Аб рэгістрацыі часовага знаходжання замежных грамадзян ў Рэспубліцы Беларусь



Дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь усё большае значэнне надаюць кантролю за выкананнем замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства правілаў знаходжання ў рэспубліцы і правілаў транзітнага праезду праз тэрыторыю Беларусі.

Адным з інструментаў кантролю грамадзян дадзенай катэгорыі з'яўляецца рэгістрацыя іх па месцы часовага знаходжання. Як паказвае практыка, большасць правапарушэнняў, звязаных з парушэннямі правілаў знаходжання ў Беларусі, учыняюцца замежнымі грамадзянамі з-за няведання парадку, тэрмінаў, асаблівасцяў рэгістрацыі часовага знаходжання.

ТЭРМІН ЗНАХОДЖАННЯ

Тэрмін часовага знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь замежнага грамадзяніна вызначаецца выдадзенай яму візай і не можа перавышаць 90 сутак з дня першага ўезду ў рэспубліку, калі іншае не прадугледжана беларускім заканадаўствам. Пры ўездзе на тэрыторыю нашай краіны замежны грамадзянін запаўняе карту, якая з'яўляецца дакументам, што ўтрымлівае звесткі аб ім і служыць для ажыццяўлення кантролю за яго часовым знаходжаннем у рэспубліцы. Акрамя таго, замежныя грамадзяне абавязаны на працягу пяці сутак, за выключэннем выхадных дзён, дзяржаўных святаў і святочных дзён, аб'яўленых непрацоўнымі, зарэгістравацца ў органе рэгістрацыі па месцы фактычнага часовага знаходжання.

МЕСЦА ПРАЖЫВАННЯ

Замежныя грамадзяне, якія часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь, абавязаны пражываць толькі па тым адрасе, па якім яны зарэгістраваны ў органах рэгістрацыі. Пры змене месца часовага знаходжання яны павінны на працягу пяці сутак зарэгістравацца ў органе рэгістрацыі па новым месцы часовага знаходжання. Замежныя грамадзяне, якія прыехалі ў Беларусь з мэтай турызму і вандруюць па краіне, згодна з праграмай тура, рэгіструюцца ў органе рэгістрацыі па месцы першапачатковага часовага знаходжання на ўвесь перыяд правядзення тура.

НОВАЎВЯДЗЕННІ

Адным з заканадаўчых новаўвядзенняў з'яўляецца павелічэнне тэрмінаў знаходжання без рэгістрацыі для жыхароў дзяржаваў-суседзяў: Расійскай Федэрацыі, Латвіі, Літвы, Украіны. Грамадзяне вызначаных дзяржаў вызваляюцца ад рэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі на перыяд знаходжання 30 дзён з даты ўезда пры наяўнасці міграцыйнай карты. Рэгістрацыя, падаўжэнне тэрміну часовага знаходжання замежнага грамадзяніна афармляецца шляхам прастаўлення адзнакі аб рэгістрацыі на міграцыйнай карце ў выглядзе пячаці (штампа) рэгіструючай арганізацыі.

ПРАВІЛЫ РЭГІСТРАЦЫІ

Для рэгістрацыі патрабуецца абавязковая прысутнасць грамадзяніна, за выключэннем рэгістрацыі непаўналетняга замежнага грамадзяніна ва ўзросце да 16 гадоў. Яго рэгістрацыя ажыццяўляеца на падставе адпаведных дакументаў, прадастаўленых яго прадстаўніком.

АДМІНІСТРАЦЫЙНАЯ АДКАЗНАСЦЬ

За парушэнне замежным грамадзянінам або асобай без грамадзянства правілаў знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Парушэнні могуць заключацца ў знаходжанні на тэрыторыі Беларусі без візы, міграцыйнай карты, пашпарта; знаходжанні ў рэспубліцы па несапраўдных дакументах; ухіленні ад выезду па заканчэнні тэрміну знаходжання; парушэнні правілаў транзітнага праезда праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Адміністрацыйная адказнасць распаўсюджваецца на непрыняцце індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычнай асобай, а таксама фізічнай асобай, якія прымаюць замежнага грамадзяніна, мераў па яго своечасовай рэгістрацыі. Адміністрацыйная адказнасць прымяняецца на прадастаўленне жылога або іншага памяшкання для пражывання, транспартнага сродку замежнаму грамадзяніну, які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі з парушэннем правілаў знаходжання ў рэспубліцы, а таксама на працаўладкаванне такога грамадзяніна.

Для афармлення рэгістрацыі замежнага грамадзяніна вам неабходна звярнуцца ў групу па грамадзянстве і міграцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама ў любы з прыёмных дзён: панядзелак, чацвер, субота з 8.00 да 13.00; аўторак, пятніца з 8.00 да 17.00 (перапынак з 13.00 да 14.00); серада з 11.00 да 20.00 (перапынак з 15.00 да 16.00).

В. ЛАМАКА, старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/