Дзятлаўчіне - сярэбраныя прызеры

На сельскагаспадарчым свяце "Дажынкі-2017" у Свіслачы прайшла моладзевая "Сельская эстафета", у якой паспяхова выступіла каманда Дзятлаўскага раёна.

Сельская вясёлая эстафета скіравана на захаванне традыцый беларускай вёскі, падтрымку сельскагаспадарчых прафесій, прапаганду здаровага ладу жыцця. Яна падарыла ўдзельнікам і гасцям свята зарад бадзёрасці і добры настрой. Арганізатарамі эстафеты выступілі ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, абласны камітэт ГА "БРСМ", камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама.

Чэмпіёнаў вызначалі ў 15 відах спаборніцтваў. Сярод іх былі: "Аграрны баскетбол" — удзельнікі кідалі бульбу ў вёдры, "Яблычны снайпер" — траплялі дроцікамі ў яблык. Сілу і хуткасць выпрабоўвалі ў спаборніцтвах па перакатванні цюкоў сена "Камочкі", пераносцы мяхоў з цукрам "Сілачы". Спрыт дэманстравалі ў забегу "Горача" з вілкамі і чыгункамі.

Для ўдзелу ў эстафеце "Уцёкі прынцэсы" маладыя спартсмены пераапрануліся ў персанажаў казкі "Брэменскія музыкі". Змаглі каманды праявіць і свае творчыя здольнасці: будавалі скульптуры з агародніны і садавіны, ігралі ў аркестры мелодыю з дапамогай усяго, што трапляла пад рукі — лыжак, вёдраў, пілаў, іншага "звонкага" інвентара.

Дзятлаўская зборная каманда, у склад якой уваходзілі Руслан Пішчык і Сяргей Пузач (ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод"), Віталь Дзержаноўскі (Дварэцкая сярэдняя школа), Аляксандр Палуносік (Дзятлаўская ДЮСШ), Сергей Смурага (ААТ "Граніт-Агра"),

Аксана Роўба (Вензавецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа), Таццяна Курман (ААТ "Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод "Алгонь"), Анастасія Глебка (Дзятлаўскі раённы камітэт ГА "БРСМ") прэтэндавала на ролю лідара. Нашы хлопцы і дзяўчаты здолелі прыйсці на фініш другімі ў эстафеце "Уцёкі прынцэсы", занялі другое месца ў спаборніцтве "Камочкі", займелі трэці вынік у выпрабаваннях на трапнасць "Снайпер". Гэта дапамагло камандзе падняцца ў турнірнай табліцы. У выніку дзятлаўчане сталі "сярэбранымі прызёрамі" моладзевай сельскай эстафеты на "Дажынках-2017" у Свіслачы і адзначаны дыпломам.

К. ХІЛІМОНЧЫК, першы сакратар раённага камітэта ГА "БРСМ"

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/