Шчасце без межаў

Галоўная жанчына ў жыцці кожнага чалавека - гэта мама.
У дзяцінстве мы робім для яе падарункі сваімі рукамі і ведаем, што нават няроўна выразаная з паперы кветачка будзе для матулі самай дарагой.

Першы падарунак ад свайго маленькага сына Арцёма хутка атрымае маладая мама Алеся Жылінская.

Яе Арцёмка крыху больш за тыдзень таму пайшоў у дзіцячы сад і, напэўна, разам з выхавальнікам нешта рыхтуе для любай мамачкі.

У свае няпоўныя 3 гады Арцём стараецца паводзіць сябе па-даросламу: пасля прагулкі сам спрабуе скласці сваю вопратку і схаваць у шафу, беражліва ад-носіцца да рэчаў і цацак, нічога не ламае.

- Я гляджу на суседскіх дзяцей і бачу, што мой Арцём адрозніваецца, - расказвае Алеся. - Можа, таму, што для любой мамы яе дзіця самае лепшае?

Але Алесі ёсць з кім параўноўваць: яна сама нарадзілася ў шматдзетнай сям'і, была старэйшай сястрой і дапамагала гадаваць двух братоў. Можна сказаць, што дзяўчына ўжо тады вучылася галоўнаму прызначэнню жанчыны - быць мамай.

Пасля нараджэння першынца Алеся Жылінская лічыць сябе шчаслівай.

Шчасце, мяркуе яна, гэта калі дома спакойна і ўтульна, а ў сям'і пануюць любоў і разуменне. Як гэтага дасягнуць? Кажуць,
што прыклад варта браць са старэйшага пакалення - у сваіх мамаў і бабуляў. Аднак у Алесі на гэты конт ёсць і сваё меркаванне, свае сакрэты стварэння добрай атмасферы ў сям'і. Падтрымлівае маладую жанчыну муж Ігар, дапамагае спраўляцца з цяжкасцямі, клопатамі пра сына.

Да выхавання дзіцяці маладая мама таксама падыходзіць індывідуальна:
- Трэба ісці ў нагу з часам. Я шмат чаго даведваюся з Інтэрнэту. Там аддаю перавагу матэрыялам кампетэнтных людзей і давяраю прафесіяналам.

На шчасце, Арцём не дастаўляе маме вялікіх праблем. Вясёлы дзіцячы смех гучыць у доме Жылінскіх вельмі часта, а калі іграе музыка - быць яшчэ і танцам:
- Арцём вельмі любіць музыку і заўсёды пад яе танцуе. Думаю, трэба развіваць яго ў творчым кірунку. Яшчэ хлопчыку падабаецца глядзець мульцікі з элементам! каратэ. Бывае, надзене павязку і паказвае нам з мужам прыёмы.

Алеся стараецца запамінаць кожнае дасягненне дзіцяці. Першыя самастойныя крокі Арцём зрабіў у 10,5 месяца і нават сам гэтага не зразумеў, разгубіўся. Цяпер крокі больш упэўненыя, словы больш выразныя, дзеянні больш самастойныя. Час бяжыць вельмі хутка, і для мамы важна захаваць успаміны пра тыя цікавыя моманты, якія немагчыма перадаць словамі. У Алесі ёсць спецыяльны сшытак цікавых словаў Арцёма, а ў "куфэрку мамы" захоўваюцца соскі і іншыя рэчы немаўляці, якія яму ўжо не патрэбны.

Калі Алеся Жылінская стала мамай, свята 8 Сакавіка набыло для яе іншае значэнне, бо вельмі радасна, калі віншуе не толькі муж, але і любімае дзіця. Ужо трэці год запар напярэдадні Міжнароднага жаночага дня Алеся адчувае сябе самай шчаслівай і жадае такога ж шчасця ўсім жанчынам-мамам.

Юлія БАКУНОВІЧ

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/