Шумеў-гудзеў кірмаш

Дождж накрапаваў, але раэысціся з ранку ў суботу не адважыўся. Дзякуй яму, што дзею не сапсаваў. I, безумоўна, велізарны дзякуй нашым сельгаспрадпрыемствам. Гаспадарчых клопатаў у іх большую частку года шмат, а восенню - не абтрэсціся! Але на традыцыйны сельгаскірмаш у Дзятлава прыехалі ўсе. I прадукцыю прывезлі, і дэкратыўныя падворкі.

А найбольш "уклалася" Ў кірмашовую дзею КСУП "Хвінявічы". Што вырасцілі на палетках, на продаж прывезлі і гадаванае на фермах дадалі: трусоў, авечак, бараніну, ялавічыну. Трусовае мяса, сказалі, лічыце дыетычным — дзецям з шасці месяцаў даваць
можна. Іншае яшчз нельга, а трусовае — ужо не зашкодзіць. I на жывых свойскіх зайчыкаў, кажуць, попыт ёсць: людзі купляюць, гадуюць. Чаму не гадаваць, калі размнажаюцца зайчыкі хука, хутка растуць, "белыя веліканы" вырастаюць за чатыры кілаграмы. Пры належным доглядзе — прыбытковы занятак.

Конкурсная камісія кірмашу на чале са старшынёю раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім прысудзіла КСУП "Хвінявічы" першае месца за самы актыўны ўдзел.

Ha другім месцы — ААТ "Граніт-Arpa". "Уф..." - задаволена аддыхвалася пасля бойкага гаддлю намеснік дырэктара "Граніта" Людміла Мядзведзь. "Усё прадалі!".

А яе каляжанкі не без гумару каментавалі фініш фірменнага гандлю: "Людміла Іванаўна гэтак налаўчылася на кірмашах, што можа і ката ў мяшку прадаць". "Граніт" на кірмашы глядзеўся салідна і дыму, смажачы шашлыкі, даваў больш за іншыя падворкі.
"Гранітаўскі" размах — што ў полі, што на кірмашы.

Не змагла камісія вызначыцца, хто лепшы паміж двума прэтэндэнтамі на трэцяе прызавое месца, і прыняла блізкае да саламонавага рашэннё: прысудзіць два прызы за трэцяе месца, а райкам прафсаюза работнікаў АПК прадставіць усяму кірмашу як выключна шчодрага прызавога спонсара. Гэтак трэцімі сталі і КСУП "Жукоўшчына", і КСУП "Русь-Агра".

Прадавалі на кірмашы, не буду маніць, што ўсё, але многае: рознае зерне (ячмень, трыцікале, пшаніцу, жыта, авёс, грэчку, проса, ільнасемя, насенне алейнай рэдзькі), саджанцы пладовых дрэваў і кустоў, саджанцы дэкаратыўных дрэваў і кустоў, жывую рыбу (карпаў, карасёў, амураў, самоў, шчупакоў), мёд ды іншыя прадукты пчалярства ў шырокім асартыменце, прыправы, вядома ж — агародніну (капустy, моркву, сталовыя буракі, цыбулю, часнок, перцы, бульбу). Былі ў продажы і прамысловыя тавары: камбікармы, крухмал, сыры. Была экзотыка: імянныя лыжкі, ручкі. Былі саматужныя рамесніцкія вырабы. А тым, хто прыйшлі на кірмаш з грашыма, але не маглі вызначыцца, што ж ім купіць, дапамагала бяспройгрышная латарэя. I панеслі-павезлі дахаты хто мех бульбы, хто торбачку зерня (як ахвотна прызнаваліся латарэйшчыцы: не ведаем, якога), хто сподак (затое ў прыгожай каробцы), хто бляшанку салодкага густога малака, хто саджанец, ну, адным словам, каму на што выпала. Адным — забаўка, іншым — набытак.

Артысты (нашы, родненькія, і ўжо час прылюдна сказаць і прызнаць, часта не горшыя, а як у добрым тонусе, то нярэдка і лепшыя за прыезжых) кірмашовую публіку весялілі: ігралі, спявалі і прытанцоўвалі.
А дождж пайшоў. Апасля. Як кірмаш згарнуўся.

В. ВАРНА

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/