АКАДЭМІК АЛЯКСАНДР ЛАКОТКА



У студзені 2015 года 60-гадовы юбілей адзначыў акадэмік, доктар архітэктуры, доктар гістарычных навук, прафесар, дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Іванавіч Лакотка.

Ён - ураджэнец вёскі Кузьмічы Дзятлаўскага раёна, выпускнік Беларускага політэхнічнага інстытута. У 1986 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Агульныя і рэгіянальныя асаблівасці народнага жылля Беларусі (сярэдзіна XIX-XX стст.), у 1993 годзе - доктарскую, тэмай якой стала беларускае народнае дойлідства. Яшчэ адна яго доктарская работа мае назву “Беларусы. Дойлідства. Канцэпцыя гістарычнага феномена беларускай архітэктуры”.

3 1990 года Аляксандр Іванавіч выкладае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва.

У 2003 годзе ён атрымаў званне прафесара, а вясной 2004 года абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.

Аляксандр Іванавіч Лакотка працаваў архітэктарам у Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытуце па будаўніцтве ў сельскай мясцовасці Дзяржбуда БССР, кіраваў архітэктурна-рэстаўрацыйнай майстэрняй Беларускага рэстаўрацыйна-праектнага інстытута, з'яўляўся намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і быту. У верасні 2004 года стаў дырэктарам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

За час сваёй прафесійнай дзейнасці Аляксандр Лакотка выканаў шэраг праектаў рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры, ён аўтар канцэпцыі рэгенерацыі гістарычных прадмесцяў гарадоў, член Саюза архітэктараў Беларусі. Таксама член Еўрапейскага Савета па культуры, віцэпрэзідэнт секцыі па архітэктуры і дызайне арганізацыі народнай творчасці ЮНЭСКА, акадэмік Беларускай акадэміі архітэктуры, член двух спецыялізаваных саветаў па прысуджэнні вучоных ступеняў доктара навук (адзін з якіх узначальвае), член экспертнага савета вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі.

Навуковыя даследаванні Аляксандра Іванавіча ахопліваюць праблемы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, рэстаўрацыі, развіцця традыцый нацыянальных і рэгіянальных рысаў архітэктуры. Ён з'яўляецца нацыянальным каардынатарам праекта “Залатое кальцо Беларусі” (1996-1997), аўтарам канцэпцыі развіцця турысцка-рэкрэацыйных зонаў, аўтарам больш чым 270 навуковых працаў, у тым ліку 21 кнігі і 30 манаграфій, сцэнарыя фільма “Неруш”, пастаўленага на кінастудыі “Беларусьфільм”.

Навуковыя дасягненні нашага знакамітага земляка адзначаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне", прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, граматай прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, граматамі Міністэрства інфармацыі, Беларускага саюза архітэктараў, падзякай Патрыяршага Экзарха, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта.

I. ЯКАЎЧЫК, галоўны захавальнік фондаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/