Актывістка, спартсменка, выдатніца і проста прыгажуня!



...Гэта не афарызм са знакамітага фільма "Каўказская палонніца". Гэта ўсё пра вучаніцу 9 класа гімназіі №1 г. Дзятлава Вікторыю Якубоўскую. У лацінскай мове Вікторыя — значыць "перамога". У дачыненні да Вікі імя і яго значэнне цалкам супадаюць. Дэвіз яе жыцця: "Заўсёды ісці наперад, пераадольваючы ўсе цяжкасці, і галоўнае - з добрым настроем".

Ці часта сёння вы сустрэнеце людзей, якія крочаць па жыцці з цёплай усмешкай на вуснах, радуюцца кожнай праяве гэтага жыцця? Такая Вікторыя. Для некага яна проста дзяўчынка з Дзятлава, для іншых — шчыры і добры сябра, а для настаўнікаў — актыўная і таленавітая вучаніца, асабліва для настаўнікаў англійскай мовы.

"Віка вельмі ўпэўненая на ўроках, — гаворыць пра сваю вучаніцу М.Л. Хаванская, настаўніца англійскай мовы. - Мяне прывабіла яе цудоўнае вымаўленне англійскіх словаў. Здавалася, што дзяўчынка вучылася ў лепшых спецыялістаў лінгвістычнага ўніверсітэта. Мы пачалі займацца і аказалася, што яна чалавек аптымістычны, жыццярадасны і мэтанакіраваны. Калі возьмецца за што, абавязкова дасягне сваёй мэты. У Вікі хапае цярпення займацца любімай справай гадзінамі. Таму вынік атрымаўся станоўчы — Віка заняла трэцяе месца на абласной алімпіядзе па англійскай мове."

Размаўляючы з Вікай, зразумела: яна чалавек усебакова развіты. I ў гімназіі вучыцца на выдатна, і ў школе мастацтваў па класе фартэпіяна — таксама на выдатна; а яшчэ яна — актыўная ўдзельніца гімназічнага жыцця. Сёлета Віка ад паралелі 9-х класаў балаціравалася ў прэзідэнты гімназічнага самакіравання і па колькасці галасоў заняла другое месца, стала прэм'ер-міністрам гімназіі.

Ёсць у нашай гераіні і любімы занятак — разам з сяброўкамі Данай Васкель і Ангелінай Патрыхінай глядзець фільмы на англійскай мове і перакладаць іх на рускую. I, безумоўна, не абыходзіцца без адпачынку. Ён у сябровак таксама актыўны: паходы на прыроду, песні пад гітару ля вогнішча, вандроўкі з рукзаком за спіной, паездкі на мора.

— Скажы, Віка, — звярнулася я да дзяўчыны, — у цябе ёсць мара?

Віка ўсміхнулася: "Я вельмі люблю сваю Беларусь і вывучаю англійскую мову для таго, каб паехаць за мяжу і ўсім расказаць пра прыгажосць, непаўторнасць майго краю, яго славутых людзей, яго гісторыю. А яшчэ пра нашых буслоў і сіні васілёк у жыце.

Гледзячы ў вочы Вікі, разумела — яна гаворыць шчыра. Хай жа ўсё атрымаецца так, як задумана. У добры шлях, Віка, новых табе перамог!

Юлія Якаўчык, вучаніца Дзятлаўскай гімназіі. “Перамога”, №2.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/