5 КРОКАЎ ДА ПРЫВАТНАГА БІЗНЭСУ: КАПІТАЛ



Яшчэ Карл Маркс калісьці пісаў пра ўменне працаваць з фінансамі ў сваім “Капітале”. Прайшло больш за стагоддзе, а без грошай у нашым грамадстве (бізнэсе і не толькі), як без вады – ні туды, ні сюды. Узнікае пытанне: дзе іх узяць? Першая ідэя – крэдытаванне ў банку. Таму, не адкладваючы на потым, тэлефаную, як звычайны кліент, у банкаўскія аддзяленні Дзятлава.

На пытанне пра крэдыты для індывідуальных прадпрымальнікаў у крэдытным аддзеле разлікова-касавага цэнтра №3 дзятлаўскага філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” катэгарычныя: “Не, не выдаем”. Тады тэлефаную ў крэдытны аддзел цэнтра банкаўскіх паслугаў №407 ААТ “ААБ “Беларусбанк”. Прыемны жаночы голас абнадзейвае:

-- Так, прадастаўляем, – але адразу ж вяртае ў рэальнасць. – Але для гэтага трэба папрацаваць месяцы 2-3, мець свой разліковы рахунак, сапраўды функцыянуючую справу, якую можна прадаставіць у заклад пад крэдыт.

Так што, тут нам, так бы мовіць, нічога “не свеціць”. Аднак знаходжу праз інтэрнэт рэкламу Беларускага банка малога бізнэсу, бліжэйшае да нас прадстаўніцтва якога знаходзіцца ў горадзе Лідзе. На сайце абяцаюць два віды крэдытаў для бізнэсоўцаў: першы – экспрэс-крэдыт у любой валюце на невялікую суму (да 200 мільёнаў рублёў); другі від займу абяцае “задаволіць сур’ёзныя патрэбы ў фінансах” (да 1 мільярда рублёў) і тычыцца больш малых прадпрыемстваў, а не індывідуальных прадпрымальнікаў.

“Малы” крэдыт выдаецца на тэрмін ад 3 да 48 месяцаў пры наяўнасці двух паручыцеляў, афармляецца ў два дні. Па словах з рэкламы, не трэба ні закладу, ні разліковага рахунку, дастаткова быць толькі “зарэгістраваным у якасці індывідуальнага прадпрымальніка”.

Аднак не ўсё так сонечна, як здавалася б: адзінаразовая камісія за крэдыт складае 2% ад агульнай сумы, а працэнтная стаўка па такім крэдыце вагаецца ад 12,9% гадавых (калі бярэш яго на тэрмін да 12 месяцаў) і ад 32% гадавых (пры тэрміне ад 12 месяцаў), за кожны дзень затрымкі выплаты вы пераплаціце 0,5 базавай велічыні.

Як аказалася, ёсць яшчэ адна магчымасць для індывідуальных прадпрымальнікаў атрымаць стартавы капітал – праз біржу працы. Аддзел па працы і занятасці аказвае дапамогу тым, хто хоча выпрабаваць сябе ў прадпрымальніцтве – вядзяляе субсідыю на ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці тым, хто зарэгістраваны ў службе занятасці як беспрацоўны і прайшоў двухтыднёвыя курсы па навучанні асновам прадпрымальніцкай дзейнасці, накіраванне на якія выдае сам аддзел.

Падрабязней пра гэта расказвае намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Дзятлаўскага райвыканкама Таццяна Богдан:

-- Для вырашэння пытання аб прадастаўленні субсідыі беспрацоўны павінен падаць у службу занятасці адпаведную заяву, тэхніка-эканамічнае, у тым ліку, фінансавае абгрунтаванне (бізнэс-план) эфектыўнасці мяркуемай дзейнасці.

* Субсідыя – гэта адзінаразовая бязвыплатная дзяржаўная грашовая дапамога, якая прадастаўляецца беспрацоўнаму для частковай кампенсацыі яго фінансавых выдаткаў, звязаных з арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці. Яна прадастаўляецца ў памеры 11-кратнай або 15-кратнай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму на дату заключэння ўпраўленнем дамовы аб прадастаўленні субсідыі (на сёння гэта велічыня складае 880тысяч 30 рублёў).

-- Варта помніць, – дадае Таццяна Анатольеўна, – што ўласны прадпрымальніцкі праект беспрацоўны арганізуе ад свайго імені, на свой страх і рызыку і пад сваю маёмасную адказнасць, выкарыстоўваючы асабістыя зберажэнні і сродкі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь. А значыць, прымае на сябе ўсю фінансавую і маральную адказнасць за вынікі сваёй дзейнасці.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/