АДДЗЕЛ АДУКАЦЫІ, СПОРТУ І ТУРЫЗМУ ДЗЯТЛАЎСКАГА РАЙВЫКАНКАМА АДЗІН З ЛЕПШЫХ У ВОБЛАСЦІ



Па выніках штогадовага конкурсу на лепшую арганізацыю работы сярод аддзелаў сваёй падгрупы другое месца ў вобласці заняў аддзел адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама. Як педагогам Дзятлаўшчыны ўдалося дасягнуць высокіх вынікаў? На што яны будуць звяртаць асаблівую ўвагу ў далейшым? Пра гэта і многае іншае карэспандэнтка газеты гутарыла з начальнікам аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама І. Кухарэвічам.

-- Ігар Станіслававіч, ведаю, што Дзятлаўшчына не першы раз у тройцы лідараў.
-- Звычайна мы ўваходзім у тройку лепшых, але ў 2012 годзе вынікі пагоршыліся. Безумоўна, давялося правесці глыбокі аналіз дзейнасці за гэты перыяд, каб знайсці і выправіць недахопы. Усе асноўныя паказчыкі работы аддзела курыруюцца нашымі спецыялістамі, вынікі штоквартальна аналізуюцца. Гэта дазваляе ўбачыць тыя накірункі, дзе мы добра працуем, і тыя, на якія варта скіраваць асаблівую ўвагу. Дзякуючы аналізу і прыняццю своечасовых кіраўніцкіх рашэнняў, мы змаглі ўбачыць сябе на фоне іншых раёнаў вобласці і ў 2013 годзе па асноўных 90 паказчыках якасці адукацыйнага працэсу, якія ацэньваліся пры падвядзенні вынікаў конкурсу, выйсці на другое месца ў вобласці сярод аддзелаў сваёй падгрупы.

Але зазначу, што аддзел адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама працуе не для рэйтынгу, а каб стварыць спрыяльныя ўмовы ўсебаковага развіцця асобы навучэнцаў. Таму на працягу паспяховага для аддзела 2013 года, як і раней, асноўным накірункам развіцця сістэмы адукацыі Дзятлаўшчыны з'яўлялася забеспячэнне якасці адукацыі. І ў невялікіх вясковых, і ў буйных гарадскіх школах педагогі імкнуліся даць якасную адукацыю кожнаму дзіцяці, сфарміраваць правільную грамадзянскую пазіцыю, маральныя каштоўнасці навучэнцаў, развіць іх здольнасці і таленты.

-- Варта лічыць, што высокія дасягненні -- гэта вынік зладжанай работы ўсёй сістэмы адукацыі раёна. Хто найбольш пастараўся?
-- Безумоўна, плённа, старанна і творча працавалі ўсе: і работнікі аддзела адукацыі, і кіраўнікі, і калектывы ўстановаў адукацыі Дзятлаўшчыны. Па выніках раённага рэйтынгу асноўных паказчыкаў якасці адукацыі за 2013 год лідзіравалі педагагічныя калектывы Гезгалаўскага яслі-сада, дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №2 г. Дзятлава, яслі-сада №1 г. Дзятлава, гімназіі №1 г. Дзятлава, Наваельнянскай сярэдняй школы, сярэдніх школаў №1 і №3 г. Дзятлава, таксама нас парадавалі значныя поспехі ў развіцці творчых здольнасцяў навучэнцаў, дасягнутыя цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі г. Дзятлава. Наогул, дзякуючы мэтанакіраванай рабоце аддзела і ўстановаў адукацыі, пры падтрымцы і кіраўніцтве раённага выканкаўчага камітэта адбываецца паступовае аднаўленне сістэмы адукацыі раёна і яе далейшае развіццё.

