16 сакавіка: весткі з сельсаветаў



АБМЯРКУЕМ ГЕНЕРАЛЬНЫ ПЛАН

У будынку Казлоўшчынскага пасялковага выканаўчага камітэта (г. п. Казлоўшчына, вул. Савецкая, 16) з 16 па 26 сакавіка будзе праходзіць грамадскае абмеркаванне генеральнага плана гарпасёлка Казлоўшчына. Як паведаміла старшыня Казлоўшчынскага пасялковага выканкама Л. Л. Вайтовіч, генеральны план будзе вывешаны ў будынку выканкама, і кожны жадаючы на працягу названых дзён з 8 да 17 гадзін зможа азнаёміцца з генпланам, унесці свае слушныя прапановы і заўвагі.

ВЯСНУ ГУКАЛІ, ЗІМУ ПРАГАНЯЛІ

Весела адсвяткавалі ў Казлоўшчыне Масленіцу. Яе ладзілі ў канцы масленічнага тыдня. Жыхары гарпасёлка - дарослыя і дзеці — маглі наведаць "падворкі", дзе частавалі гарачымі блінамі і чаем, купіць разнастайныя кандытарскія вырабы. На гульнёвых пляцоўках ладзіліся конкурсы і гульні. Самым дужым і смелым пакарыўся "слуп-эверэст" з прызамі. Самадзейныя артысты прапанавалі святочны канцэрт, а фальклорныя калектывы - абрады "Гуканне вясны" і "Калядкі". Гэта стала развітаннем з зімою і запрашэннем вясны.

САМЫЯ ЦЁПЛЫЯ СЛОВЫ - ЖАНЧЫНАМ

Канцэрт-віншаванне "Усё прыгожае на свеце - ад жанчын" атрымалі ў падарунак напярэдадні 8 Сакавіка жыхаркі Казлоўшчыны. Цёплыя словы, песні кранулі душу кожнай жанчыны, якая прысутнічала ў святочнай зале. Віншаванні ад сваіх дзетак атрымалі матулі, іх сэрцы сагрэла дзіцячая любоў і пяшчота.

СЕМІНАР-ВУЧОБА СТАРАСТАЎ

У Парэцкім сельсавеце прайшоў семінар-вучоба старастаў вёсак. На яго былі запрошаны 19 старастаў. Удзел у мерапрыемстве таксама прынялі старшыня СВК "Хвінявічы" С. У. Кончык, загадчык Парэцкай амбулаторыі В. М. Акулевіч, участковы інспектар А. С. Пачобут.

На мерапрыемстве былі падведзены вынікі работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання за 2010 год, зацверджаны план дзейнасці на 2011 год. Вопытам работы і ўражаннямі ад абласнога сходу старастаў падзяліўся стараста вёскі Накрышкі М. М. Ківуля, які быў прадстаўніком Дзятлаўшчыны на гэтым мерапрыемстве.

Напрыканцы семінара-вучобы адбылося ўзнагароджанне Падзячнымі пісьмамі сельвыканкама і каштоўнымі падарункамі старастаў вёсак. Усе былі адзначаны за вялікую работу, якую праводзяць у сваіх вёсках. А гэта найперш - клопат аб састарэлых людзях, аб парадку і пажарнай бяспецы ў дамах і паселішчах.

І. МІХАЙЛОЎСКАЯ.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/