"Рукі дапамогі" ад Таварыства Чырвонага Крыжа

Яе чакаюць як найлепшага госця, калі яна затрымліваецца хоць на хвілінку - хвалююцца, а калі ступае на парог дома - радуюцца. Для васьмі жыхароў нашага раёна яна - "хуткая дапамога", першая дарадца, кур'ер, "дачушка" і проста памочніца, без якой не абысціся ў паўсядзённым жыцці. Усе гэтыя характарыстыкі тычацца малодшай сястры міласэрнасці Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Вольгі Васільевай, якая працуе ў пасёлку Казлоўшчына.

Дзве рукі - на ўвесь раён

3 Вольгай Аляксандраўнай мы сустракаемся ў кватэры яе падапечнай Марыі Япіхінай, інваліда другой групы, якая рэдка ўстае з ложка, і нават па ўласнай кватэры рухаецца з дапамогай хадункоў. Для зручнасці жанчына абсталявала ўсім неабходным свой жылы пакой. Седзячы на ложку, яна можа дацягнуцца да мікрахвалевай печкі, якая стаіць паблізу на століку, устаўшы - адкрыць халадзільнік (ён таксама на невялікай адлегласці), крыху далей месціцца тэлевізар, але гэта не страшна: уключыць і выключыць яго, пераключыць каналы можна з дапамогай пульта. Вось і ўся няхітрая гаспадарка Марыі Іванаўны.

- Інвалідам я стала ў 38 гадоў, апошнія пяць - ляжу, - пачынае сваю сумную гісторыю жанчына. - Ногі мне замяніла Вольга. Яна набывае прадукты, ходзіць у паліклініку па рэцэпты, купляе лекі, ды што казаць - гатуе мне ежу, дапамагае справіцца з гігіенічнымі працэдурамі, прыбірае ў кватэры. Без яе ужо не ўяўляю свайго побыту і жыцця.

- А мне за тры гады работы малодшай сястрой міласэрнасці Марыя Іванаўна, ды і іншыя мае падапечныя, таксама сталі не чужымі людзьмі, - уключаецца ў размову Вольга Васільева. - Прызнацца, яшчэ некалькі гадоў таму я нават не ведала, што ёсць такія прафесіі, як сацыяльны работнік і малодшая сястра міласэрнасці, уявіць сабе не магла, што буду працаваць у гэтай сферы. Многія жыхары нашага раёна таксама здзіўляюцца, калі чуюць назву маёй прафесіі, перапытваюць: "Няўжо ў раёне ёсць сестры міласэрнасці Чырвонага Крыжа?". А я адказваю, што больш няма - адна я на ўсю Дзятлаўшчыну.

Цікаўлюся ў Вольгі Аляксандраўны, што ўваходзіць у яе працоўныя абавязкі. - Выконваю амаль тое ж самае, што і сацыяльныя работнікі, толькі на бяслатнай для сваіх падапечных аснове. Ажыццяўляю асобныя віды паслугаў па індывідуальным доглядзе на даму, гаспадарча-бытавой дапамозе, інфармую медыкаў пра стан здароўя падапечных, кантактую з іх сваякамі, суседзямі, іншымі асобамі і арганізацыямі для аказання больш якаснай дапамогі. Мне даводзіцца купляць і дастаўляць медыкаменты, прадукты і іншыя тавары паўсядзённага попыту, ажыццяўляць уборку жылля і прылеглай тэрыторыі, мыць, прасаваць адзенне і бялізну, гатаваць ежу, мыць посуд, пры неабходнасці карміць падапечных, праводзіць гігіенічныя працэдуры, прыносіць ваду, аплачваць камунальныя і іншыя паслугі. У мяне, як і ў большасці іншых людзей, на тыдні пяць працоўных дзён і два выхадныя.

Ніхто не павінен заставацца адзін

- Мае падапечныя - гэта адзінокія людзі, нямоглыя, пажылыя, большасць з інваліднасцю, - прадаўжае свой аповед Вольга Васільева. - У кожнага з іх свой характар, складанае жыццё за плячыма, і кожны мае патрэбу ў клопаце, суперажыванні, маральнай падтрымцы. Сярод маіх задач не толькі бытавая дапамога, але і размовы, шчырая цікавасць да іх жыцця, бо ніхто не павінен заставацца адзін, сам-насам са сваімі хваробамі і праблемамі. Не стану хлусіць: бывае даволі складана, калі людзям нездаровіцца, яны раздражнёныя, і я стараюся ў чым-небудзь саступіць, дзесьці прамаўчаць. Але ёсць і шмат плюсаў прафесіі. Паколькі мае падапечныя - гэта доўгажыхары, то і жыццёвага вопыту ў іх багата. Яны шчодра дзеляцца са мной сваімі ведамі. Напрыклад, часта пытаюся наконт агарода, высадкі расады, догляду раслінаў, бо раней я жыла ў Ваўкавыску і мне не даводзілася працаваць на прысядзібным участку.

