ААЗІС СВАІМІ РУКАМІ



Хочацца спадзявацца, што наш райцэнтр апранаецца вясной у рознакаляровую квецень. Але, каб мы маглі атрымаць эстэтычную асалоду ад уладкаваных у горадзе клумбаў, альтанак ды альпійскіх горак, брыгада па азеляненні Дзятлаўскага РУП ЖКГ шчыруе, пачынаючы са студзеня.

-- Сёлета вырашылі ўпершыню сеяць кветкі самі, – расказвае пра пазітыўны вопыт кіраўнік брыгады і галоўны яе натхняльнік, інжынер па азеляненні Ірына Антропава. – Не заўсёды прыходзілася спадзявацца на якасць гатовых саджанцаў, якія ў мінулыя гады мы закуплялі ў іншых гаспадарках.

З’яўленне цяпліцы ў дзятлаўскай камунальнай гаспадарцы – па папярэдніх разліках, эканамічна апраўданы крок. Набыць саджанцы кветак для горада – даволі нятаннае задавальненне, і раней іх маглі купіць даволі абмежаваную колькасць. Самастойная сяўба кветак дазволіў значна пашырыць магчымасці службы па азеляненні.

Вытворцы насення абяцаюць выдатныя вынікі, а працавітыя і крэатыўныя азеляняльніцы робяць усё для таго, каб гэтыя запэўніванні сталі рэальнасцю.
Калі мы завіталі ў цяпліцу, на свае вочы пабачылі вялікі цуд у малым маштабе: на двары не па-сакавіцку ўсё перамецена снегам, а ў цяпліцы – вясна.

Завіхаюцца, пікіруючы расаду, самі азеляняльніцы, жанчыны, якія прыйшлі ім дапамагчы, і… мужчыны з іншых брыгадаў, якія, звычайна, не маюць дачынення да кветак. Днямі прыходзілі дапамагаць нават работніцы гасцініцы. На маё здзіўленне Ірына Віктараўна адказвае:
-- У нас працы не цураецца ніхто. Цяпер, калі трэба як мага хутчэй пікіраваць расаду, кожны дзень прыходзяць нам дапамагаць людзі з розных участкаў камунальнай службы. Бо разумеюць, што, калі ўпусцім цяпер момант – потым не нагонім.

Адзінаццаць гадоў Ірына Віктараўна кіруе брыгадай па азеляненні Дзятлаўскага жылкамунгаса. За гэты час напрацавала вопыт, налаўчылася вырошчваць кветкі ў вытворчым маштабе. Тым больш, што грунтоўная база ўжо была: жанчына сама захапляецца кветкаводствам і дома, у вёсцы Дварэц, вырошчвае кветкі, шматлікія і разнастайныя. Побач з ёю ў брыгадзе працуюць два кветкаводы, таксама фанаты сваёй справы. А ў час напружанай працы да іх дадаецца брыгада па добраўпарадкаванні, работнікі кацельняў і іншыя памагатыя. У падрыхтоўцы саджанцаў да вясны ўдзельнічае і моладзь: вучацца ў нашых азеляняльніц маладыя дзяўчаты, якія праходзяць тут вытворчую практыку.

Пятунія, гацалія, тымерарыя, флабэлія, герань, вырашчаныя клапатлівымі рукамі дзятлаўскіх камунальніц, ужо на майскія святы ўпрыгожаць горад сваёй квеценню:
-- На наступны год паспрабуем і цюльпаны вырасціць! – кажа інжынер-азеляняльнік. – Кіраўніцтва стварае ўмовы, і мы стараемся.
А каб кветкі зацвілі ў пару, яны са студзеня праходзяць шмат этапаў, кожны з якіх трэба выканаць уручную, з любоўю, якую нават расліны адчуваюць.

Тым больш баліць душа ў азеляняльніц, калі замест таго, каб сузіраць і радавацца, некаторыя людзі псуюць гарадскую і пасялковую прыгажосць: топчуць клумбы, вырываюць з коранем або пераломваюць далікатныя кветкі. І жыхарам настрой псуюць, і работнікам камунальнай службы непатрэбныя клопаты робяць.

Але не бывае адно благое без дабра. Ёсць у нашым раёне і станоўчая тэндэнцыя, якую адзначае дырэктар РУП ЖКГ Сяргей Луня:
-- Радуе тое, што клапаціцца пра ўпрыгожванне раёна пачынаюць і арганізацыі раёна, сваімі сіламі ствараючы клумбы і кветнікі на прылеглай тэрыторыі. Спадзяюся, гэта тэндэнцыя кожны год будзе пашырацца.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/