АлімпіяТайм: Лыжныя гонкі



Па апошнім снезе завяршылі сезон раготнаўскія лыжнікі-біятланісты. Дзмітрый Татарынаў паспеў адзначыцца ў складзе зборнай каманды Гродзенскай вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах "Снежны снайпер" прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У асабістым заліку спаборніцтваў па стральбе ён стаў бронзавым прызёрам.
У лыжнай гонцы заняў 19-е месца. I па суме двух дысцыплін на 8-ым месцы трапіў у дзясятку лепшых.

11 — 13 сакавіка прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы каманднага першынства па лыжных гонках з праграмы рэспубліканскай спартакіяды сельскіх жыхароў. У складзе зборнай каманды Гродзенскай вобласці вызначыліся раготнаўскія лыжнікі Сяргей Брында і Алена Апанасік.

У юнацкай індывідуальнай гонцы на 5 кіламетраў Брында фінішаваў чацвёрты. Другі шанц узняцца на прызавы подыум Сяргей меў у юнацкай эстафеце 3 па 3 кіламетры. Свой першы этап ён завяршыў з лепшым часам і першы перадаў эстафету. На жаль, на другім і трэцім этапах гродзенцы лідарства не ўтрымалі і прапусцілі наперад каманды Магілёўскай, Мінскай і Брэсцкай вобласцяў. Такім чынам Сяргей Брында зноў фінішаваў чацвёрты.

Больш пашанцавала Алене Апанасік. Яна, як і Сяргей, пачынала эстафету. Свой этап завяршыла ў вострым саперніцтве за трэцяе месца з брэсцкай лыжніцай. На другім этапе гродзенкі выйшлі на другое месца. Эстафету завяршылі сярэбранымі прызёрамі. Такім чынам Алена Апанасік — віцэ-чэмпіёнка рэспубліканскай спартакіяды.

Б.Варна

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/