АДПАЧЫНАК ЗА МЯЖОЙ ПАВІНЕН БЫЦЬ ПРЫЕМНЫМ



На двары вясна, а гэта значыць, што яшчэ ёсць час падумаць і спланаваць свой летні адпачынак за мяжой. Для тых, хто збіраецца туды ўпершыню, гэта інфармацыя будзе асабліва дарэчы. Не пашкодзіць яна і тым, чыя прафесія звязана з камандзіроўкамі ў чужыя краіны. Пра ўсе акалічнасці, якія павінны ведаць беларускія турысты, пакідаючы сваю краіну, карэспандэнтцы газеты расказала В. І. Ламака, старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама.

-- Вольга Іванаўна, калі паездку арганізоўвае турыстычная фірма, на што варта звярнуць увагу?
-- Калі вы едзеце па пуцёўцы, заключаючы дамову з турфірмай, распытайце турагента ці тураператара аб усіх акалічнасцях падарожжа: хто будзе сустракаць у аэрапорце і павязе да атэля, якога класа аўтобус, колькі метраў да пляжа, калі будуць экскурсіі, ці ёсць кантактныя тэлефоны на выпадак непрадбачанай сітуацыі. Гэта пазбавіць ад многіх праблемаў у краіне знаходжання.
Калі вы падарожнічаеце з дзецьмі, то павінны ведаць, што іх выезд за мяжу -- пад асаблівым кантролем дзяржавы. Калі дзіця выязджае за мяжу ў суправаджэнні аднаго з бацькоў, згода другога -- не патрэбна. Калі ж яно едзе без бацькоў, то неабходна згода іх абодвух.

-- Самая страшная для турыста сітуацыя, калі губляюцца дакументы або іх скрадуць. Што раіце ў такім выпадку?
-- Перад паездкай на адпачынак за мяжу кожны турыст павінен высветліць адрас і тэлефон беларускага консульства. Прычым, варта ўдакладніць, ці ёсць наша дыппрадстаўніцтва ў краіне. Калі няма -- высветліць адрас консульства ў суседніх дзяржавах. Так, напрыклад, у выпадку ўзнікнення праблемаў у Балівіі, дзе няма беларускага прадстаўніцтва, варта звяртацца ў пасольствы, якія знаходзяцца ў Аргенціне ці Бразіліі.
У выпадку надзвычайнай сітуацыі консульства аформіць паперу, якая называецца "пасведчанне на вяртанне", на падставе яго турыст, нават калі страціў дакументы, атрымае права на бесперашкодны выезд на радзіму. Тым не менш, будзьце гатовыя да таго, што, калі побач няма чалавека, які пацвердзіць вашу асобу, супрацоўнікам можа спатрэбіцца ад аднаго да трох дзён для высвятлення абставінаў справы, а таксама афіцыйнае пацвярджэнне дзяржаўных органаў краіны знаходжання (паліцыі) аб тым, што дакументы згублены. Каб пазбегнуць такіх праблемаў, параю мець некалькі ксеракопій у розных сумках і не толькі пашпартаў, але і ўсіх астатніх дакументаў. Гэта важнае правіла для падарожніка вельмі вам дапаможа.

-- А калі турыст застаўся яшчэ і без грошай?
-- Калі не пашанцавала так, што скралі яшчэ і грошы, выратаваннем таксама стане беларускае консульства. Калі жыць няма дзе і за што, яго супрацоўнікі пастараюцца зрабіць усё магчымае, каб мясцовыя дабрачынныя арганізацыі прадаставілі вам часовы прытулак. А ў заяве, пададзенай консулу, вам давядзецца пазначыць, хто (людзі або арганізацыя) у Беларусі можа аплаціць ваша вяртанне.

-- Уявім сабе яшчэ і такую сітуацыю, калі ўсё вельмі кепска, і консульства паблізу няма...
-- Калі ў час адпачынку вы трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю і па якой-небудзь прычыне не маеце магчымасці звязацца з беларускімі замежнымі місіямі, не ведаеце, што рабіць, то ў першую чаргу звяртайцеся да блізкага акружэння. Гэта могуць быць гід-перакладчык атэля або арганізацыі, якая вас прымае, супрацоўнікі атэля, якія праінфармуюць мясцовую ўладу, службу выратавання або паліцыю аб здарэнні. Турысты павінны ведаць, што паліцыя замежнай дзяржавы пойдзе ім насустрач пры ўзнікненні праблемаў.

-- У каго яшчэ можна перад ад'ездам атрымаць неабходную інфармацыю?
-- Яе вам абсалютна бясплатна прадаставяць, калі вы патэлефануеце на інфалінію па бяспечным выездзе за мяжу: кароткі нумар 113 (з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь званок бясплатны).

Гутарыла І. СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/