АДКРЫЎСЯ КЛЕШЧАВЫ СЕЗОН



Па назіраннях энтамолагаў, у паўднёвых прыродных біятопах краіны з’явіліся першыя іксодавыя кляшчы. Першыя ўкусы зарэгістраваны яшчэ напрыканцы лютага ў Брэсцкай вобласці, а ў сакавіку — яшчэ і ў Віцебскай, Гродзенскай абласцях і Мінску. Іксодавы клешч можа быць пераносчыкам дзевяці інфекцыйных захворванняў, у тым ліку клешчавага энцэфаліту і лаймбарэліёзу. Таму прытрымлівайцеся некаторых парадаў:

1. Пры наведванні дачы, лесу бярыце з сабой рэпеленты, ёд, ніткі, пінцэт, шкляны ці пластмасавы флакончык, які шчыльна закаркоўваецца, вату або ватныя палачкі.

2. Калі даводзіцца быць на тэрыторыі з высокімі кустамі, трэба апранацца так, каб клешч не трапіў пад адзенне. Галаву накрыць кепкай, а лепей — капелюшом, на нагах — боты. Адзенне апрацаваць спецыяльнымі рэчывамі, якія адпалохваюць (рэпеленты) або забіваюць (акарыцыды) кляшчоў.

3. Час ад часу трэба праводзіць самаагляд. Пасля вяртання з лесу вельмі дасканала агледзець цела і адзенне. Клешч прысмоктваецца не адразу, а таму можна паспець выявіць яго да гэтага моманту. Проста патрэсці адзенне недастаткова — трэба вельмі ўважліва агледзець і сябе, і ўсе прадметы, жывёлаў, якія былі з вамі.

4. Вясной і на пачатку лета не трэба несці дадому лясныя кветкі.

5. Казінае малако перад ужываннем трэба кіпяціць 3-5 хвілін.

Як выдаліць кляшча?
-- Пінцэтам асцярожна разгойдваюць і выцягваюць брушка кляшча.
-- Пятлёй ніткі, накінутай на цела кляшча як мага бліжэй да хабатка, выкручваюць яго па стрэлцы гадзінніка.
-- Месца ўкусу пасля выдалення апрацоўваюць 3-працэнтным перакісам вадароду, ёдам або любым спіртавым растворам. Кляшча варта захаваць у флаконе, які шчыльна закрываецца.

Па матэрыялах рэспубліканскага друку

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/