-- Падзяліцеся сакрэтамі паспяховай работы педагогаў.
-- У першую чаргу -- гэта адказныя адносіны да пастаўленых задач. Мы стараемся, калі ўдзельнічаем у канферэнцыях і конкурсах рознага ўзроўню -- ці то раённых, ці то абласных або рэспубліканскіх -- скіраваць намаганні педагогаў на высокія вынікі. Гэта павінен быць не проста ўдзел, а імкненне да перамогі. Усе работы праходзяць старанны аналіз, адбор, карэкціроўку яшчэ на раённым этапе. Дзякуючы сістэмнаму падыходу, маем пэўныя вынікі. Вось толькі некаторыя з іх: у 2013 годзе дыпломам ІІ ступені ў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Крыштальная альфа" па англійскай мове адзначаны Аляксей Шундрык (гімназія №1 г. Дзятлава). На абласным этапе навукова-практычнай канферэнцыі "Крыштальная альфа" дыпломы атрымалі навучэнцы Наваельнянскай сярэдняй школы Сяргей Гранкоўскі і Ілона Грынцэвіч, а таксама навучэнка гімназіі №1 г. Дзятлава Яўгенія Кетка. У абласным конкурсе эколага-біялагічных работ узнагароджаны дыпломам ІІ ступені Маргарыта Бойка і Марыя Шалесная (Лявонавіцкі д/с-СШ), дыпломам ІІІ ступені -- Дыяна Татарынава (Раготнаўскі д/с-СШ). на працягу трох гадоў вынікова ўдзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе "Камп'ютар. Адукацыя. Інтэрнэт" педагогі гімназіі №1 г. Дзятлава. У 2013-2014 навучальным годзе поспехаў на абласным этапе гэтага конкурсу дасягнулі і педагогі сярэдніх школ №1 і №3 г. Дзятлава, Наваельнянскай сярэдняй школы, Раготнаўскага і Хвінявіцкага дзіцячых садоў-сярэдніх школ.

-- Тэма энергазберажэння на працягу апошніх гадоў адна з найбольш актуальных у Беларусі. Як працавалі ў Год беражлівасці школы, садкі, пазашкольныя ўстановы адукацыі Дзятлаўшчыны?
-- Установы адукацыі шмат увагі надавалі фарміраванню ў дзяцей навыкаў энергазберажэння, у тым ліку з выкарыстаннем камп'ютарных тэхналогій, і прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу па эканоміі і беражлівасці "Энергамарафон-2013". Наш аддзел адукацыі, спорту і турызму стаў пераможцам у намінацыі "Лепшы раён вобласці па арганізацыі работы ўстановаў адукацыі ў сферы энергазберажэння" і атрымаў сертыфікат на выдзяленне сродкаў з рэспубліканскага бюджэту ў суме двухсот мільёнаў рублёў для ажыццяўлення энергаэфектыўных мерапрыемстваў у падведамасных установах. У заключным этапе рэспубліканскага конкурсу прыме ўдзел праект вучня сярэдняй школы №1 г. Дзятлава, які заняў першае месца ў намінацыі "Лепшы праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні сярод навучэнцаў ва ўстановах адукацыі". Акрамя таго, калектыў СШ №1 г. Дзятлава атрымаў яшчэ два дыпломы ІІ ступені ў намінацыях "Лістоўка" і "Лепшая ўстанова адукацыі па стварэнні сістэмы работы ў сферы энергазберажэння". Дыплом ІІ ступені ў намінацыі "Плакат" атрымала і навучэнка Гезгалаўскай школы. Дыплом удзельніка ў намінацыі "Лістоўка" быў уручаны навучэнцу Таркачоўскага д/с-СШ.

-- У гэтым навучальным годзе ў раён прыйшлі толькі чатыры маладыя спецыялісты. Гэта -- сумная статыстыка або выключэнне з правілаў? Ці не пагражае раённаму аддзелу адукацыі, спорту і турызму "кадравы голад"?
-- Хутчэй выключэнне. Думаю, што ў далейшым мы зможам лепш весці кадравую палітыку. Ужо сёлета па-новаму падышлі да вырашэння гэтай праблемы: работнікі аддзела адукацыі ездзілі ў навучальныя ўстановы, і, па папярэдніх даных, у жніўні да нас павінны прыйсці 32 маладыя спецыялісты.

-- Ведаю, што педагогі заўжды імкнуцца замацаваць дасягнутыя вынікі. Як лічыце, аддзел утрымаецца ў тройцы лідараў у наступным годзе?
-- Улічваючы тое, што спецыялісты і метадысты аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама добра разумеюць пастаўленыя перад імі задачы і паспяхова спраўляюцца з іх вырашэннем, лічу, што мы зможам утрымаць свае пазіцыі і будзем упэўнена рухацца наперад. Пастаянны аналіз дзейнасці толькі пацвярджае, што ў нас ёсць патэнцыял для далейшага развіцця і ўдасканалення.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/