АБАВЯЗАК БАЦЬКОЎ - КЛАПАЦІЦЦА ПРА ДЗЯЦЕЙ




ПІЛІ ПІВА НА СТАДЫЁНЕ

На дзятлаўскі стадыён "Колас" часта прыходзіць кампанія хлопцаў-падлеткаў. Звычайна яны гуляюць тут у футбол, з карысцю бавяць вольны час. У школе непаўналетнія таксама характарызуюцца станоўча, паспяхова вучацца, асаблівых заўвагаў па паводзінах не маюць. Аднак нядаўна работнікі міліцыі затрымалі іх на вуліцы Міцкевіча — узнікла падазрэнне, што падлеткі нецвярозыя. Медыцынскі агляд пацвердзіў, што алкаголь яны і сапраўды ўжывалі.

Як прызналіся абодва сябры на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, яны ў той вечар пілі піва на стадыёне, а пасля пайшлі дахаты і былі спынены праваахоўнікамі. На бацькоў падлеткаў склалі адміністрацыйныя пратаколы за тое, што яны недастаткова ўвагі надаюць выхаванню дзяцей, якія дапусцілі адразу два правапарушэнні: распіццё алкаголю ў грамадскім месцы (на стадыёне "Колас") і знаходжанне ў грамадскім месцы (на вуліцы Міцкевіча) у стане алкагольнага ап'янення. Сваю віну школьнікі прызналі поўнасцю. Улічыўшы станоўчыя характарыстыкі на непаўналетніх, члены камісіі вырашылі папярэдзіць бацькоў парушальнікаў аб недапушчэнні аналагічных сітуацый у далейшым. Хлопцам жа параілі ўмацоўваць здароўе, а не псаваць яго алкаголем.


УРОК НЕ ЗАСВОІЎ

Хлопец набыў піва і піў яго ля магазіна "Юбілейны" ў Дзятлаве, дзе яго затрымалі работнікі міліцыі. Пакуль тлумачылі, што ў грамадскім месцы ўжываць алкаголь забаронена законам, і складалі адміністрацыйны пратакол, высветлілася, што парушальнік яшчэ і непаўналетні, але да дня нараджэння заставалася няшмат часу.

На пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама хлопец прыйшоў ужо 18-гадовым, а таму і размаўлялі з ім па-даросламу. Юнак на камісіі і раней быў частым госцем, гэта ўжо другі яго "п'яны пратакол" на працягу года. Такія правапарушэнні, згодна з законам, караюцца штрафам у памеры ад 2 да 10 базавых велічыняў. Члены камісіі вырашылі спыніцца на "залатой сярэдзіне" і назначылі аматару алкагольных напояў штраф у памеры 5 базавых велічыняў. Таксама юнака папярэдзілі, што трэці на працягу года пратакол за з'яўленне п'яным або ўжыванне алкаголю ў грамадскім месцы стане для яго "пуцёўкай" у лячэбна-працоўны прафілакторый.


ДЗЕЦІ СТАЛІ ЛІШНІЯ

Дзвюх непаўналетніх дзяўчынак гадуюць бабуля і дзядуля. I маці, і бацькі дзяцей жывыя-здаровыя, проста ім няма справы да лесу дачок. Больш-менш цікавіцца жыццём сям'і бацька старэйшай дзяўчынкі. Мужчына зрэдку тэлефануе, плаціць аліменты, дорыць падарункі, два гады таму вазіў дачку на мора, летась на месяц забіраў у час канікулаў у сваю новую сям'ю, якая жыве ў сталіцы. Пры гэтым бацька не згаджаецца сам гадаваць дачку, тлумачьщь такое рашэнне тым, што новая жонка не хоча прымаць чужое дзіця. На жаль, адшукаць бацьку малодшай дзяўчынкі не ўдалося, як і не ўдалося даставіць на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама маці дзяцей, якая тэлефануе толькі з чужых нумароў і не прызнаецца, па якім адрасе жыве ў Мінску.

Бабуля і дзядуля стаміліся шукаць праўды, яны згодны гадаваць дзяўчынак, але хочуць, каб бацькі таксама ўспомнілі, што ў іх ёсць дзеці, за якіх яны адказваюць. Паколькі прыняць канкрэтнае рашэнне ў час пасяджэння камісіі так і не ўдалося, дзяўчынак прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Непаўналетнія так і застануцца ў бабулі з дзядулем, але іх бацькам, цяпер ужо абавязаным асобам, давядзецца абавязкова плаціць грошы на ўтрыманне дзяцей. Калі яны і надалей будуць парушаць патрабаванні Дэкрэта №18, адказваць за гэта давядзецца ў зале суда.

А. ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
С. ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
В. ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
I. СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты "Перамога", член камісіі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/