АБ ПАРУШЭННЯХ ДАНЫХ ДЗЯРЖАЎНАЙ СТАТЫСТЫЧНАЙ СПРАВАЗДАЧНАСЦІ НА ПРАДПРЫЕМСТВАХ ГРОДЗЕНСКАЙ ВОБЛАСЦІ



Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці ў ходзе праведзеных праверак фінансава-гаспадарчай дзейнасці суб'ектаў вобласці вызначаны скажэнні дадзеных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці.

Хацелася б адзначыць, што за скажэнне дадзеных статсправаздачнасці толькі за IV квартал 2013 года Камітэтам вобласці прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 8 чалавек на суму больш за 20 мільёнаў рублёў.

Так, пры праверцы СВК "Забалацкі-Агра" Воранаўскага раёна было ўстаноўлена, што з мэтай утойвання недастачы маладняку буйной рагатай жывёлы ў колькасці 13 галоў загадчыкам комплексу ў бухгалтэрыю кааператыва ў лютым 2013 года былі прадастаўлены першасныя ўліковыя дакументы на рэалізацыю за наяўны разлік дадзенай жывёлы работнікам комплексу. Аднак у далейшым выяўлена, што дадзены маладняк загінуў яшчэ ў жніўні 2012 года. Разам з тым, на яго на працягу сямі месяцаў спісваліся кармы, малако на выпойванне, і, акрамя таго, налічвалася заработная плата аператарам жывёлагадоўчага комплексу, чым быў нанесены ўрон кааператыву на суму больш за 28 мільёнаў рублёў.

Акрамя таго, у органы дзяржаўнай статыстыкі кааператывам на 1 красавіка 2013 года былі прадастаўлены недакладныя даныя аб валавым надоі малака ў бок завышэння на 1429 цэнтнераў, што прывяло да скажэння статыстычнай справаздачнасці. У выніку завышэння валавога надою малака прадукцыйнасць адной каровы завышана на 126,5 кг.

На падставе дадзеных матэрыялаў былі ўзбуджаны 2 крымінальныя справы.

У ходзе праверкі СВК "Чарнелі" Іўеўскага раёна ўстаноўлена, што па стане на 1 ліпеня 2013 года адлюстравана нарыхтоўка сенажу ў колькасці 4584 тоны, аднак згодна з першаснымі бухгалтарскімі дакументамі колькасць нарыхтаванага сенажу склала 3358 тон. Выходзіць, дадзеныя дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці аб аб'ёмах нарыхтаванага сенажу былі завышаны на 1226 тон (на 27%).

Праверка СВК ім. Чарняхоўскага Карэліцкага раёна ўстанавіла скажэнне дадзеных дзяржаўнай статыстычнай справаздачы ў частцы заніжэння пасяўных плошчаў сумесяў каласавых і кукурузы адпаведна на 422 га і 28 га.

Акрамя таго, у дадзенай справаздачы была адлюстравана сяўба сталовых буракоў на плошчы 0,5 га і сталовай морквы на плошчы 0,5 га, якая фактычна ў кааператыве не ажыццяўлялася.

Акрамя таго, у выніку праверкі дакладнасці ўборачных плошчаў сельскагаспадарчых культур вызначаны разыходжанні ў бок заніжэння паміж дадзенымі аб пасяўных плошчах, адлюстраванымі ў дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці і іх фактычнай наяўнасцю па дадзеных землекарыстання ў колькасці 597 га.

Праверкай дакладнасці статыстычнай справаздачнасці па выкананні мерапрыемстваў па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў і павелічэнні выкарыстання мясцовых відаў паліва, адходаў вытворчасці і іншых другасных і ўзнаўляльных энергарэсурсаў, у ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод" за 2012 год, студзень-верасень 2013 г. устаноўлена, што ўказаныя ў форме статыстычнай справаздачнасці выдаткі на ўкараненне мерапрыемстваў не пацвярджаюцца дадзенымі бухгалтарскага ўліку, у выніку чаго выдаткі заніжаны на 1053 мільёна рублёў.

Парушэнні ў прадастаўленні формаў статыстычнай справаздачнасці былі ўстаноўлены ў СВК "Малабераставіцкая элітгас" Бераставіцкага раёна, ААТ "Гальшанскі крухмальны завод", КПСУП "Гродзенская птушкафабрыка", даччыным унітарным Лідскім прадпрыемстве меліярацыйных сістэмаў ОУП "Гроднамеліяводгас", ААТ "Птушкафабрыка Слонімская", ДЛГУ "Навагрудскі лясгас" і ў ГЛХУ "Шчучынскі лясгас".

Варта адзначыць, што ў адпаведнасці з часткай 1 артыкула 23.18 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадастаўленне ўпаўнаважанай асобай, адказнай за складанне і прадастаўленне дадзеных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці, скажоных даных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці органам дзяржаўнай статыстыкі, калі ў гэтых дзеяннях няма саставу злачынства, прадугледжвае штраф у памеры ад 20 да 100 базавых велічыняў.

А. ДАРОЖКА, намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/