Адметныя падзеі духоўнага жыцця



СУСТРЭЧА ТЫСЯЧАГОДДЗЯ

Адметная падзея адбылася ў гісторыі ўзаемаадносін дзвюх канфесій, якія адносяцца да хрысціянскай галіны рэлігій. Упершыню за амаль тысячу гадоў з моманту падзелу Цэркваў (1054) у інтранізацыі Папы Рымскага Францыска, якая адбылася 19 сакавіка ў Сікстынскай капэле Ватыкана, прыняў удзел Найсвяцейшы Архіепіскап Канстанцінопаля -- Новага Рыма і Сусветны Патрыярх Варфаламей. Характэрна тое, што пасля Вялікага расколу ва ўзаемаадносінах дзвюх канфесій прысутнічала вельмі вялікая напружанасць. Узаемныя анафемы (адлучэнне ад царкоўных зносін), накладзеныя Усходняй і Заходняй Цэрквамі, былі знятыя толькі Папам Паўлам VI і Патрыярхам Афінагорам у 1964 годзе. Сам Патрыярх Канстанцінопаля Варфаламей не выключае ў будучыні ўз'яднанне Праваслаўнай і Каталіцкай Цэркваў.

СУСВЕТНАЯ ПРЭМ'ЕРА

Нядаўна на тэлеканале History завяршыўся паказ першага ў свеце тэлевізійнага серыяла на хрысціянскую тэматыку. Ён называўся “Біблія”. Аўтары серыяла -- прадзюсеры Марк Бернет, яго жонка і адначасова выканаўца ролі Дзевы Марыі Рома Доўні (абодва – выхадцы з хрысціянскіх сем'яў) -- у 10 серыях увасобілі, здавалася б, немагчымае. Яны змясцілі змест Бібліі, а гэта 77 кніг, ад самай першай кнігі Бытие да апошняй – Откровение (Апокалипсиса), у фільм працягласцю сем гадзін. Да стварэння серыяла было прыцягнута больш за сорак вядомых у свеце экспертаў, багасловаў, навукоўцаў. Матэрыял здымаўся на Блізкім Усходзе, у Марока. Свежы погляд на даўно знаёмыя падзеі, незвычайнае спалучэнне камп’ютарнай графікі і жывых сцэн – вось першыя ўражанні, якія ўзнікаюць у гледача пры праглядзе серыяла.

АГУЛЬНАЯ РАДАСЦЬ

Заходнія хрысціяне, якія жывуць у Еўрапейскай частцы планеты, не так даўно сустрэлі Светлае Уваскрэсенне. Для большасці ж каталікоў Ізраіля (акрамя Іерусаліма), Палесціны, Іарданіі і Кіпра Велікоднае прывітанне прагучыць толькі ў маі. Такое рашэнне па паведамленні Ватыканскага радыё прыняла ў канцы мінулага года дырэктыва Асамблеі каталіцкіх епіскапаў на Святой Зямлі. Канчатковае рашэнне па пытанні календара, па якім будзе святкавацца Вялікдзень, будзе вынесена толькі ў 2015 годзе. Да гэтага моманту ўрачыстасць найвялікшага хрысціянскага свята ў каталікоў будзе супадаць з праваслаўным. У нашай краіне таксама існуе нямала сем'яў, дзе адзін з членаў шлюбу – каталік, другі – праваслаўны. Такім сем'ям, асабліва калі яны абодва шчыра веруючыя людзі, цяжкасці пры святкаванні Ражджаства і Вялікадня знаёмыя не па чутках. Прынятае пакуль толькі на Святой Зямлі рашэнне – магчымы шлях да ўхілення розных сутыкненняў на падставе веры.

КРОК НАПЕРАД, ДВА НАЗАД

Можна смела сцвярджаць, што тэхнічны прагрэс сёння дасягнуў свайго росквіту. Навінкі мадэрнізаванай і высакаякаснай прадукцыі з'яўляюцца ледзь не штодня. Разам з тым, духоўна-маральны стан чалавека прыкметна пагоршыўся. Навіны, якія прыходзяць з розных куткоў планеты, яскравае таму пацвярджэнне. Так, прафесар з універсітэта Фларыды на адным з заняткаў па курсе “Міжкультурных адносін” прымусіў сваіх студэнтаў напісаць на лістку паперы імя “Ісус”, а затым таптаць яго. Тыя, хто не згаджаўся рабіць гэта, адхіляўся ад заняткаў. У іншым універсітэце – Ельскім – было адмоўлена ў рэгістрацыі хрысціянскаму студэнцкаму гуртку. У Бельгійскіх школах уведзена забарона на ўжыванне словаў “Ражджаство”, “Вялікдзень”, “Дзень Святых”. У ЗША ўпершыню ў гісторыі прайшоў студэнцкі “атэістычны парад”, які быў праведзены пры падтрымцы арганізацыі “Фонд свабоды ад рэлігіі”. У Францыі і Вялікабрытаніі абмяркоўваецца пытанне аднаполых шлюбаў. У Фінляндыі выпусцілі туалетную паперу з цытатамі з Бібліі, а ў Мілане была прадстаўлена калекцыя адзежы, якая утрымолівала абліччы святых, архіерэйскія і ўзнагародныя крыжы. Гэта далёка не поўны спіс той агіднасці, якая стала падставай для гарачых дыскусій у сацыяльных сетках і грамадскасці. Бог зневажаемы не бывае. Аднойчы канец свету ўжо здарыўся. Выратавалася толькі адна сям'я. Цікава, хто-небудзь выратуецца ў гэты раз?

ЦУДЫ ЗДАРАЮЦЦА

Цудоўны выпадак вылячэння быў зафіксаваны зусім нядаўна ў Кіева-Пячэрскай Лаўры ля абраза Найсвяцейшай Багародзіцы. Алена Мельнічэнка – дзяўчына, якая была сляпой і глухой шмат гадоў, па малітвах да Царыцы Нябеснай цалкам вылечылася ад ранейшых хвароб. Дактары толькі дзівяцца – раней такога яны не бачылі. Гэты выпадак адметны тым, што паказвае: галоўныя лекі ад усіх хвароб – малітва, дапамога Божай Маці адчувальная нават сёння. Цуды здараюцца, важна толькі ўсім сэрцам верыць.

І. ЗІНЧАНКА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/