1 снежня -- Сусветны дзень барацьбы са СНІДам



"ПЯЦЬ КРОКАЎ"

Так называецца сацыяльны праект, які рэалізуецца прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ў Беларусі і Міністэрствам аховы здароўя. Асноўная мэта мерапрыемства -- данесці да насельніцтва інфармацыю аб тым, што ўсе людзі звязаны між сабою і праблема прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі датычыцца кожнага.

У рамках праекта пяці дабраахвотнікам было ўручана спецыяльнае пісьмо з пасланнем. Яго неабходна перадаць з Мінска незнаёмаму адрасату ў адзін з абласных цэнтраў. Пісьмо трэба перадаваць толькі з рук у рукі праз пецярых знаёмых, сяброў або родных. Такім чынам, удзельнікі мерапрыемства даносяць думку аб тым, што кожнага можа закрануць праблема ВІЧ-інфекцыі.

Праект "Пяць крокаў" праводзіцца ў пяць этапаў. Яны асвятляюцца ў тэлеперадачы "18+" на канале "БелМуз-ТВ".

"АДКРЫТЫ ДОМ"

З 18 па 22 лістапада ў Беларусі праходзіў моладзевы марафон "Open дом". Яго мэтай было павялічыць матывацыю ў падлеткаў і моладзі групаў рызыкі да наведвання ўстановаў аховы здароўя і грамадскіх аб'яднанняў да доступу да паслугаў у галіне рэпрадуктыўнага здароўя і прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі. Марафон распачаўся ў Мінску, у Цэнтры "Давер".

У рамках мерапрыемства адбыліся форум "Даступнасць. Добраахвотнасць. Добразычлівасць у прасоўванні медыка-псіхасацыяльных паслугаў для моладзі", канцэртная праграма, моладзевая тусоўка "Даступнасць інфармацыі. Добраахвотнасць у прыняцці рашэння. Добразычлівасць у стасунках". Марафон прайшоў у Мінску, Салігорску, Светлагорску, Жлобіне, Бальшавіку (Гомельскі раён), Гомелі.

Удзельнікі марафону наведалі грамадскія аб'яднанні, даведаліся аб магчымасцях прафілактычных праграмаў для падлеткаў і моладзі групаў рызыкі, азнаёміліся з беларускім серыялам "Вышэй за неба", у якім закранаецца праблема ВІЧ-інфекцыі.

АДБЫЎСЯ ВІЗІТ

З 27 па 29 лістапада адбыўся візіт у Беларусь дырэктара Групы рэгіянальнай падтрымкі ЮНЭЙДС ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Жана-Элі МАлкіна. У час візіту была арганізавана сустрэча Малкіна з прадстаўнікамі грамадскага таварыства нашай краіны. Былі разгледжаны пытанні, звязаныя з рэарганізацыяй офіса ЮНЭЙДС у Беларусі, прыняццем новага рабочага плана ЮНЭЙДС на 2014-2015 гады.

М. ДЗЯДОВІЧ, доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага райЦГЭ
А. ДУБРОЎСКАЯ, карэспандэнтка газеты

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/