Маёй сям'і прысвячаецца

Першы раз у школу я пайшла не ў сем, і нават не ў шэсць гадоў. У школу мама мяне прынесла ў год. Там я гадавалася паміж кабінетамі матэматыкі і біялогіі. Першыя мае дзіцячыя ўспаміны - лагарыфмічная лінейка і адарваны хвост пудзіла вераб'я. Ужо ў тры я ведала, што ў школе - Марыя Сцяпанаўна, а дома - мама.

У 28 гадоў маёй маме Марыі Кійко прапанавалі часова выконваць абавязкі дырэктара Раклевіцкай сямігодкі. Ці магла тады яна ведаць, што гэта... на сорак гадоў.

Вядома, было цяжка, нязручна перед паважанымі калегамі. Многа чаго не ведала, не ўмела, але з кожным крокам рухалася наперад. Опухала парады мудрых калег, выконвала даручэнні кіраўніцтва і любіла сваю работу. На многія пытанні пра патрэбы школы, пра цяжкасці навучання, пра гаспадарчыя праблемы (ці мала іх у школе, тым больш у вясковай) шукала адказы разам са сваей сям'ёй.

Добрым дарадцам быў дзядзька Іван - местачковы настаўнік усіх навук і па сумяшчальніцтве вясковы паэт - Пятрусь Граніт. Чалавек цапкам адданы роднай зямлі, пасля вайны вучыў чытаць, пісаць у пачатковай школе дзяцей і мілагучна складваў у радкі цікавыя вясковыя гісторыі. Шкада, што выйшла толькі адна яго кніжка "Сцяжынка" - вершы для дзяцей. Штогод наша сям'я ладзіць чытанні, сваіх дзяцей і ўнукаў гадуем на калыханцы пра пеўнікавыя боты.

На сямейных педсаветах, а нас настаўнікаў - дзевяць чалавек, абмяркоўваем метадычныя навінкі, інавацыйныя праекты, параўноўваем аловак дзеда Івана з сучаснымі інтэрактыўнымі дошкамі. Тут ужо я лідырую, бо працую ў самай электроннай школе №5 горада Мінска. Рассказваю пра электронныя журнал, дзённік, карты школьніка, пра свой кабінет інфарматыкі, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Але нягледзячы на мае інавацыйныя праекты, мамін педагагічны вопыт перамагае ў любой дыскусіі.

За сорак гадоў мамінага дырэктарства не памятаю дня, каб яна не клапацілася пра школу. Пад яе кіраўніцтвам школа неаднаразова была пераможцам шматлікіх раённых конкурсаў сярод базавых школ. Усплываюць успаміны пра тэатральныя пастаноўкі на Новы год, выпускныя вечары, восеньскія балі, турысцкія паходы, экскурсіі ў Гродна, Мінск, спартыўныя святы, асабліва "Зарніцу". Толькі цяпер, з цягам часу, я разумею, як складана арганізаваць такую гульню і якая адказнасць за дзяцей у лесе.

Без добрай каманды - далека не зойдзеш. Прыемнымі словамі ўспамінаю былых сваіх настаўнікаў, а маміных калег - Л. М. Кульбей, А. П. Савашынскага, М. А. Ёрш, В. В. Касцюшка, Я. Э. Левэ, Л. С. Гаўрош, А. I. Васюкевіча. Многіх няма ужо разам з намі. Менавіта яны пакінулі свой адбітак на маім педагагічным лесе. На іх уроках я пазнавала музыку роднай мовы, спасцігала азы інфармацыйных тэхналогій. Ужо тады ў нашай вясковай школе быў свой радыёвузел і гурток праграміравання на мікракалькулятары "Электроніка".

Не адно пакаленне прайшло праз маміны рукі. Нават было і так: вучыла і дзеда, і бацьку, і сына. I ўсё адной навуцы - быць чалавекам. Таму павага ад аднавяскоўцаў і ад дзяржавы. Мама ўзнагароджана ганаровымі граматамі раённага і абласнога аддзелаў адукацыі, знакам "Выдатнік адукацыі".

Сёння яна дапамагае выхоўваць малодшага ўнука. Бядуе разам з ім над дамашнімі заданнямі, над тым, як многа задаюць настаўнікі ў другім класе. I пры кожнай сустрэчы мне паўтарае: "Калі ўрокі праводзіць з павагай да маленькага чалавека, з любоўю да свайго прадмета, з верай у душы і марай за плячыма, то яны будуць праходзіць без званкоў і будуць урокамі на ўсё жыццё".

Ірына ГЕРМАН

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/