5 лютага. Інфарм-кур'ер



АБНОЎЛЕНА ДЗІЦЯЧАЕ АДДЗЯЛЕННЕ

На рамонт было зачынена дзіцячае аддзяленне райбальніцы. Над абнаўленнем працавалі рабочыя ААТ "Дзятлаварамбуд". У аддзяленні абноўлены палаты, устаноўлены новыя вокны і дзверы. Пакоі абсталяваны новай мэбляй, зручнай для маленькіх пацыентаў.

КРЫЖОВАЕ СВЯТА ВЁСКІ

У жыхароў Хадзяўлянаў ёсць традыцыя: напрыканцы студзеня ладзіць крыжовае свята. У гэты дзень вяскоўцы ўпрыгожваюць крыж новымі ручнікамі, кветкамі, а ў Дзятлаўскім храме Прэабражэння Гасподняга заказваюць малебен за здароўе і дабрабыт жыхароў вёскі.

СВЯТОЧНЫ ДЗЕНЬ У РАБОТНІКАЎ ЗАГСА

У Дзень святога Валянціна — свята ўсіх закаханых не будзе ўрачыстых рэгістрацый шлюбу ў Дзятлаўскім ЗАГСе, бо ніводная пара не пажадала распісвацца ў панядзелак. А менавіта сёлета 14 лютага прыпадае на першы дзень тыдня. Такім чынам, у свой законны выхадны работнікі ЗАГСа будуць адпачываць, для іх гэты дзень стане сапраўды святочным.

"ЛЯНОК" ЗБІРАЕ ТАЛЕНТЫ

Юныя музыкі, спевакі, мастакі школы мастацтваў пасёлка Гезгалы рыхтуюцца да рэгіянальнага конкурсу "Лянок", які пройдзе 12-13 сакавіка. На ім будзе прадстаўлена дзіцячая беларуская творчасць — інструментальныя і вакальныя творы, малюнкі.

Конкурс "Лянок" у Гезгалах праводзіцца другі раз і да ўдзелу ў ім запрошаны юныя таленты са Слонімскага і Навагрудскага раёнаў.

I. МІХАЙЛОЎСКАЯ.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/