Прафесіянал Славамір Бабіла

Аўтамабіль не раскоша, а сродак перамяшчэння. Можна проста навучыцца кіраваць тэхнікай і лічыць сябе добрым аўтамабілістам, а можна звязаць жыццё з аўтамабільнай справай, практычна даслоўна ведаць правілы дарожнага руху і дапамагаць тым, хто хоча далучыцца да шэрагу вадзіцеляў.

У Дзятлаве адным з "праваднікоў" да запаветнага вадзіцельскага пасведчання з'яўляецца Славамір Бабіла, выкладчык па падрыхтоўцы вадзіцеляў транспартных сродкаў на катэгорыю "В". Сярод мясцовых вадзіцеляў Славамір Іванавіч добра вядомы, бо ўжо 8 гадоў выкладае правілы дарожнага руху ў Дзятлаўскім ДТСААФ. Да гэтага працаваў у Казлоўшчынскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі, чытаў лекцыі і быў кіраўніком гуртка "Мой сябар — аўтамабіль". Напэўна, назва гуртка ў нейкім сэнсе сімвалічная: для Славаміра Іванавіча аўтамабіль сапраўды з'яўляецца сябрам, і гэта сяброўства праверана гадамі.

За руль упершыню сеў яшчэ ў студэнцтве. Такія патрабаванні былі для навучэнцаў спецыяльнасці "Рамонт і эксплуатацыя сельскагаспадарчай тэхнікі" Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Пра свае першыя адчуванні ў вадзіцельскім крэсле ўспамінае з усмешкай:
— Хваляваўся, вядома. Але хваляванне трэба пераадольваць, інакш не будзе выніку. Пасведчанне вадзіцеля атрымаў з першага разу. Тады ўсё па-іншаму было, прасцей, чым цяпер.

3 маім суразмоўцам мы гутарылі ў класе, дзе вывучаюць правілы дарожнага руху курсанты Дзятлаўскага ДТСААФ. Тут ёсць усё неабходнае для навучання: камп'ютары для навучэнцаў і выкладчыка, праекцыйны экран і праектар, дошка. На сценах класа вісяць яркія стэнды з невялікімі падказкамі для вучняў аўташколы — дарожнымі знакамі. Ёсць і макет унутранага ўстройства аўтамабіля ў натуральную велічыню.

У гэтым класе Славамір Іванавіч працуе нават па суботах і нядзелях: у аўташколе дзейнічаюць групы вячэрняга навучання па буднях і групы выхаднога дня. Дзякуючы Славаміру Бабілу ў Дзятлаўскім ДТСААФ правілы дарожнага руху вывучылі больш за 1000 чалавек.

— Мне падабаецца працаваць з людзьмі. Думаю, што інфармацыю на занятках даю зразумелую. Жанчыны больш дасціпныя ў тэорыі, а мужчынам больш падабаецца практыка, — распавядае С. Бабіла.

Заўважыла, што Славамір Іванавіч на занятках мала выяўляе эмоцый, але ціхі, раўнамерны і спакойны голас выкладчыка трымае дысцыпліну ў аўдыторыі, дзе не заўсёды можа быць ціха.

— У мяне ніколі не было канфліктаў з курсантамі. У нас жа вучацца дарослыя людзі, якія разумеюць, навошта сюды прыйшлі. Нават калі хтосьці спрабуе перашкаджаць праводзіць заняткі, то я спакойна магу пагаварыць з чалавекам і мірна ўсё вырашыць. А дысцыпліна трымаецца, хутчэй, ацэнкамі за вывучаны матэрыял. Гэта стымулюе будучых вадзіцеляў выконваць хатнія заданні. У Мінскай аўташколе, напрыклад, дзе вучылася мая дачка, хатніх заданняў па тэорыі не было. Паспяховая здача экзаменаў у ДАІ залежала ад самастойнай работы навучэнцаў.

Не кожны выкладчык гэтак дасведчаны ў нюансах свайго прадмета, як Славамір Іванавіч. Ён жа прызнаўся, што часам нават здзіўляецца, як курсанты, якія спачатку не падавалі надзей, урэшце засвойваюць матэрыял і добра здаюць экзамены. Значыць, заняткі былі не дарэмныя.

Выкладчык аўташколы правілы дарожнага руху ведае на выдатна, мае вялікі вадзіцельскі стаж, ні разу не трапляў у аварыю, і гэта ўжо добры прыклад для вадзіцеляў-пачаткоўцаў.

Нягледзячы на тое, што ў Дзятлаўскім ДТСААФ якасна выкладаюць тэорыю і навучаюць ваджэнню, апрабаваць усю тэорыю на практыцы ў маленькім горадзе немагчыма. Як жа быць выпускнікам аўташколы, якія амаль назубок вывучылі дарогі свайго раёна, але не могуць пераадолець страх самастойна выехаць у мегаполіс?

— Я магу параіць толькі адно: выязджаць у вялікія гарады. Пажадана, каб побач знаходзіўся хтосьці больш дасведчаны ў кіраванні. Страх абавязкова пройдзе, калі будзе практыка, бо ведаць адну тэорыю недастаткова, — гаворыць настаўнік аўташколы.

"Адточваць" майстэрства вадзіць машыну Славамір Іванавіч раіць не трлькі ў добрае надвор'е, але і пры дрэнных метэаралагічных умовах:
— Многія нават спецыяльна запісваюцца на навучанне зімой. У гэты перыяд ездзіць больш складана і небяспечна, затое будзе добры вопыт.

Парушэнняў на дарозе мой суразмоўца не дапускае сам і не вітае халатнасць вадзіцеляў:
— Як сведчыць статыстыка, часцей за ўсё вадзіцелі парушаюць хуткасны рэжым. Любое парушэнне правілаў дарожнага руху можа прывёсці да непрыемных наступстваў. Я амаль не езджу ў грамадскім транспарце, але ведаю шмат прыкладаў, калі вадзіцелі маршрутных транспартных сродкаў свядома парушаюць правілы. Гэта недапушчальна, таму што той, хто за рулём, нясе адказнасць за бяспеку ўсіх прысутных у транспарце.

Славамір Іванавіч чытае прафесійную літаратуру, выпісвае часопіс для аўтамабілістаў, каб быць, што кажуць, на ўзроўні.

Ю. БАКУНОВІЧ

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/