АБ ВЫНІКАХ ПРАВЕДЗЕНАГА МАНІТОРЫНГУ ЗА ХОДАМ ПАДРЫХТОЎКІ ДА РАБОТЫ Ў АСЕННЕ-ЗІМОВЫ ПЕРЫЯД 2013/2014 ГОДА Ў ГРОДЗЕНСКАЙ ВОБЛАСЦІ



На пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці 26 верасня 2013 года было разгледжана пытанне аб выніках маніторынгу за ходам падрыхтоўкі да работы ў асенне-зімовы перыяд 2013-2014 года. Калегіяй было адзначана, што падрыхтоўка ў вобласці ажыццяўляецца ў цэлым у адпаведнасці з распрацаванымі арганізацыйна-тэхнічнымі мерапрыемствамі. Задавальняецца ў асноўным патрэбнасць насельніцтва, аб'ектаў сацыяльнай сферы і культурна-бытавога прызначэння ў мясцовых відах паліва, завяршаюцца замена і будаўніцтва цеплавых сетак, стварэнне неабходных запасаў паліва.

Разам з тым меры, якія прымаюцца, недастатковыя.

Па стане на 25 верасня 2013 года працэнт гатоўнасці цеплакрыніц складаў 74,98 %, спажыўцоў цеплавой энергіі -- 86,3%.

Скончыліся тэрміны падпісання пашпартоў па 326 цеплакрыніцах і 502 спажыўцам вобласці.

Такія спажыўцы, як ААТ “Лідсельмаш”, СВК, аддзелы культуры і адукацыі райвыканкамаў з года ў год парушаюць тэрміны рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці.

Праверкі і маніторынгі, якія праводзяцца, гавораць аб фактах адставання або правядзення работ па падрыхтоўцы жыллёвага фонду вобласці да работы ў асенне-зімовы перыяд не ў поўным аб'ёме. Так, КУП “ЖКГ Гродзенскага раёна” аснашчана прыборамі ўліку цеплавой энергіі ў сістэме ацяплення шматкватэрных жылых дамоў толькі на 60%, Свіслацкае РУП ЖКГ -- на 86%, Бераставіцкае -- 72%; прыборамі ўліку цеплавой энергіі на гарачае водазабеспячэнне: КУП “ЖРЭС Смаргонскага раёна” -- на 31%, Карэліцкае РУП ЖКГ -- на 29%, Бераставіцкае -- на 35%; сістэмамі аўтаматычнага рэгулявання: Карэліцкае РУП ЖКГ -- на 19%, Бераставіцкае -- на 72%.

Не ў поўным аб'ёме завершаны работы па забеспячэнні адключэння ацяплення месцаў агульнага карыстання: КУП "ЖЭС Смаргонскага раёна” (80%), КУП “ЖКГ Гродзенскага раёна” (94%).

Не ўсе навучальныя ўстановы г. Гродна гатовыя да навучальнага года і да асенне-зімовага перыяду 2013-2014 года. У СШ №8 па вул. Васілька вядзецца рамонт даху, а ў выніку зацякання вады пасля дажджоў у памяшканнях на верхніх паверхах школы дапушчана адслаенне шпалераў на сценах, зацёкі столяў, уздуцце паркету ў актавай зале. Не былі закончаны будаўнічыя работы ў сталовай СШ №22 па вул. Урублеўскага, 92, у гімназіі №3 па вул. Соламавай, 58, у гімназіі №4 па вул. Рэпіна, 17.

Выкананне прадпрыемствамі ЖКГ вобласці Праграмы па пераводзе кацельняў на спальванне мясцовых відаў паліва на 2013 год знаходзіцца пад пагрозай зрыву.

З прадугледжаных 12 катлоў на 9 кацельнях (тэрмін -- кастрычнік) фактычна завершаны работы па ўстаноўцы толькі 2 катлоў у кацельні ў в. Індура КУП "ЖКГ Гродзенскага раёна". Да цяперашняга часу не пачаты работы ў кацельнях па вул. Астроўскага ў г. Шчучыне Шчучынскага РУП ЖКГ, у в. Галавачы ГРУП Скідальскага ЖКГ, в. Мінойты і в. Астроўля Лідскага ГУП ЖКГ, в. Стары Дварэц і в. Алекшыцы Бераставіцкага РУП ЖКГ.

