Сябар, мама ці адукацыйны палітык?

Кожная школа імкнецца стаць прэстыжнай навучальнай установай. Эфектыўнасць работы педагагтчнага калектыву, а таксама паспяховасць навучальнай установы залежаць, перш за ўсё, ад таго, наколькі добра дырэктар умее кіраваць.

Школа заўсёды падобная да свайго дырэктара, бо шмат што залежыць ад яго прафесіяналізму, мабільнасці, гатоўнасці да пераменаў, творчага падыходу да справы. 3 2009 года Наваельнянская сярэдняя школа пачала значна змяняцца: новы кіраўнік, Марына Лашкоўская, з першых дзён працы задалася мэтай стварыць для школы новы і непаўторны імідж. Сваю дзейнасць Марына Яўгенаўна пачала з аб'яднання аднадумцаў, бо моцны і дружны калектыў - аснова паспяховай працы. Быў распрацаваны план развіцця ўстановы па ўмацаванні вучэбна-матэрыяльнай базы і забеспячэнні бяспечных умоваў арганізацыі адукацыйнага працэсу.

- У школе, якой я кірую, склаўся стабільны, працаздольны, творчы калектыў. Школа з'яўляецца лідарам у раённым рэйтынгу якасці адукацыі, дамагаецца годных вынікаў у спаборніцтвах і конкурсах рознага ўзроўню. Каб вынікі былі яшчэ больш важкімі, лічу сваім абавязкам стварыць усе неабходныя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу, - тлумачыць сваю пазіцыю дырэктар.

Не так проста ажыццяўляць свае планы імгненна. Устанаўленне цесных дзелавых кантактаў, пошук спонсараў, узаемадапамога - гэта тое, што дапамагае Наваельнянскай школе квітнець і з году ў год займаць лідзіруючыя пазіцыі ў Дзятлаўскім раёне.

У навучальных кабінетах зроблены капітальны рамонт. Варта адзначыць, што кожны кабінет мае свой стыль. Значная работа праведзена па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі. У цёплы час года жыхароў гарадскога пасёлка Наваельня радуе яблыневы школьны сад, для адпачынку навучэнцау пабудавана альтанка-карабель. Прыемна ўдакладніць, што ўсе гэта зроблена рукамі вучняу, іх бацькоў і работнікаў школы. Кожны клас мае свой школьны ўчастак, які дзеці даглядаюць.

Навучэнцы Наваельнянскай сярэдняй школы маюць высокія вынікі на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Усё таму, што школа працуе ў інавацыйным рэжыме, запушчаны праект па рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі на першай ступені навучання.

Наваельнянская школа часта прымае гасцей любога ўзроўню: раённага, абласнога, рэспубліканскага. Таксама туды прыязджаюць госці з замежных краін. Нават кітайскае тэлебачанне здымала фільм пра школьны музей "Дзеці ліхалецця".
Па выніках 2017 года школа займае першае месца ў раёне сярод установаў адукацыі, мае сертыфікат аб занясенні на раённую Дошку гонару. Гэта вялікая заслуга педагогаў, навучэнцаў і, вядома, самога кіраўніка.

- Кіраўнік - гэта не той, каго прызначылі загадам, а той, каго паважае і падтрымлівае калектыў. Мая праца даўно перастала быць проста працай, а стала для мяне сэнсам жыцця. Галоўнае для кіраўніка - гэта вера ў сябе і ў сваю справу, адказнасць і прафесіяналізм, давер і любоў да дзяцей, калегаў, - прызнаецца Марына Лашкоўская.

Кіраўніка Наваельнянскай школы можна назваць адукацыйным палітыкам. Марына Яўгенаўна тая, хто ведае, куды ідзе сама. Яна тая, за кім у тым жа напрамку гатовы ісці яе калегі. Дырэктар школы не можа аддзяліць сваю кіраўніцкую дзейнасць ад прафесіі педагога. Свае жыццё яна не ўяўляе без дзяцей і бачыць у іх будучыню, якая ў некаторай ступені залежыць ад яе самой.

Марына Лашкоўская лічыць, што ў жыцці трэба прайсці розныя этапы. Яе прафесійная лесвіца пачыналася з працы піянерважатай, затым яна была настаўніцай рускай мовы і літаратуры, далей - намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы. У 2006 годзе Марына Яўгенаўна была прызначана дырэктарам Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы і там пачала атрымліваць свой кіраўніцкі вопыт, які працягвае цяпер у Наваельні.

- Вопыт папярэдніх гадоў неацэнна важны. 3 кожным днём ты робіш крокі да самаразвіцця, самарэалізацыі, а ад гэтага развіваецца ўстанова, якой кіруеш, - распавядае Марына Яўгенаўна.

Дырэктар і мама для наваельнянскіх школьнікаў у адной асобе, яна ўжо з малых гадоў ведала, што стане настаўнікам. Чаму? Кажа, што ў жыцці ей вельмі пашанцавала з тымі, хто навучаў яе, быў для яе прыкладам.

