3 ВЫШЫНІ ПТУШЫНАГА ПАЛЁТУ...



Менавіта так бачыць навакольны свет чалавек, які штодзень падымаецца ў неба. “Быць лётчыкам - значыць быць патрэбным людзям”, - так гаворыць чалавек, за плячыма якога 4000 гадзін палёту, 21 год каляндарнай выслугі і 38 гадоў агульнага працоўнага стажу за штурвалам верталётау Мі-8 і МІ-24.

ПРА ДЗЯЦІНСТВА I НЕ ТОЛЬКІ

Васіль Мікалаевіч Клімец нарадзіўся ў сям'і вайскоўца ў горадзе Елізава, што ў Камчацкай вобласці. Бацька лётчыка, Мікалай Аляксеевіч, займаў пасаду начальніка дызельных установак у вайсковай часці каля горада Елізава, хаця сам мужчына родам з Наваельні. Па абавязках бацькоўскай службы даводзілася жыць у розных кутках тагачаснага Савецкага Саюза.

Калі ў сям'і ёсць ваенны - значыць “служыць" прыйдзецца ўсім. Маці Васіля Мікалаевіча, Паліна Мікітаўна, была медсястрой у ваенных часцях, і ён з братам вырашыў прадоўжыць сямейную дынастыю ваенных. У іх родзе быў яшчэ адзін ваенны - брат маці ваяваў на фронце ў 1945 годзе і быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “За перамогу над Японіяй".

Васіль Мікалаевіч Клімец ужо з дзяцінства ведаў, што стане ваенным. Менавіта такі выбар тагачасны хлапчук зрабіў, калі ён з бацькамі пераязджаў з горада ў горад на новае месца бацькоўскай службы. Узгадваючы дзяцінства, Васіль Клімец гаворыць: “Добра памятаю пераезды з месца на месца. Яшчэ хлапчукамі любілі знаходзіць гільзы на палігонах пасля стрэльбаў і даставаць кулі з зямлі. Салдаты закапаюць - а мы зноў шкоднічаем, адкопваем. Ужо тады я не ўяўляў сябе ні кім іншым, як вайскоўцам".

У 1969 годзе, калі хлопец пайшоў у першы клас, сям'я пераехала на радзіму бацькі, у Наваельню. Але на гэтым пераезды не скончыліся, бацьку зноў прызвалі служыць у Расію. Канчаткова сям'я Клімец пераехала, калі Васіль быў у 5 класе.

Скончыўшы Наваельнянскую школу, падлетак ажыццявіў сваю дзіцячую мару і паступіў у Саратаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча на лётчыка. Ужо ва ўзросце 17 гадоў ён пачынаў лятаць. Усяго за 15 гадзін першакурснікі авіяцыйнага вучылішча павінны навучыцца лятаць. А самае цяжкае, са словаў Васіля Мікалаевіча, - гэта навучыцца “вісець" у паветры, бо менавіта пры такім манеўры павінны працаваць галава, рукі і ногі. Свой першы палёт ён успамінае з усмешкай: “Першы палёт запомніўся дзіўнымі адчуваннямі: такое ўражанне, што цябе пасадзілі ў мыльную бурбалку і матляюць туды-сюды”.

ЯК У ПЕСНІ - ІХ ТРОЕ: ЛЁТЧЫК, ПРАВЫ ЛЁТЧЫК I БОРТМЕХАНІК

Скончыўшы вучылішча ў 1982 годзе з вышэйшай ваенна-спецыяльнай адукацыяй у званні лейтэнанта, Васіль Мікалаевіч быў накіраваны на пасаду лётчыка-штурмана верталёта ў горад Мазыр. Служыў мужчына ў авіяцыйных ракетных войсках стратэгічнага прызначэння, а скончыў служыць у Алейску Алтайскага краю.

Курсант, лётчык-штурман верталёта МІ-8, камандзір верталёта, камандзір звяна, старшы лётчык часці, намеснік камандзіра асобнай верталётнай часці - менавіта такімі пасадамі адзначаны прафесійны шлях вайскоўца. Налятаўшы звыш 4000 гадзін, лётчык бачыў з вышыні птушынага палёту амаль увесь Савецкі Саюз. Як гаворыць ён сам: “Няма такога аэрадрома на постсавецкай прасторы, дзе б я ні садзіўся”. За час працы яму прыходзілася не толькі лятаць, але і перавозіць боепрыпасы, грузы, асабовы склад вайскоўцаў, лавіць браканьераў, рабіць падлік жывёлін, ратаваць людзей і нават падвяргаць сваё жыццё небяспецы, удзельнічаючы ў ваенных аперацыях. А пра цяжкасці прафесіі лётчык гаворыць так: “Лятаць страшна, а не лятаць - сорамна". Быць лётчыкам - гэта не проста ўмець узляцець-сесці, гэта яшчэ і зладжаная камандная работа, уменне накіроўваць людзей.

Пасадзіць верталёт у непагадзь або на непадрыхтаваную пляцоўку сярод лесу ці гор можа толькі ваенны лётчык першага класа, якім і з'яўляецца Васіль Клімец. Мужчына ўзгадвае: “Ляталі мы над Беларуссю, я тады толькі стаў камандзірам экіпажа, рухавік зламаўся, перастаў набіраць моц. Прыйшлося зрабіць вымушаную пасадку. Але, нягледзячы на цяжкасці, я не ўяўляю сваё жыццё без гэтай работы”.

ВАСІЛЬ КЛІМЕЦ: "Я ЖЫВУ ПА ПРЫНЦЫПЕ: КАЛІ НЕ МОЖАШ ЗРАБІЦЬ ЧАЛАВЕКУ ДАБРО, НЕ РАБІ ЗЛА"

Васілю Мікалаевічу можна па-добраму пазайздросціць: з усіх бакоў ён акружаны жаночай цеплынёй - жонкі Алы Фёдараўны, дачкі Віялеты і маленькай унучкі Алексы.

Ала Фёдараўна, як і ўсе жонкі ваенных, усюды ехала за мужам. На Алтаі працавала карэспандэнтам у раённай газеце “Маяк працы” ў аддзеле пісьмаў, затым - інспектарам у аддзеле выхавання, выкладала гісторыю ў школе, а калі пераехала ў Беларусь, атрымала яшчэ і спецыяльнасць эканаміста-менеджара па турызме. Васіля Мікалаевіча вельмі радуе, калі яго любімыя дзяўчынкі - дачка і ўнучка наведваюць яго. Маленькая Алекса цікавіцца пра дзедаву працу і ўжо ў чатырохгадовым узросце смела гаворыць: "Я буду лётчыцай, як дзед".

Дачка лётчыка пераняла цвёрды бацькоўскі характер. Пра выхаванне сваей Віялеты ён гаворыць так: “Зараз я разумею, што калісьці надта строга выхоўваў дачку, таму сёння аддаю ўсю любоў і пяшчоту сваей унучцы”.

Аднолькава з працай мужчына любіць рыбалку і паляванне.

А пра тое, якім павінен быць мужчына, ён гаворыць так: “Сапраўдны мужчына павінен быць правільным - гэта значыць справядлівым у адносінах да сябе і жанчын”.

Л. СУР'ЯНІНАВА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/