Аляксандр Кійко: "Хто хоча зарабіць - той працуе"



Хіба што вялікім цудам у малым маштабе можна назваць вяртанне ў строй Дзятлаўскай МПМК-147. Яшчэ ў мінулым годзе прадпрыемства знаходзілася ў складаным становішчы, а сёлета яно ўпэўнена трымае курс на пленную працу са стабільным прыбыткам. У чым сакрэт такіх глабальных пераменаў, дзеліцца дырэктар прадпрыемства А. Кійко.

— Аляксандр Дзмітрыевіч, як спрацавала прадпрыемства ў гэтым годзе?
— Апошні год складваецца для арганізацыі няблага. Калі ў мінулым годзе мне давялося выступаць у калектыве, было крыху боязна выходзіць на сцэну і рабіць прагнозы на будучыню, бо аб'ёмы будаўнічых работ складалі 150-300 мільёнаў рублёў за год. Сёння арганізацыя выконвае аб'ёмы ў раёне 1 мільярда 400 тысяч рублёў за кошт выканання будаўніча-мантажных работ і працы падсобнай гаспадаркі. Калі ў мінулым годзе мы працавалі ў стратах, то сёлета маем стабільны прыбытак, у тым ліку, чысты прыбытак ад рэалізацыі.

— Ці шматлікі калектыў Дзятлаўскай МПМК-147?
— На сучасны момант у нас працуюць 113 чалавек, на будаўніча-мантажных работах — каля 70 чалавек. На сёння мы прынялі на працу яшчэ 14 чалавек: гэта і цесляры, і муляры. Людзі ідуць да нас працаваць, недахопу ў кадрах няма. Трэба думаць, тут вя-лікую ролю мае памер заработнай платы.

— А, сапраўды, які сярэдні заробак на прадпрыемстве?
— Хто як працуе — той такую і ўзнагароду атрымлівае за сваю працу. Можна у арганізацыі зарабіць і 1,5 мільёна, а можна і ўсе 8 мільёнаў рублёў. Сёння няма ўжо таго прынцыпу "хто не працуе — той есць". Таму пры жаданні ў нас можна напрацаваць на годны заробак. Тыя брыгады, якія працуюць звыш часавай нормы, з 8 да 20 гадзінаў, а таксама ў выхадны дзень, атрымліваюць адпаведную грашовую кампенсацыю (да 100% звыш заработнай платы) і прэміяльныя даплаты.

— На якіх аб'ектах цяпер працуе прадпрыемства?
— Цяпер мы заканчваем будаўніцтва малочнатаварнай фермы ў вёсцы Васявічы і пачынаем новую будоўлю ў Хадзяўлянах аналагічнай фермы. Таксама будуем 12-кватэрны дом па вуліцы Прытыцкага ў Дзятлаве (ЖБК "Брыз"). Прадпрыемства ажыццяўляе рамонт траўматалагічнага аддзялення Дзятлаўскай ЦРБ, акрамя таго, аказваем дапамогу ААТ "Дзятлаварамбуд" у выкананні аддзелачных работ. Таксама людзі занятыя на рамонце сваіх бытавых і вытворчых памяшканняў, стварэнні для сябе зручных умоваў працы. Работы не бракуе ніколі.

— Што за работы выконваюцца непасрэдна на базе прадпрыемства?
— Асвойваем на базе МПМК-147 новыя віды вытворчасці. Гэта выраб плітаў ПФ-1 для сянажных траншэяў. Таксама сваімі сіламі заліваем кантрафорсы, вырабляем будаўнічыя падушкі, блокі. У прынцыпе, падцягваемся да вытворчасці заводаў ЖБК.

— Якія аб екты плануецца здаць у гэтым годзе?
— Сёлета, пры ўмове стабільнага фінансавання, плануем увесці ў эксплуатацыю 12-кватэрны жылы дом, а таксама малочнатаварную ферму ў Васявічах.

— А наколькі ў дастатковым аб'ёме ідзе фінансаванне работ?
— Па тых аб'ектах, якія цяпер знаходзяцца у распрацоуцы, фінансаванне ідзе своечасова, без перапынкаў. Грошы ёсць, нам — толькі паспявай іх асвойваць.

— Хапае на прадпрыемстве сваіх спецыялістаў для выканання зададзеных аб ёмаў работ? Або даводзіцца кагосьці браць у субпадрад?
— Перад МПМК-147 пастаўлены вялікія задачы і Дзятлаўскім райвыканкамам, і Гродзенскім аблвыканкамам. Аб'ёмы работ вялікія, таму часам, каб своечасова здаць аб'ект, выканаць пастаўленыя задачы, мы выкарыстоўваем сілы субпадрадчыкаў, дарэчы прыходзіцца і дапамога Аблсельбуда.

— Ці можна сказаць, што за апошнія гады стаў больш пільным кантроль за будаўніцтвам?
— Так, кантроль стаў больш жорсткім на ўсіх этапах будаўнічых работ. Мы павінны, з аднаго боку, укласціся ў азначаны тэрмін выканання работ, з другога — строга прытрымлівацца патрабаванняў Дзяржбуднагляду, з трэцяга — імкнуцца выканаць усе патрабаванні людзей па паклейцы, фарбаванні ў іх будучым жыллі. Таму ў гэтым пытанні праблемы абазначаныя, і ёсць над чым працаваць.

— Назавіце лепшыя працоўныя калектывы.
— Сярод лепшых можна адзначыць брыгаду муляроў Антона Станіслававіча Хілімончыка, брыгаду цесляроу Вячаслава Сяменавіча Ляўкевіча, тынкоўшчыкаў пад кіраўніцтвам Ганны Станіславаўны Каско. Набліжаецца да добрых вынікаў брыгада Аляксандра Седлера. Выдатна спрацавала сёлета падсобная вытворчасць, якая дала дастаткова бетону для работ (па 500 тон за месяц). У гэтым заслуга работнікаў вытворчасці і іх майстра Дзмітрыя Белавуса.

— Што пажадаеце калегам напярэдадні прафесійнага свята будаўнікоў?
— Варта шчыра падзякаваць работнікам Дзятлаўскай МПМК-147 за сумленную штодзённую працу. I пажадаць шчасця, здароўя, усіх зямных дабротаў ім і іх сем'ям, а таксама ўдачы ва ўсіх справах.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

_____________________________________________________________________________________________________
Страстная Португалия готова поделиться с вами своей неукротимой энергией. Заказывайте туры в португалию, совершайте путешествия на о. Мадейра и вы точно не забудете этот отдых никогда. Ваша жизнь гарантировано измениться после поездки в эту яркую и жизнерадостную страну. Вы наконец-то научитесь ценить свое время и отдых.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/