АЛЕНА ЮШКЕВІЧ: “НАБЫВАЮЧЫ ТАВАР – БУДЗЬЦЕ ЎВАЖЛІВЫЯ”



15 сакавіка адзначаецца Дзень спажыўца ў Беларусі і ў свеце. На што маюць права спажыўцы, як ім сёння абараніць свае інтарэсы і да каго звяртацца па дапамогу ў сваім раёне, тлумачыць галоўны эканаміст аддзела эканомікі Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Алена Юшкевіч.

-- Алена Іосіфаўна, скажыце, калі спажывец лічыць, што яго правы парушаны, куды ў нашым раёне ён можа звярнуцца па дапамогу?
-- Калі не атрымліваецца вырашыць спрэчную сітуацыю на месцы, з прадаўцом ці асобай, якая аказала паслугі, па дапамогу звяртайцеся ў Дзятлаўскі райвыканкам. З мэтай абароны правоў спажыўцоў мы разглядаем іх звароты адпаведна з заканадаўствам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў: арганізуем тлумачэнне заканадаўства і аказанне юрыдычнай дапамогі па абароне правоў спажыўцоў.

-- На што часцей скардзяцца спажыўцы на Дзятлаўшчыне?
-- Апошнім часам пераважна паступаюць скаргі на мэблю, якая пры самастойнай зборцы выяўляе пэўныя дэфекты ці недахоп камплектуючых. А ўвогуле, звароты спажыўцоў абсалютна рознага зместу: кожная сітуацыя непадобная на іншую і патрабуе асаблівага падыходу.

-- Узрасла ці паменшылася колькасць такіх зваротаў летась у параўнанні з 2011-ым? Як часта атрымліваецца дапамагчы спажыўцам?
-- Узровень зваротаў па абароне правоў спажыўцоў, калі параўнаць з 2011 годам, застаецца прыкладна на адным узроўні. Прычым, колькасць азначаных сітуацый на працягу года адносна невялікая.

-- Як часцей за ўсё вырашаюцца такія пытанні?
-- У пераважнай большасці, пры нашым удзеле, спрэчныя сітуацыі вырашаюцца станоўча ў дасудовым парадку. Калі прэтэнзіі слушныя і абгрунтаваныя – то на карысць спажыўца.

-- Напрыклад, я купіла мабільны тэлефон, які выйшаў са строю праз тры дні. Ці магу я запатрабаваць вярнуць грошы, а не абмяняць няякасны тавар?
-- Можаце. Калі вам рэалізавалі тавар неналежнай якасці, вы маеце права не рамантаваць яго, а патрабаваць вяртання грошай. Неабходна пісьмова аформіць прэтэнзію прадаўцу. Ён мае права правесці праверку якасці тавара. Вы можаце прысутнічаць на гэтай праверцы асабіста або праз прадстаўніка. Калі дэфект вытворчага характару пацвердзіцца, на працягу 7 дзён вам павінны вярнуць грошы. У выпадку, калі праверка якасці не пацвердзіць недахопу ў тавары або прычыны яго ўзнікнення, сітуацыя вырашаецца праз правядзенне экспертызы.

-- Алена Іосіфаўна, што рабіць, калі гаворка ідзе не пра пакупку тавараў, а пра няякаснае выкананне паслугаў – рамонт абутку, зборку ці рамонт мэблі?
-- Заканадаўствам аднолькава рэгламентуецца захаванне правоў спажыўца як пры куплі тавараў, так і пры заказе пэўных відаў работ і паслугаў. У апошнім выпадку абавязковым з’яўляецца заключэнне дагавору. Калі вы заўважылі адыход ад умоваў дагавору, якія пагоршылі вынік работы, маеце права патрабаваць бязвыплатнага выпраўлення недахопаў работы; адпаведнага змяншэння кошту выкананай работы; бязвыплатнага вырабу іншай рэчы з таго ж матэрыялу або паўторнага выканання работы (пры гэтым сапсаваны заказ трэба вярнуць); вяртання панесеных расходаў на выпраўленне недахопаў выкананай работы.

-- Нярэдка мы карыстаемся паслугамі і набываем тавары за межамі нашага раёна. У гэтым выпадку мы захоўваем законныя правы спажыўца? Куды звяртацца пры неабходнасці ў такім выпадку?
-- Правы спажыўца аднолькава абараняюцца на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Пры ўзнікненні спрэчнай сітуацыі з работнікамі з іншых раёнаў, вы можаце звярнуцца па дапамогу ў адміністрацыю па месцы жыхарства або па месцы набыцця тавара. Да таго ж, правы спажыўцоў абараняюць кантралюючыя органы.

-- Часам спажыўцу цяжка бывае абараніць свае правы ў спрэчнай сітуацыі. Ці магчыма яе прадухіліць, неяк засцерагчы сябе?
-- Будзьце ўважлівыя, набываючы тавар. Падрабязна знаёмцеся з тэрмінамі захоўвання і датай вырабу, калі гэта тычыцца харчовых тавараў. Звярніце ўвагу на функцыі тавару, тэрмін гарантыі, падрабязна разгледзьце яго да таго, як набываць. Уважліва чытайце дагавор на выкананне работ і аказанне паслугаў, паколькі пастаўлены вамі пад дагаворам подпіс будзе сведчыць пра згоду з усімі яго ўмовамі. Такія простыя меры нашмат зменшаць колькасць непаразуменняў паміж спажыўцамі і прадастаўнікамі тавараў і паслугаў.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

____________________________________________________________________________________________
Вам срочно необходимо приобрести нетканое холстопрошивное полотно от производителя по низким ценам и без посредников? Мы точно знаем адрес предприятия, которое вам подойдет! Здесь нетканое полотно производство уже давно выполняет разные заказы по производству холстопрошивного полотна. К тому же цены и разнообразный ассортимент товара вам приятно порадует.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/