Восем раёнаў, тры інструменты, шмат пераможцаў

У Дзятлаве прайшоў VI Адкрыты рэгіянальны конкурс беларускай творчасці "Лянок". Гэта мерапрыемства стала традыцыйным для Дзятлаўшчыны, і сёлета сцэна ў актавай зале раённай дзіцячай школы мастацтваў прыняла больш за 40 навучэнцаў музычных школ Гродзенскай вобласці.

Удзельнікаў конкурсу і гасцей мерапрыемства павітала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка:
- Гэты конкурс праходзіць ужо шосты год запар і набірае сваю папулярнасць. Сёння ў нас прысутнічаюць прадстаўнікі васьмі раёнаў. У гэтай зале сабраліся лепшыя, а значыць, ужо пераможцы. Я заклікаю вас выступіць годна, ганарыцца сваёй малой радзімай, знайсці тут новых сяброў і вяртацца на Дзятлаўшчыну яшчэ не раз.

Пакуль маленькія таленты рыхтаваліся да сваіх выступленняў, для гледачоў у зале выконвалі музычныя нумары выкладчыкі Дзятлаўскай школы мастацтваў. Гэтым яны дапамагалі гасцям раёна крыху расслабіцца пасля дарогі на Дзятлаўшчыну.

Членамі журы конкурсу былі работнікі Лідскага музычнага каледжа - Ала Догілева, Галіна Пушкіна, Міхаіл Дзвілянскі.

Скрыпка. Яе гукі напаўнялі залу, а дрыжачыя дзіцячыя рукі вадзілі смычок па струнах, супадаючы з нотамі піяніна, на якім ігралі настаўнікі для стварэння музычнага тандэму.

У намінацыі "Скрыпка" і "Баян, акардэон" спаборнічалі дзеці малодшай, сярэдняй і старэйшай груп.
У малодшай групе скрыпачоў дыплом I ступені атрымала Мілана Жыгала, дыплом III ступені - Святлана Астрова. Грамату за паспяховае выступление ўручылі Валерыі Яраш.
У сярэдняй групе першыя два месцы ўзялі прадстаўнікі іншых раёнаў, а дыплом III ступені ў нашай Дыяны Болбат.
Што тычыцца старэйшай групы, то тут наш раён узяў другое месца, дзякуючы Анастасіі Жамайтук. Дзяўчынку, дарэчы, журы запрасіла на вучобу ў іх Лідскі музычны каледж.

Баян, акардэон. Немаленькая вага ў такіх інструментаў, але дзіцячыя плечы прафесійна вытрымлівалі цяжар. У тым ліку і маральны, бо музычнай падтрымкі ад настаўнікаў у іх не было. Як сапраўдныя артысты, хлопчыкі і дзяўчынкі выходзілі на сцэну, кланяліся і пачыналі хутка перабіраць клавішы сваіх музычных інструментаў. Калі хтосьці і збіўся трохі - не бяда, некалькі секунд паўзы і цішыні ў зале дапамагалі ўспомніць усё і граць яшчэ гучней і весялей.

3 малодшай групы музыкаў-дзятлаўчан дыплом III ступені ўзяла Мілана Шаўко, а Вікторыя Харошка атрымала грамату за паспяховае выступленне.
У сярэдняй групе для Ульяны Шаўко і Паліны Шалеснай узнагародамі сталі таксама граматы.
Лепшая сярод старэйшых баяністаў-акардэаністаў - Алеся Шыпіла.

Было відаць, як хваляваліся за сваіх "зорачак" бацькі, якія падтрымлівалі музыкаў, седзячы ў зале. Таленты кожнага выступоўцы не засталіся без увагі членаў журы, і ў наступным годзе кожны з удзельнікаў конкурсу абавязкова будзе імкнуцца "пабіць" свой уласны рэкорд. I не важна, у канцэртнай зале ці ў сваім музычным класе.

Юлія БАКУНОВІЧ

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/