А вось самае складанае ў нашай рабоце тое, што нашы падапечныя паміраюць. Прывыкнуць да гэтага немагчыма: за некалькі год абслугоўвання чалавек становіцца родным, і яго страту перажываеш заўсёды цяжка.

3 кватэры Марыі Япіхінай мы з Волцгай накіроўваемся да яе наступных падапечных - ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, інваліда першай групы Івана Зелянеўскаra i яго сястры Лідзіі Кунцэвіч.

- Сёння Іван заснуў толькі пад раніцу, цяжка будзе яго падняць для гігіенічных працэдур, - расказвае нам сястра ветэрана.
Аднак Вользе Аляксандраўне даволі хутка ўдаецца ўгаварыць дзядулю прайсці ўсе неабходныя "выпрабаванні". На яе важкі аргумент "вы ж камандзір - цярпіце" ён не знаходзіць што сказаць і становіцца пакорлівым. У старасці для цяжка хворага чалавека самыя звычайныя паўсядзённыя рэчы, такія як вымыцца, пабрыцца, выпіць лякарствы, становяцца сапраўднымі іспытамі, ад якіх хворыя вельмі стамляюцца. Таму ўсё трэба рабіць хутка, акуратна і з цярпеннем. Вольга спраўляецца за лічаныя хвіліны і на інвалідным крэсле вязе Івана Іосіфавіча за стол карміць.

А ў мяне выдаецца хвілінка пагутарыць з яго сястрой. Лідзія Іосіфаўна ўзгадвае пра ваеннае дзяцінства, потым пераходзіць на ўласную сям'ю: расказвае пра дзвюх дачок, адна з якіх жыве ў Башкірыі, але хутка прыедзе, і доктар паабяцаў пакласці Івана Іосіфавіча ў бальніцу для агляду, а значыць, у бабулі будзе магчымасць паехаць на сустрэчу да родных у Ляхавічы (менавіта там жыла Лідзія lociфауна, пакуль не прыехала даглядаць ляжачага брата).

Калі ўсе справы зроблены, мы развиваемся. У Вольгі Васільевай на сёння яшчэ некалькі адрасоў, першы з якіх - сям'я былых педагогаў Казакоў. Вячаслаў Пятровіч поўнасцю страціў зрок, а ў Алы Пятроўны моцная задышка, ім таксама не абысціся без сястры міласэрнасці.

Варта зазначыць, што не кожны чалавек можа стаць падапечным Вольгі Васільевай. На даму сёстры міласэрнасці наведваюць толькі адзінокіх хворых людзей ці тых, у каго ёсць сваякі, але жывуць далека або па аб'ектыўных прычынах не могуць клапаціцца пра іх. Такія звесткі павінны быць дакументальна пацвер-джаны, запаўняецца карта падапечнага, у якой таксама пазначаецца дыягназ пенсіянера, узгоднены з участковым тэрапеўтам.

Дзякуючы Анры Дзюнану

Мы ўсяго некалькі гадзін правялі разам з малодшай сястрой міласэрнасці Таварыства Чырвонага Крыжа, але гэтага хапіла, каб упэўніцца, наколькі патрэбная і неабходная яе работа. Дапамогі сёстраў міласэрнасці і валанцёраў Чырвонага Крыжа чакаюць тысячы людзей нашай краіны, а ў свеце такіх - мільёны.

Штогод у маі праводзіцца месячнік Чырвонага Крыжа, а 8 мая адзначаецца Сусветны дзень міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, ён прыпадае на дзень нараджэння Анры Дзюнана - заснавальніка Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа, швейцарскага гуманіста і грамадскага дзеяча, які ў 1901 годзе стаў першым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.

Ідэя стварэння медыцынскай гуманітарнай арганізацыі прыйшла Анры Дзюнану ў 1859 годзе, калі ён стаў сведкам жудасных пакут вялікай колькасці параненых у бітве каля італьянскага мястэчка Сальферына і арганізаваў аказанне ім першай дапамогі сіламі добраахвотнікаў з ліку мясцовых жыхароў. Гэтыя падзеі перавярнулі ўсё жыццё Анры Дзюнана, таму ён і стаў адным з заснавальнікаў Чырвонага Крыжа.

У наш час гэта найбуйнейшая міжнародная гуманітарная арганізацыя, якая прадастаўляе бясплатную медыка-сацыяльную і іншую дапамогу ахвярам прыродных катаклізмаў, тэхнагенных катастроф, эпідэмій, сацыяльна-эканамічных крызісаў, узброеных канфліктаў незалежна ад нацыянальнасці, расы, веравызнання, палітычных перакананняў. А Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа было заснавана ў 1921 годзе і застаецца найбуйнейшай гуманітарнай арганізацыяй нашай краіны, якая з'яўляецца часткай Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/