АБ ВЫНІКАХ ПРАВЕРКІ НАВЯДЗЕННЯ ПАРАДКУ НА ПЕРАПРАЦОЎЧЫХ ПРАДПРЫЕМСТВАХ



Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці ў мэтах выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы, дадзеных пры наведванні адкрытага акцыянернага таварыства "Слуцкі льнозавод" і "Слуцкі мясакамбінат" праводзіліся кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы па навядзенні парадку на перапрацоўчых прадпрыемствах вобласці.

У ходзе праведзеных маніторынгаў на 36 прадпрыемствах вобласці ўстаноўлена, што на шэрагу прадпрыемстваў перапрацоўкі будынкі знаходзяцца ў нездавальняючым стане, патрабуюць правядзення рамонту.

Так, у ААТ "Слонімскі льнозавод" у шохах для захоўвання льнотрасты працякае дах. У вытворчым цэху, будынку пагрузкі льновалакна, раздзявалках неабходна выканаць рамонт сцен, падлогі. У цэху перапрацоўкі мясной прадукцыі СВК імя Дзеньшчыкова Гродзенскага раёна маюцца расколіны ў сценах будынка, адслойваецца пафарбовачнае пакрыццё сцен фасада, столі вентылюемага памяшкання. Маецца бруд на столі і сценах будынка забойнага цэха. У СВК імя Крамко Гродзенскага раёна ўстаноўлена наяўнасць цвілі на столі забойнага цэха.

У ААТ "Лідскі мясакамбінат" будынак санітарнай бойні, складскія памяшканні, цэх утылізацыі мясных канфіскатаў знаходзяцца ў аварыйным стане, не дэмантаваны. Патрабуюць рамонту аглядавыя калодзежы забойнага цэха, неабходна пафарбоўка абсталявання, трубаправодаў і будаўнічых канструкцый павільёнаў артсвідравін, санітарна-бытавых памяшканняў цэха паўфабрыкатаў, дапаможных участкаў і іншых вытворчых памяшканняў.

У ААТ "Скідальскі цукровы камбінат" сцены пакавальнага цэха і цэха па вытворчасці цытрынавай кіслаты пакрытыя цвіллю. Адсутнічаюць абсталяваныя пажарныя шчыты. Гатовая прадукцыя (прэсаваны і рассыпны цукар) захоўваецца пры высокай вільготнасці, жалезабетонныя сцены склада пакрыты цвіллю і карозіяй.

Не нададзена належная ўвага стану будынкаў у АСП "Айцоўскі спіртавы завод", СВК "Абухава", СВК "Прагрэс-Верцялішкі", ААТ "Агракамбінат "Скідальскі", ААТ "Ашмянскі дражджавы завод", ААТ "Ашмяны-лён", ААТ "Слонімскі льнозавод", ААТ "Смаргонскі льнозавод".

У ходзе праведзеных маніторынгаў адзначаецца таксама і нездавальняючы стан тэрыторый -- пустазелле не прыбіраецца, дзікарослыя дрэвы, як правіла, растуць хаатычна, дапускаецца наяўнасць высокай расліннасці і на дахах будынкаў, маюцца пашкоджанні агароджы тэрыторый, асфальтабетоннага пакрыцця: ААТ "Лідлён" Лідскага раёна, Ашмянскі сыраробны завод, ААТ філіял "Лідскі малочна-кансервавы камбінат", ААТ "Лідскі мясакамбінат", ААТ "Ашмянскі дражджавы завод", ВПУП "Смаргонскі камбікормавы завод", ААТ "Слонімскі мясакамбінат", ААТ "Слонімскі льнозавод", ААТ "Ашмяны-лён", ААТ "Смаргонскі льнозавод".

Не надаецца належная ўвага збору другасных рэсурсаў (пляцоўкі для захоўвання не адведзены), на тэрыторыі раскіданы металалом, колы ад тэхнікі, іншыя бытавыя адходы (ААТ "Лідлён" Лідскага раёна, ААТ "Дварэцкі льнозавод", ААТ "Слонімскі мясакамбінат", Ашмянскі сыраробны завод, ААТ філіял "Лідскі малочна-кансервавы камбінат", ААТ "Ашмянскі дражджавы завод").

Маюць месца факты выкарыстання абсталявання ў аварыйным стане (кацельня ААТ "Лідлён").

Не наладжана работа па разборцы невыкарыстоўваемага спісанага абсталявання (ААТ "Лідлён", ААТ "Ашмянскі дражджавы завод", ААТ "Слонімскі льнозавод"). У ААТ "Лідскі мясакамбінат" пад навесам з 1991 года ляжыць абсталяванне, якое было прызначана для аснашчэння новага мясакамбіната, які да гэтага часу не дабудаваны. Часткова абсталяванне пакрылася іржой, скрыні разбітыя.

Акрамя таго, на ААТ "Лідскі мясакамбінат" устаноўлены факты псавання сыравіны. Так, у лютым 2014 года было забракавана і накіравана на ўтылізацыю мяса птушкі (курынае) у колькасці 3600 кг па прычыне заканчэння тэрмінаў прыдатнасці.

Па ўсіх устаноўленых фактах безгаспадарчасці накіраваны прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў і прыцягненні да адказнасці вінаватых асобаў.

Пытанні навядзення парадку на перапрацоўваючых сельскагаспадарчую прадукцыю прадпрыемствах знаходзяцца на пастаянным кантролі Камітэта дзяржкантролю.

А. САДАЎНІЧЫ, першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантроля Гродзенскай вобласці

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/