Абласны фінал



Жаночая і мужчынская зборныя каманды раёна па валейболу і зборная каманда раёна па міні-футболу здабылі пуцёўкі ў абласны фінальны турнір рэспубліканскай спартакіяды сельскіх жыхароў.

У мінулую суботу, 10 верасня, у Дзятлаве прайшлі адборачныя занальныя турніры па валейболу, міні-футболу і стрытболу. За дзве пуцёўкі ў абласны фінальны турнір сельскай спартакіяды ў кожным з названых турніраў змагаліся каманды Дзятлаўскага, Навагрудскага, Карэліцкага і Воранаўскага раёнаў.

Дзятлаўская жаночая каманда, якая выступіла ў складзе "Белтэрміза", адборачны занальны турнір у Дзятлаве выйграла ўпэўнена. Ва ўсіх трох матчах супраць зборных каманд Навагрудскага, Воранаўскага, Карэліцкага раёнаў дзятлаўчанкі перамаглі з аднолькавым лікам — 2:0.

"Белтэрміз" выступіў у наступным складзе: Ала Лапатэй, Ксенія Лубешка, Наталля Абрамчык, Аксана Баброўнік, Юлія Сіняк, Алена Пяцэвіч, Вольга Васіленка, Таццяна Глебка. Трэнер — Васіль Русін.

Другое месца ў занальным турніры, а з ім і другая пуцёўка ў абласны фінальны турнір дасталася камандзе Карэліцкага раёна. Наступныя месцы ў занальным турніры занялі каманды Воранаўскага раёна (адна перамога), Навагрудскага раёна (без перамог).

Мужчынская каманда Дзятлаўскага раёна прайшла ў аналагічны фінальны турнір з другога месца ў адборачным занальным турніры. Дзятлаўчане па 2:0 выйгралі ў каманд Навагрудскага і Воранаўскага раёнаў і прайгралі карэліцкай камандзе — 0:2. У выніку Карэлічы занялі першае месца (тры перамогі), Дзятлава — другое (дзве перамогі), Воранава — трэцяе (адна перамога), Навагрудак — чацвёртае (без перамог).

Дзятлаўская каманда выступіла у наступным складзе: Дзмітрый Абрамчык, Аляксандр Казлоўскі, Андрэй Каско, Аляксей Лупач, Дзяніс Русін, Вадзім Бойка, Вячаслаў Грышук. Трэнер — Аляксандр Адамчык.

Навейшая гісторыя ўдзелу дзятлаўскай жаночай каманды ў абласным турніры сельскай спартакіяды наступная: 2007 год — 9 месца, 2008 — 4 месца, 2009 — 3 месца, 2010 год — 2 месца. Настаў час статыстычна і рэальна прэтэндаваць на першае?

Статыстыка ўдзелу ў абласной сельскай спартакіядзе дзятлаўскай мужчынскай каманды менш выразная: 2007 год — 3 месца, 2008 — 4, 2009 - 4, 2010 - 7 месца.

У міні-футбольным турніры дзятлаўчане два матчы завяршылі з нічыйным вынікам: Дзятлава — Воранава — 1:1, Дзятлава — Навагрудак — 3:3. Трэці матч выйгралі ў каманды Карэліцкага раёна — 5:0. Першае месца ў турніры заняла каманда Воранаўскага раёна, другое — Дзятлаўскага. Абедзве каманды атрымалі пуцёўкі ў абласны фінальны турнір. На трэцім і чацвёртым месцах — навагрудскія і карэліцкія футбалісты.

Дзятлаўская каманда выступіла ў наступным складзе: Вадзім Якаўчык, Аляксей Якаўчык, Дзяніс Скробук, Аляксандр Паўлоўскі, Уладзімір Жынко, Ігар Макарчык, Дзяніс Янчук. Трэнер — Аляксей Якаўчык.

Не змагла прабіцца ў абласны фінальны турнір сельскай спартакіяды дзятлаўская каманда па стрытболу. Дзятлаўчане перамаглі сапернікаў з Карэліцкага раёна — 16:9 і пацярпелі два паражэнні: ад навагрудчан — 12:15 і ад воранаўскіх стрытбалістаў — 9:16.

Абласныя фінальныя турніры сельскай спартакіяды адбудуцца ў Гродне 23-25 верасня.

Б.ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/