АБЕРАГАЙ МЯНЕ, МОЙ ТАЛІСМАН



Ва ўяўленнях людзей старажытных часоў, каштоўныя камяні павінны былі прыносіць іх уладальнікам шчасце і поспех ва ўсіх справах. З цягам часу людзі сталі звязваць гэтыя бліскучыя каменьчыкі з месяцам нараджэння, а ў 1968 годзе ў Лондане на Міжнародным кангрэсе мінеролагаў і астролагаў быу зацверджаны спецыяльны каляндар камянёў-самацветаў. Вось яго галоўная "старонка": студзень -- гранат, люты -- аметыст, сакавік -- аквамарын, красавік -- алмаз, май -- ізумруд, чэрвень -- жэмчуг, ліпень -- рубін, жнівень -- хрызаліт, верасень -- сапфір, кастрычнік -- апал, лістапад -- тапаз, снежань -- біруза.

У спалучэнні каменя-самацвета і месяца нараджэння чалавека назіраецца простая і лагічная тэндэнцыя: сярод камянёў вясенніх і першых летніх месяцаў пераважаюць зялёныя і светлыя адценні; сярэдзіна лета і яго спёка выклікаюць у памяці чырвоныя і жоўтыя колеры; восень прыцягвае да яркіх і сініх, а зіма -- да блакітных і фіялетавых таноў. І выключэнні, якія здаюцца нам на першы погляд, толькі пацвярджаюць агульнае правіла. Так, напрыклад, вогненна-чырвоны студзеньскі гранат быццам бы грэе, як гарачыя вуглі ў каміне, у зімовую сцюжу; зіхатлівыя красавіцкія брыльянты, вытачаныя з алмазаў, асацыіруюцца з ледзяшамі, якія растаюць; жэмчуг -- талісман гарачага чэрвеня -- нагадвае кроплі ранішняй расы на траве гэтага багатага на росы месяца.

Кожны самацвет мае сваю афарбоўку. Скарыстайцеся своеасаблівым каталогам колераў вашых мінералаў. І калі ваш камень і колер як-небудзь дапамогуць вам палепшыць настрой, зняць стрэс і паменьшыць хваляванні, тады... выснову рабіце самастойна. У наступных нумарах газеты, адкрываючы першую старонку камянёў-самацветаў, вы пазнаёміцеся са студзеньскім талісманам -- чырвоным і вогненна-чырвоным гранатам.

А. БАГДАСАРАЎ, прафесар

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/