Не ўсе сляды завея замятае

У вёску да бацькоў Ванда Кулініч выбралася толькі ў суботу пасля полудня. У пятніцу, пакуль прыйшла з работы, ужо сцямнела і ўстаялася, бо снежаньскі дзень кароткі, як вераб’ёва дзюбка. Ды і дома такую-сякую работу трэба было зрабіць: і памыць, і прыбра­­­ць, і ў магазін схадзіць.

Жыла Ванда адна, хоць узрост падбіраўся да пяцідзесяці. Праўда, такіх гадоў ёй ніхто не даваў, бо была стройная, модна апраналася, словам, сачыла за сваёй знешнасцю. Была вельмі ўдзячна бацьку за тое, што адразу, як у іхнім горадзе пачалі будаваць кааператыўныя кватэры, параіў:
—Будуй і ты, Вандачка, як-небудзь выплацім усе разам.
—Вядома, будуй, — падтрымала і маці. — Бацька на трактары някепска зарабляе, я — на кароўніку.

Сяргею памагаць не трэба, бо ён у тым Чэлябінску і так добра жыве, мае немалую пасаду. Словам, выбіўся ў людзі.

Бацькі казалі яшчэ і таму, што ў глыбокай старасці, калі зусім занямогуць, мелі надзею перабрацца жыць да яе ў горад. Ведалі, што Ванда не пакрыўдзіць, дагледзіць. Дрэнна, канешне, што замуж не выйшла, што жыве адна, але кожнаму свой лёс.

Ванда працавала эканамістам у канторы, ці, як цяпер кажуць, офісе. Работу сваю любіла, някепска зарабляла, словам, жылося ёй нядрэнна.

Аўтобусы цяпер ходзяць рэдка, і яна, напакаваўшы сумку рознымі прадуктамі для бацькоў, накіравалася на ўскраіну горада, дзе па даўняй завядзёнцы людзі чакалі спадарожную машыну.

Сёння на гэтым добра вытаптаным снежным пятачку нікога не было. Ціснуў мароз, вецер круціў у паветры калючы, як маленькія іголачкі, снег. Пачыналася мяцеліца.

“Хоць бы доўга тут не стаяць, а то зусім замерзну. Трэба было б пад паліто яшчэ і безрукаўку пададзець, бо кофта слаба грэе”, — разважала яна. Падымала руку перад кожнай машынай, але яны, абдаўшы Ванду халодным снежным пылам, праносіліся міма, не збаўляючы хуткасці. “Можна было б вячэрнім аўтобусам паехаць. Але ж ён ідзе проста па шашы, а да вёскі мне яшчэ сем кіламетраў цягнуцца па лясной дарозе. Цёмна і страшна”, — бедавала кабета.

І тут яна ўбачыла на дарозе чарговую машыну. Вялікую. У марках не разбіралася, але ведала, што такія называюць джыпамі. Пачала заўзята махаць рукой. Машына збавіла хуткасць, а потым і зусім спынілася непадалёку.

—Што, замерзла? — спытаў здаровы дзяцюк, які быў за рулём.
—Замерла, ды яшчэ як, — прызналася Ванда.
—То сядай, пагрэйся, — запрасіў. — Далёка табе ехаць?
—Не, усяго васемнаццаць кіламетраў, а потым пайду пешшу.
—Дактары кажуць, што хадзіць карысна, — адобрыў яе намер шафёр.

Уладкоўваючыся на сядзенні побач з ім, не адразу і ўбачыла, што ззаду сядзяць яшчэ два мужчыны. Заўважыла, што яшчэ не старыя, а больш разглядваць было няёмка. Яны маўчалі як вады ў рот набраўшы. І ад гэтага іх маўчання Вандзе чамусьці зрабілася страшна. Яна часта ездзіла спадарожнымі машынамі, любіла пагутарыць з людзьмі, хоць дарога была і нядоўгая. А тут і вадзіцель змоўк і за ўвесь час, пакуль ехалі, не прамовіў ні слова.

