзятлаўскіх шахматыстаў помніць і шануе сваіх папярэднікаў — Станіслава Баніфацьевіча Навіцкага, Мікалая Іларыёнавіча Кудзінава, Паўла Пятровіча Лі, Сцяпана Паўлавіча Цыруліка, Станіслава Іосіфавіча Паўловіча,а таксама Юрыя Максімавіча Чайкоўскага, якія ўзнялі дзятлаўскія шахматы на заўважны ў вобласці ўзровень.

Лепшыя шахматысты Дзятлаўшчыны цяпер прадоўжаць падрыхтоўку да галоўнага турніру наступнага года — чэмпіянату раёна, які пачнецца ў студзені. А іх месцы за дошкамі цяпер зоймуць юніёры — праз колькі дзён стартуюць спаборніцтвы асабістага першынства юнакоў і дзяўчат, у якіх могуць паўдзельнічаць вучні школаў горада і раёна. Пра рэгламент і час юніёрскага турніру можна даведацца, пазваніўшы па нумары 2-13-94.

М. ВЕНСЛАВОЎСКІ, старшыня раённай федэрацыі шахмат і шашак

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/