Адарка



Ранняй вясной галоднага пасляваеннага года вёску Сіняўшчына абляцела вестка: вярнуўся Раман Захарэўскі. Ды не адзін: з маленькай дзяўчынкай на руках, якую называюць дзіўным імем — Адарка. Гэта была не абы-якая навіна, бо бацькі Рамана былі раскулачаны і вывезены разам з дзецьмі ў халодную Сібір. Раман з траіх хлопцаў быў самы старэйшы.

— А дзе ж ён будзе жыць, хата ў вайну згарэла? Ды і дзіця малое, — непакоіліся некаторыя вяскоўцы.

— У цёткі пакуль што пажыве, у Веркі, а потым з адрыны хатку сабе зробіць, бо адрына ж не згарэла, — разважалі іншыя.

Так яно і сталася. За вясну, лета і восень Раман без старонняй дапамогі зрабіў сабе невялікую хату. І вокны, і печ — усё сваімі рукамі. З рання да змяркання тупаў на сядзібе. З вяскоўцамі ў размову асабліва не ўступаў, заўсёды быў маўклівы і задумлівы. Але людзі ведалі пра яго ад старой цёткі Веркі, што даглядала маленькую Адарку, бо ўжо ніякай другой работы, цяжкай, сялянскай, рабіць не магла. Цётка і расказала, што ўся сям'я Захарэўскіх вымерзла і вымерла ў той далёкай Сібіры. Дзеці — пакуль яшчэ да месца ехалі, а бацькі ўжо там знайшлі свой вечны спачын.

— А Раман на фронце быў? — цікавіліся суседзі.

— Не ведаю пра гэта. Не расказваў.

— А дзяўчынка адкуль, Адарка?

— Не ведаеш, адкуль дзеці? Жанаты, кажа, быў, але жонка ўцякла з другім. Дык ён дзяўчынку на рукі і сюды, у родны куток, наймілейшы на свеце.

— Ажэніцца яшчэ. Цяпер у дзеўках недахопу няма, — меркавалі некаторыя.

— Хто ж яго ведае. Вельмі пануры і маўклівы. Пра свае намеры мне не казаў.

Не вядома, як яно было б потым, але Раман нечакана захварэў на сухоты. Праз чатыры гады яго не стала, і маленькая Адарка засталася круглай сіратой. Ёй тады ішоў шосты годзік. Старая і нямоглая баба Вера перайшла жыць у Раманаву хату. Старое і малое. Нацярпеліся і голаду, і холаду. І не выжылі б, канешне, калі б не спагадлівыя вяскоўцы. Яны, самі жывучы ў беднаце, дапамагалі Веры і Адарцы. Ды неўзабаве дзяўчынка і сама пачала зарабляць: пасвіла вяскоўцам гусей, а потым і кароў. Была яна вельмі моцная і здаровая, што называецца, ад снегу да снегу хадзіла босая, лёгка апранутая.

…Хто не бачыў Адарку некалькі гадоў, той не пазнаў бы, бо з дзяўчынкі яна ператварылася ў высокую, па-мужчынску шыракаплечую дзяўчыну, што не ведала стомы ні ў якой рабоце. Пахаваўшы бабулю Веру, якая дажыла амаль да ста гадоў, Адарка засталася ў хаце адна. Яна хадзіла на работу ў калгас, трымала такую гаспадарку, якуб б не кожны мужчына выцягваў: карова і цяля, свінні, куры, авечкі. Аднаго сена на зіму трэба было назапасіць вялікае мноства. Але яна спраўлялася. Была, як і Раман, маўклівая, у размовы ўступала неахвотна. Ды за гэтай знешняй панурасцю і нелюдзімасцю хавалася добрая і спагадлівая душа. За гэта яе і любілі. У вёсцы, бадай, не было такога чалавека, якому б яна не дапамагла, не падтрымала ў бядзе.

Аднойчы летам, вярнуўшыся з сенажаці, застала ў сваёй хаце злодзея: выцягнуў з шафы адзенне, з кубельца склаў у торбу амаль усё сала. Адарка не лямантавала, не праклінала таго, хто паквапіўся на яе дабро. Яна пасадзіла сталага, бедна апранутага чалавека за стол, наліла ў міску стравы, што стаяла ў яшчэ цёплай печы. Калі той паеў, спытала:

— Чаму вы пайшлі красці? Чаму ўзялі на душу такі грэх?

І ён расказаў, што адно за адным памерлі сын і нявестка, пакінуўшы на ягоных руках чацвёра малых дзяцей. Жонка ад гора страціла розум і ад яе ніякай дапамогі.

Адарка напакавала дзедаву торбу ўсялякай ядой, дала грошай і штокольвечы з адзення, каб вясковая швачка (а дзед быў з далёкіх Гірбянят) перашыла яго малым.

У калгасе Адарка была першай работніцай. Калі ў вёсцы пабудавалі свінаферму, пайшла працаваць туды. Грошы складвала на ашчадную кніжку, на чорны дзень. І чорны дзень наступіў, калі ўсе яе зберажэнні зніклі з той кніжкі ў невядомым кірунку. Між іншым, як і ва ўсіх.

У той жа год Адарка кінула работу, бо ўжо атрымлівала пенсію, прадала карову, авечак і купіла казу.

— Папрацавала б яшчэ, Раманаўна, на ферме. Цяжка без цябе, — прыехаў аднойчы да яе заатэхнік. — Грошай зарабіла б. Цяпер заробак стаў большы.

— Для чаго тыя грошы? Каб зноў абакралі?

— Хто абакраў?

— А я ведаю?.. — толькі і прамовіла.

Аднойчы восенню з палетку, што раскінуўся адразу за вёскай, не паспелі ўбраць салому. Узяўшы посцілку, Адарка пайшла, каб набраць яе на падсціл казе. Набрала. Толькі перайшла дарогу, як адчула, што вельмі моцна пячэ ў галаву. Яна ў той час ужо добра-такі страціла слых і не чула, як пад'ехала машына новага старшыні калгаса — мужчыны звераватага і злога, і як ён, выскачыўшы са свайго "казла", падбег ззаду і падпаліў у посцілцы салому. Адарка ледзь паспела адкінуць убок тую посцілку, бо ўжо вось-вось загарэлася б хустка на галаве…

Старая жанчына вельмі спалохалася. З таго дня моцная, дужая Адарка пачала таяць нібы свечка. Вяскоўцы, што любілі яе ўсёй душой, лаялі таго старшыню-недарэку апошнімі словамі і лячылі бедную Адарку як маглі. Вазілі да знахароў у далёкія вёскі, да дактароў ажно ў Мінск. Але ніхто не даў рады.

Мінулым летам, акурат на пачатку жніва, Адарка памерла. Правесці яе ў апошні шлях прыйшлі такія ж гаротнікі, як і сама, — састарэлыя жыхары вёскі. А калгас, якому аддала столькі сіл і працы, пра Адарку забыўся. Ды ёй гэта ўжо ўсё роўна. Яна даўно зразумела, што просты чалавек нікому не патрэбны. І з гэтай горкай праўдай сышла ў магілу…

Комментарии

адарка

от рассказа повеяло чем то до боли знакомым,потом вспомнил-ссср.спасибо автору.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/