АКТЫЎНЫ ПОГЛЯД НА ЖЫЦЦЁ



Ураджэнка Ваўкавыскага раёна Наталля Сявец прыехала на Дзятлаўшчыну пасля заканчэння Навагрудскага аграрнага каледжа. Па размеркаванні дзяўчына была накіравана на працу ў адзін з лепшых СВК нашага раёна -- "Граніт-Агра". Дастойны заробак, забеспячэнне добраўпарадкаваным жыллём падоўжылі абавязковыя два гады на больш працяглы перыяд.

Цяпер Наталля працуе эканамістам. Таксама ўжо два гады яна ўзначальвае пярвічную арганізацыю БРСМ - адну з лепшых у раёне. Хутка яна папоўніцца яшчэ двумя маладымі спецыялістамі, якія сёлета прыйшлі працаваць у сельгасвытворчы кааператыў. Акрамя гэтага, ужо двойчы Наталля станавілася камандзірам сандружыны сельгаскааператыву ў традыцыйным раённым злёце.

Работа займае амаль увесь час Наталлі. Вольнага застаецца не так ужо і шмат. Калі ён выпадае, Наталля любіць кулінарыць. У прыватнасці, ёй падабаецца выпякаць тарты.

Актыўны характар дазволіў дзяўчыне ўключыць у свае хобі спорт. Ён захапіў яе яшчэ ў падлеткавыя гады: Наталля ўваходзіла ў склад школьнай зборнай каманды па валейболе. Гэтую традыцыю дзяўчына працягнула і ў гады навучання ў аграрным каледжы. Дарэчы, у гэты час яна палюбіла падарожжы. Разам са сваімі сябрамі Наталля наведала шмат беларускіх гарадоў. Цяпер на вандроўкі па цікавых мясцінах, як прызнаецца дзяўчына, выкраіць час не атрымліваецца. Калі ж гэта стане магчымым, то разам са сваімі калегамі, сябрамі яны абавязкова наведаюць адну з жамчужынаў Беларусі -- Нясвіж.

А вось са спортам Наталля па-ранейшаму працягвае сябраваць. Цяпер дзяўчына ўваходзіць у зборную валейбольную каманду сельгаскааператыва, у якім працуе. Актыўныя трэніроўкі каманды праходзяць у зімовы час, месцам збору з'яўляецца фізічная зала Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
Разам з работай Наталля сумяшчае яшчэ і завочную вучобу ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Увогуле, яшчэ з дзяцінства дзяўчына марыла звязаць сваё жыццё менавіта з сельскай галіной.

- Я нарадзілася ў сельскай мясцовасці, у гаспадарцы працавалі і мае бацькі, гэты шлях абрала і я. Інакшага і не ўяўляла, - тлумачыць Наталля.

У радах "БРСМ" дзяўчына з 2008 года.

- Лічу, што гэтая арганізацыя яднае моладзь, - адзначае Наталля, - настаўляе мець актыўную жыццёвую пазіцыю, трымацца яе. На мой погляд, жыць неабходна так, каб кожны дзень быў напоўнены чымсьці карысным, каб, аглядаючыся назад, не было сорамна за перажытае. Гэтага ж я жадаю ўсім маладым людзям нашага раёна, а таксама творчага натхнення, ініцыятыўнасці, быць сапраўднымі грамадзянамі сваёй зямлі.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/