Калі рукі не ведаюць стомы

Прыемныя абставіны сабралі нас на палетках КСУП "Дварэц-Агра", дзе ўжо доўгі час працуе спакойны, разважлівы механізатар і разам з тым руплівы працаўнік, якому даверана адказная праца сейбіта, - Анатоль Апанасік. Яго асабістыя дасягненні з году ў год радуюць кіраўніцтва гаспадаркі і калег. Вось і сёлета за высокія паказчыкі ў час вясенняй пасяўной кампаніі Анатоль Уладзіміравіч адзначаны Падзячным лістом і падарункамі, якія ў гэты дзень прыехаў уручыць механізатару старшыня Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

- Моцна мяне цягнула да тэхнікі яшчэ з юнацкіх гадоў, - успамінае Анатоль Уладзіміравіч. - У старэйшых класах на занятках ВВК вучыўся на трактарыста-машыніста, атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. Пазней працягнуў вучобу ў Гродзенскім ДТСААФе, атрымаў пасведчанне іншай катэгорыі. Пасля службы ў арміі вярнуўся ў родны калгас.

Менавіта тут Анатоль Апанасік працягнуў спасцігаць усе тонкасці прафесіі механізатара, якая стала сэнсам яго жыцця, а духоўнай асновай стала сям'я. Ён бацька дачкі і сына, клапатлівы дзядуля маленькай унучкі.

- Увесь вольны час я стараюся праводзіць з сям'ёй, адпачываць, летам хаджу ў грыбы, люблю парыбачыць, - дзеліцца Анатоль Уладзіміравіч. - А калі вернуцца страчаныя сілы - цягне ў поле, да "жалезнага сябра".

Вось і сёлета Анатоль Апанасік у перадавіках. За ўвесь час пасяўной ён апрацаваў 516 га зямлі: у тебе пад яго наглядам пачынаюць узнімацца раннія яравыя, лён, аднагадовыя і шматгадовыя травы.

Не абыходзіцца без механізатара і праца па нарыхтоўцы кармоў летам, не ведаюць спакою рукі Ана-толя Апанасіка і ў зімовы час. Пасля заканчэння ўсіх палявых работ клапатліва падрыхтоўвае механізатар тэхніку да наступнага сезона; рамантуе, змазвае запчасткі, начышчае агрэгаты.

- Тэхніку я люблю і з павагай адношуся да яе, - расказвае Анатоль Уладзіміравіч. - Стараюся хутка і якасна адрамантаваць, бо праца не любіць доўгага адпачынку.

Вось і калегі пацвярджаюць, што ў кароткія хвіліны перапынку не ведае Анатоль спакою, увесь час круціцца каля трактара: правярае вузлы, рэгулюе агрэгаты.

Напрыканцы сустрэчы назіраем, як "жалезны сябра" механізатара "павольнай хадою" працягвае сваю штодзённую справу: малюе шматраддзе на ўзаранай зямлі, і ў глебу апускаецца адборнае насен-не пад нястомным наглядам Анатоля Апанасіка.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/