На павароце да сваёй вёскі Валошкавічы яна папрасіла спыніцца. Выйшла з машыны, паклала на сядзенне грошы за праезд, бо рабіла так заўсёды, падзякавала. Ёй ніхто не адказаў, і Ванда з нейкай няяснай трывогай зачыніла дзверы. Скіравала на сваю дарогу, якую добра-такі прысыпала снегам.
Яна ішла, але нейкая сіла цягнула азірнуцца назад. Джып стаяў на тым жа самым месцы.
“Чаго яны чакаюць?!” — ажно пахаладзела ўсё ўсярэдзіне.

Аглядвацца часта было няёмка, і яна ішла далей, напоўненая страхам. Калі праз якога паўкіламетра азірнулася, машыны на дарозе не было. Але ёй лягчэй не стала, страх па-ранейшаму трымаў душу ў жалезных абцугах.

Хоць сумка была цяжкай, снег зацерушыў дарогу, на якой не было ні следу, але яна ішла хутка. Спацела, замарылася. Гнаў страх. Калі да вёскі заставаліся якія паўтара кіламетра, там, дзе да самай дарогі выбегла высокая старая сасна, акурат як маці, калі сустракае з дарогі сваё дзіця, Ванда пачула ззаду гул машыны. Абярнулася, і сэрца закалацілася з неверагоднай сілай: гэта быў той самы джып.

Машына параўнялася з ёй. Шафёр, скалячы зубы, крыху абагнаў і спыніўся ля занесенай снегам абочыны. Усе трое кінуліся да Ванды. Яны выхапілі з рук сумку і шпурнулі ў кусты, а саму яе, анямеўшую ад страху, пацягнулі ў лес...

Зрабіўшы сваю ганебную справу, гадка рагаталі, пасмейваліся адзін з другога. Акрываўленая Ванда ляжала пад ядлоўцавым кустом, які калоў ёй твар, і хацела толькі аднаго: каб расступілася зямля і яна правалілася ў бездань назаўсёды. Дзікі боль разрываў усё цела.

—Можа, прыдушым для надзейнасці? — спытаў у сябрукоў той, што быў за рулём.
—І так акалее. Мароз цісне, ды і снегам зацярушыць. Усе сляды завея замяце, — не пагадзіліся з шафёрам сябрукі.

Яны выйшлі на дарогу, і Ванда пачула, як завялася машына, як ірванула з месца. Няшчасная кабета ўжо развітвалася з белым светам. Яна то траціла прытомнасць, то вярталася да рэальнасці зноў. Жудаснай рэальнасці. Раптам непадалёку пачула крокі. “Вярнуліся!” — пранеслася ў галаве думка. Але гэта былі не яны. Гэта быў вясковец Раман Чабарэвіч, які працаваў у калгасе трактарыстам і жыў непадалёку ад Вандзіных бацькоў. Ён яшчэ да мяцеліцы пайшоў у лес нарэзаць бярозавага галля на венікі. Ужо выходзячы з лесу з вязанкай галля, убачыў, як на дарозе разварочваецца чорны джып.

“Ого! — падумаў Раман. — Такі звер у нашым лесе заблудзіўся”. Ён глянуў на нумары. Яны былі незнаёмыя, але ў памяць урэзаліся.

Калі джып паехаў, Раман выйшаў на дарогу і ўбачыў сляды. Спачатку ў лес, потым — назад. Пайшоў па іх і раптам рэзка спыніўся, нібы яму выстралілі ў грудзі: на снезе, амаль раздзетая, акрываўленая, ляжала яго былая аднакласніца Ванда Кулініч. Яна была беспрытомная.

Раман кінуўся да жанчыны, хуценька атросшы з вопраткі снег, апрануў яе і, узяўшы на рукі, панёс да вёскі. І Вандзіна сумка з прадуктамі, і галлё для венікаў засталіся ляжаць у снезе.
Калі пачарнелыя ад гора старыя Кулінічы выклікалі хуткую дапамогу, разам у горад паехаў і Раман. Ён пайшоў у міліцыю і ўсё расказаў.

Злачынцаў затрымалі непадалёку ад мяжы з Украінай. Цяпер яны чакаюць суда. А Ванда ў бальніцы папраўляецца. Яна перанесла аперацыю і цяпер вяртаецца да жыцця. Але так слаба, як грэе зімовае сонца.

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/