3 МАЛІТВАЙ ПРАЗ УСЮ ВАЙНУ, 3 БОГАМ У СЭРЦЫ ПРАЗ ЖЫЦЦЁ



Васіль Зяновіч, вядомы на Дзятлаўшчыне як ветэран Вялікай Айчыннай вайны, настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў гарпасёлку Казлоўшчына, дзе ён служыўз 1957 па 1987 год, усё свае жыццё прысвяціў Богу, Айчыне і людзям.

Нарадзіўся Васіль Зяновіч у 1911 годзе ў вёсцы Лебедзева Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. У мясцовым храме быў псаломшчыкам-рэгентам царкоўнага хору. У гады вайны пайшоў у Чырвоную Армію, каб абараняць Айчыну ад ворагаў. Прайшоў цяжкі шлях салдата, сумленна выконваючы свой вайсковы абавязак. На фронце быў на перадавых пазіцыях: вызваляў Прагу, удзельнічаў ва ўзяцці Берліна.

Праз усю вайну будучы святар прайшоў з гарачай малітвай да Бога. Ужо ў мірны час ён казаў, што менавіта малітва абараняла яго ад варожых куляў і снарадаў, правяла жывым і здаровым праз пекла вайны да роднага парога.

За баявыя заслугі Васіль Зяновіч быў узнагароджаны медалямі “За ўзяцце Берліна", "За адвагу". Ужо пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, 20 лютага 1945 года, яму была ўручана Падзячная грамата Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна. У 1985 годзе да 40-годдзя Вялікай Перамогі Васіля Зяновіча ўзнагародзілі ордэнам Вялікай Айчыннай вайны другой ступені.

Пасля вайны былы франтавік вырашыў звязаць свае жыццё з самай мірнай прафесіяй — стаць настаўнікам. Ён паступіў у Полацкае педагагічнае вучылішча, якое скончыў у 1949 годзе. Яшчэ некалькі гадоў адпрацаваў настаўнікам пачатковых класаў. Але душа прасіла большага.

Як чалавек глыбока веруючы, Васіль Зяновіч вырашыў прысвяціць далейшае жыццё служэнню Богу, быў рукапакладзены ў сан святара. Напачатку рэгентаваў у царкоўным хоры ў горадзе Шклове Магілёўскай вобласці. Затым быў прызначаны настаяцелем храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў гарадскі пасёлак Казлоўшчына.

Набліжаліся 60-ыя - складаны перыяд для Рускай Праваслаўнай царквы. Зноў пачалі закрываць храмы. Айцу Васілію неаднойчы, спасылаючыся на баявыя ўзнагароды і ваеннае мінулае, даводзілася адстойваць Свята-Успенскую царкву. Дзякуючы яго намаганням, храм у Казлоўшчыне працягваў дзейнічаць у той час, калі некаторыя іншыя цэрквы на Дзятлаўшчыне былі закрыты. Дома ў святара захоўвалася царкоўная маёмасць з закрытых цэркваў Дзятлаўскага благачыння да таго часу, пакуль храмы зноў не былі адкрыты.

На працягу 30 гадоў айцец Васіль нёс слова Божае людзям, умацоўваў іх веру, дапамагаў духоўнымі парадамі. Да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў святар быў узнагароджаны Падзячным пісьмом мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, які назваў яго служэнне Царкве патрыятычным. У 1984 годзе святар быў адзначаны вышэйшай узнагародай — Крыжам з упрыгажэннямі. У 1985-ым айцец Васіль атрымаў грамату патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена.

У 1987 годзе айцец Васіль Зяновіч памёр.

3 успамінаў дачкі святара Таццяны Васільеўны:
— Мой тата Васіль Зяновіч сумленна служыў Царкве, а таксама выканаў свой воінскі абавязак перад Айчынай, пра што сведчаць атрыманыя ім узнагароды ад савецкай і царкоўнай уладаў. Разам з Чырвонай Арміяй ён прайшоў цяжкі шлях да Берліна, распісаўся на сцяне рэйхстага.
У быце тата быў простым, сціплым, сардэчным чалавекам, адкрытым для ўсіх, хто звяртаўся па дапамогу. Яго паважалі не толькі вернікі Свята-Успенскай Казлоўшчынскай царквы, але і ўсе жыхары пасёлка. Бацька шмат чытаў, захапляўся літаратурай, гісторыяй, дасканала ведаў нотную пісьменнасць, вучыў спевам па нотах пеўчых храма. Ён вельмі любіў людзей, заўжды імкнуўся ім дапамагчы.
А яшчэ тата любіў сваю малую радзіму - вёску Лебедзева, землякоў, хату, дзе нарадзіўся і ўпершыню пачуў родную матчыну мову, дзе ад сваіх бацькоў навучыўся першай малітве “Ойча наш". Сваю любоў да духоўнага і зямнога ён перадаў нам, нашчадкам: мне, унукам, якіх любіў самааддана, зяцю, і, хочацца верыць, што гэта любоў перадасца і яго праўнукам.
У таты была любімая песня, слу-хаючы якую, ён не мог стрымаць слёз:
Люблю свой край, сторонку гэту,
Дзе я радзілася, расла.
Дзе й першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.

В. ДУБОВІК, навучэнка Казлоўшчынскай СШ, наведвальніца аб’яднання па інтарэсах “Юныя экскурсаводы”

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/