Цяпер яна сама стала прыкладам для многіх, сапраўдным лідарам, які напоўнены энергіяй, новымі ідэямі і любоўю да сваёй працы.
- Я не шукаю лёгкіх шляхоў. Мне падабаецца ставіць перад сабой складаныя задачы. Калі з'яўляецца рашэнне - гэта ўжо поспех. Няхай ён будзе ў выглядзе значных дасягненняў нашых дзяцей у навуковых канферэнцыях і конкурсах або нават у выглядзе падзякі бацькоў. Любы такі поспех акрыляе і натхняе.

Марына Яўгенаўна не акцэнтуе ўвагу на тым, калі прыходзіць з працы, не лічыць, колькі засталося да канца працоўнага дня, не чакае адпачынку. Пра школу яна думае пастаянна, шмат плануе і аналізуе:
- Прыйшоўшы дадому, я думаю, што, можа быць, нешта не паспела сёння зрабіць. Магчыма, не так камусьці адказала, а можа, не зазірнула ў вочы каму-небудзь з дзяцей, - калі гаворка ішла пра дзяцей, голас дырэктара школы мяняўся на больш далікатны і цёплы.

Для таго, каб дырэктар не збіўся з правільнага курсу, ён павінен правільна бачыць аснову сваей дзейнасці, адказваючы на пытанне: а для каго ён працуе? I тут адказ для Марыны Лашкоўскай можа быць толькі адзін: для кожнага вучня. Яе дзверы заўсёды адчынены для любога дзіцяці, а мабільны тэлефон даступны і днём, і ноччу.

Цікава, што сувязь дырэктара з дзецьмі не перарываецца нават у перыяд школьных канікулаў. Школьнікі, гуляючы па вуліцах пасёлка, ведаюць, што ў любы момант могуць сустрэць Марыну Яўгенаўну. Яна заўсёды ім усміхнецца, спыніцца з імі пагаварыць, пацікавіцца, як справы. Ці жарт гэта, але, ведаючы, што дырэктар усё бачыць, дзецям нават хуліганіць не хочацца. Але гэта не страх, а павага да лідара школы.

- Калі чалавек баіцца, ён закрываецца. Я стараюся выклікаць прыхільнасць да сябе ў дзяцей, каб яны маглі мне расказачь пра свае праблемы, падзяліцца перажываннямі. I дзеці ўдзячныя, дабро не праходзіць бясследна, - расказвае Марына Яўгенаўна. - Нейкія цёплыя словы ад іх, магчыма, і аванс для мяне. Мы не ідэальныя, але ад пачутага мне хочацца сапраўды станавіцца яшчэ лепшай, расці і гэтаму адпавядаць. Дзяцей не падманеш, у іх вачах ты такі, які ёсць.

А ў вачах наваельнянскіх дзяцей дырэктар мясцовай школы не проста як клапатлівая мама, але і як надзейны сябар. Яна не абыякавая да іх лесу, яны - часцінка яе душы. Марына Яўгенаўна не ўтойвае, што ей хочацца, каб школа папаўнялася дзецьмі. Сёння 24 дзіцяці прыязджаюць вучыцца ў Наваельню з Таркачоў, усяго тут навучаецца 310 дзяўчынак і хлопчыкаў.

Дарэчы, у Марыны Лашкоўскай двое сваіх ужо дарослых дзяцей, двое маленькіх унукаў. Яна шчаслівая жанчына, якая зараджае сваім аптымізмам і пазітывам любога, хто знаходзіцца побач. Ёй падабаецца дарыць сваю энергію навакольным, яна стварае ўражанне моцнага і незалежнага чалавека, але разам з тым у жанчыне шмат душэўнасці, дабра і імкнення ісці наперад. Як вядома, усё вяртаецца бумерангам, таму на сваю дабрыню і спагадлівасць дырэктар Марына Лашкоўская можа з упэўненасцю атрымаць адказ ад калегаў:
- Я праводжу аналіз сваіх штодзённых справаў, каб працаваць над памылкамі, рухацца наперад. У мяне ёсць калегі, якім я магу патэлефанаваць у любы час па хвалюючым пытанні, і яны не адмовяць у дапамозе. Калі нешта здарыцца, я ведаю, што на калектыў Наваельнянскай школы я магу разлічваць, мне падабаецца бачыцы свет вясёлкавым, сонечным, добрым i светлым.

Акрамя займаемай кіруючай пасады, Марына Яўгенаўна вядзе актыўнае сацыяльнае жыццё: з'яўляецца старшынёй раённага савета дырэктараў, сакратаром прэзідыума Дзятлаўскага райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі, членам Наваельнянскага сельскага выканаўчага камітэта, раённых грамадскіх арганізацый, старшынёй участковай выбарчай камісіі. На працягу некалькіх гадоў Марына Лашкоўская была дэпутатам Наваельнянскага пасялковага Савета дэпутатаў.

Яна неаднаразова друкавалася ў рэспубліканскіх спецыялізаваных сродках масавай інфармацыі, была ўдастоена мноства Ганаровых грамат і ўзнагарод. Сярод іх — Ганаровая грамата Цэнтраль-нага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, Грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Падзячнае пісьмо Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, сертыфікат аб занясенні на раённую Дошку гонару.

Марына Лашкоўская ідзе па жыцці з энтузіязмам і сцвярджае, што з задавальненнем прайшла б свой шлях зноў, толькі яшчэ больш інтэнсіўна і насычана.

Юлія БАКУНОВІЧ

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/