У магазіне "Сударыня" стараюцца для пакупнікоў

Мяркую, кожны жыхар і часты госць горада Дзятлава выдатна ведае невялікі ўтульны магазін з багатым выбарам харчовых тавараў, які знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Кірава і Чапаева райцэнтра. Гэта прыватны магазін з прыгожай гучнай назвай "Сударыня" - узор паспяховага сямейнага бізнэсу. Апошнім часам у нашай дзяржаве шмат увагі надаецца прыватнаму прадпрымальніцтву, таму напярэдадні Дня работнікаў гандлю мы сустрэліся з дырэктарам ТАА "СударыняТорг" Андрэем Турэвічам, каб даведацца, што дапамагае быць паспяховым.

- Андрэй Канстанцінавіч, калі з'явілася ідэя адкрыць сваю справу, з чаго ўсё пачыналася?
- Гэту справу адкрыла мая цешча Галіна Сцяпанаўна Жых. Пачынала яна бізнэс з самых азоў, калі ў незалежнай Беларусі зараджалася індывідуальная прадпрымальніцкая дзейнасць. Справа стала сямейнай, і вялікі дзякуй Галіне Сцяпанаўне за яе намаганні, за надзейны падмурак. Спачатку гэта былі маленькія магазінчыкі на раёне, выязны гандаль на рынку, а ў 2004 годзе мы пабудавалі "Сударыню". Цяпер Галіна Сцяпанаўна на пенсіі, а я ўзначаліў сямейны бізнэс.

- Колькі чалавек у вас працуе, чаму надаяце найболый увагі?
- У ТАА "СударыняТорг" працуюць 11 чалавек. Гэта і адміністрацыя, і бухгалтэрыя, і прадаўцы, і грузчыкі, і прыбіральшчыкі.

Безумоўна, галоўную ўвагу надаём якасці тавару, які знаходзіцца ў нас на паліцах, яго цане, каб яна была прывабнай для нашых пакупнікоў. Імкнёмся, каб у нашым магазіне людзі маглі набываць якасную недарагую прадукцыю і назаўтра вяртацца сюды па новыя пакупкі.

- "Сударыня" прыгожы магазін з шырокім выбарам тавараў. Як удаецца "трымаць планку"?
- Гэта нялёгка. Мы працуем ва ўмовах канкурэнцыі. Каб быць паспяховымі, стаўку робім на давер кліента. Для нас галоўнае - працаваць сумленна. Калі тавары не адпавядаюць па якасці і цане, пакупнік не пойдзе ў магазін. Галоўны крытэрый ацэнкі поспеху - што людзі з задавальненнем робяць у нас пакупкі і становяцца пастаяннымі кліентамі.

Таксама імкнёмся зрабіць свой гандлёвы аб'ект прывабным для наведвальнікаў, своечасова праводзім рамонты, добраўпарадкавалі прылеглую тэрыторыю, у бліжэйшы час плануем падключыць Інтэрнэт, каб пакупнікі, якія трапілі ў магазін у "гадзіну пік", бавілі час цікавей.

- Раскажыце пра калектыў "Сударыні".
- Калектыў у нас зладжаны, надзейны, у складзе якога пра-цуюць прафесіяналы. Кожны работнік выдатна спраўляецца на сваім участку. Варта адзначыць работу загадчыцы магазіна Святланы Антончык, вопытных прадаўцоў, нашых "старажылаў" - Іны Лявончык і Святланы Нядбайлік. Пры падборы супрацоўнікаў шмат увагі звяртаем на якасці характеру: каб чалавек быў ветлівы, уважлівы да пакупнікоў, прыемны ў размове, не грубіў. Практыкуем браць кандыдатаў без вопыту работы, калі бачым іх патэнцыял. У абавязках прадаўцоў не толькі каса, але і раскладка ў гандлёвай зале, кантроль за таварамі, папаўненне асартыменту. Наш калектыў - адзіная машына, якая спраўна працуе.

- Хто вашы асноўныя пастаўшчыкі?
- Практычна ўсе буйныя прадпрыемствы краіны, якія вырабляюць харчовую прадукцыю (большасць нашага асартыменту - тавары айчыннай вытворчасці). Мяркую, што расказваць пра кожнага паасобку не варта - спіс вялікі.
Што тычыцца дастаўкі, некаторую частку прадуктаў пастаўляюць вытворцы, але пераважную большасць возім самі, каб знізіць сабекошт, а значыць і цану для пакупніка. Так імкнёмся павышаць канкурэнтаздольнасць тавараў.

- Колькі чалавекза дзень могуць наведаць ваш магазін?
- Мэтай падлічыць усіх не задавался, адзначу толькі, што ў "Сударыні" шмат пастаянных кліентаў, вялікі тавараабарот: за дзень наш гандлёвы аб'ект абслугоўвае да тысячы чалавек. Такі поспех - заслуга ўсяго калектыву.

- Раскажыце пра новаўвя-дзенні і працоўныя планы.
- Другі год запар на базе "Сударыні" працуе сезоннае кафэ. Асноўныя пастаўшчыкі прадук-цыі - "Лідскае піва" - ацанілі нашы мінулагоднія вынікі і сёлета прадаставілі для кафэ лепшае абсталяванне. Наведвальнікаў прывабліваем сюды шырокім асартыментам прахаладжальных напояў, марожанага, садавіны, агародніны.

Сярод далейшых планаў ТАА "СударыняТорг" - пашырацца, павялічваць аб'ёмы продажу і колькасць гандлёвых аб'ектаў. Збіраемся восенню 2018 года адкрыць магазін у адным з аграгарадкоў, таксама набылі абсталяванне для выязнога гандлю. У нас будзе свой магазін на колах, маршрут для якога знаходзіцца на этапе ўзгаднення.

Зазначу, што працаваць у рэгіёнах прыватнаму бізнэсу стала камфортней пасля падпісання нарматыўных дакументаў, скіраваных на развіццё прадпрымальніцтва ў Беларусі. Для мяне гэта важна, бо справу сваю люблю, ды і падрастае надзейная змена.

Малодшы сын Кірыл вучыцца ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце па спецыялізацыі "Эканамічная дзейнасць у сферы тавараў народнага спажывання", старэйшы Павел скончыў гэтую ўстанову і магістратуру, спрабуе свае сілы ў індывідуальным прадпрымальніцтве.

- Андрэй Канстанцінавіч, чаго пажадаеце работнікам гандлю да прафесійнага свята?
- Поспехаў, здаровай канкурэнцыі, атрымліваць задавальненне ад справы, якой займаюцца, усёй душой быць адданымі пакупнікам, бо работа з людзьмі складаная, але прыемная.

Гутарыла Ірына КАЎКЕЛЬ

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/