У ААТ “Торфабрыкетны завод “Дзітва” не ўкаранёна мерапрыемства па ўстаноўцы катла на торфе магутнасцю 6 МВТ, у рэалізацыю якога ўкладзены 13,5 мільярда рублёў.

Бераставіцкім РУП ЖКГ не выканана заданне па завяршэнні ў 2013 годзе работ па аптымізацыі рэжымаў у кацельні г.п. Бераставіца.
Не належным чынам падрыхтаваны кацельні да асенне-зімовага перыяду.

З абследаваных 308 кацельных прадпрыемстваў вобласці па 47 у выдачы станоўчага заключэння адмоўлена па прычыне неправядзення тэхнічнага дыягнаставання катлоў, якія адпрацавалі нарматыўны тэрмін службы, адсутнасці ПСД на ўстаноўку катлоў, актаў праверкі дымавых трубаў, газаходаў, неўкамплектаванасці пажарных шчытоў і г. д.

У гарадской кацельні па вул. Савецкай, 15 у г. Шчучыне Шчучынскага РУП ЖКГ з двух устаноўленых катлоў у рабочым стане знаходзіцца адзін, які па тэхнічных характарыстыках не можа забяспечыць падключаныя цеплавыя нагрузкі. Другі кацёл па выніках тэхнічнага дыягнаставання прызнаны непрыдатным для далейшай эксплуатацыі; з кастрычніка 2012 года не прыняты меры па прывядзенні яго ў рабочы стан або замене.

Па г. Гродне з лістапада 2012 г. гарвыканкамам не вызначаны балансатрымальнік цеплавых сетак у колькасці 10 км, якія патрабуюць рамонту або замены.
Звышнарматыўныя страты ў цепласетках атрыманы ў 1 паўгоддзі цяперашняга года Зэльвенскім, Астравецкім, Ашмянскім, Смаргонскім і Шчучынскім РУП ЖКГ у колькасці 7,5 тысячы Гкал на суму 4,5 мільярда рублёў, якая аднесена на страты прадпрыемстваў.

Не надаецца належнай увагі сеткам каналізацыі. Так, ААТ “Слонімскі водаканал” у 2012 годзе пры аказанні юрыдычным асобам і насельніцтву паслугаў па водаадвядзенні сцёкавых водаў у колькасці 3492 тысячы куб. м. у сетцы каналізацыі з-за неналежнага іх стану дапушчана неарганізаванае пранікненне 2720,7 тысячы куб. м. грунтавых водаў, перапампоўванне і ачыстка якіх абышлася прадпрыемствам г. Слоніма ў 6,3 мільярда рублёў.

У выніку невыканання заданняў па выкарыстанні мясцовых відаў паліва на камбінаваных кацельнях з улікам максімальна магчымай загрузкі адпаведнага абсталявання 4-ма прадпрыемствамі ЖКГ (Бераставіцкім, Астравецкім, Зэльвенскім і Шчучынскім РУП ЖКГ) аплачана за спажыты прыродны газ газазабяспечваючай арганізацыі па павышаным тарыфе за I паўгоддзе 2013 года -- 1,6 мільярда рублёў.

За незабеспячэнне задання па зніжэнні спажывання электрычнай энергіі і прыроднага газу на вытворчыя патрэбы ў сумарным аб'ёме не менш чым на 5% у I паўгоддзі бягучага года пятнаццаці прамысловым прадпрыемствам вобласці (ААТ “ГроднаАзот”, ААТ “Мастоўдрэў”, ААТ “Гродзенскі КБМ” і інш.) налічана энерга- і газазабяспечваючымі арганізацыямі выплат па павышаных тарыфах за электраэнергію і газ у памеры 5,5 мільярда рублёў.

Па выніках калегіяй прынята пастанова аб прыняцці неабходных мераў па своечасовым выкананні ўсяго комплексу мерапрыемстваў па падрыхтоўцы прадпрыемстваў і арганізацый вобласці да работы ў асенне-зімовы перыяд 2013-2014 года і ліквідацыі выяўленых недахопаў, прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці вінаватых асобаў, якія дапускаюць валакіту пры падрыхтоўцы аб'ектаў да работы ў асенне-зімовы перыяд 2013-2014 года і незахаванне рэжыму эканоміі і беражлівасці, а таксама асобаў, якія дапусцілі зрыў тэрмінаў падрыхтоўкі школ да 2013-2014 навучальнага года.

У. ГЕРАСІМАЎ, старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/