"Нiва" - чэмпiён!

У міні-футбол у Дзятлаве гуляюць многія, а перамагае - "Ніва". Штатны фаварыт у чарговым адкрытым чэмпіянаце горада перамог за яўнаю перавагаю. Сярэбранага прызёра "Фарсаж" чэмпіён апярэдзіў на камфортныя 8 ачкоў, прайграў за 20 матчаў усяго адзін раз. і забіў больш за ўсіх галоў (76), і прапусціў менш за ўсіх мячоў (31). Ну, чэмпіён, адным словам.

Дзятлаўскія "Фарсаж" і "БНГ" стараліся, па забітых мячах (па 74), лічы, параўняліся з "Ніваю". Але абарончай саліднасці абедзвюм камандам не хапіла, каб усур'ёз замахнуцца на трон. "Фарсаж" спыніўся на сярэбранай прыступцы подыума, "БНГ" — на бронзавай.

Дзятлаўскае "Дынама" — чацвёртае пры роўнай колькасці ачкоў, па 33, з "БНГ". Бронзавую перавагу "БНГ" абумовіў вынік асабістых сустрэч з "Дынама" — 3:1 (тры перамогі, адно паражэнне). Затое ў актыве "Дынама" адзіная на ўсіх удзельнікаў турнiру перамога над чэмпіёнам (1:0). Дробязь, магчыма, але якая прыемная.

Пятым стаў навасёлкаўскі "Лібертас". Гэта болей, чым драма. Дзяніс Трафімчык — капітан і ўвогуле ўсё, як аказалася, лібертасаўскае, атрымаў траўму, не змог выступаць у чэмпіянаце, і яго каманда пасыпалася, нават не змагла збірацца на матчы. Тут яшчэ раз пра ролю асобы ў гісторыі, міні-футбольнай.

3 адным ачком фінішаваў у турніры "легіянер" дзятлаўскага чэмпіянату — навагрудскі "Фарт". Адных спадзяванняў на фарт, аказалася, мала, каб хоць дабегчы да фінішу чатырохкругавога турніру. Другую палову чэмпіяната "Фарт" не адужаў.

Лепшыя бамбардзіры чэмпіянату — Алег Лазовік ("Фарсаж", 18 мячоў), Арцём Літвінскі ("Лібертас", 17 галоў), Уладзіслаў Нячай ("БНГ, 15). Каманда Літвінскага, заўважце, удзельнічала толькі ў палове турніру.

За што змагаліся? За фізічнае здароўе, за жыццёвы тонус, у першую чаргу. Бонусам для чэмпіёнскай "Нівы" сталі кубак, грамата, залатыя медалі, тры неблагія мячы. Сярэбранаму прызёру "Фарсажу" дасталіся кубак, грамата, сярэбраныя медалі і два мячы. Бронзаваму "БНГ" — увесь названы камплект з бронзавым адлівам медалёў і адзін мяч.

Яшчэ адзін мяч у фінальны дзень чэмпіянату быў разыграны ў Топ-турніры чатыpox лепшых.

"Дынама" вельмі дарэчы ўзгадала свой подзвіг — адзіную ў чэмпіянаце перамогу над будучым чэмпіёнам — і яшчэ раз абыграла "Ніву" з лікам 2:1.

Сярэбраны "Фарсаж", паводле табеля аб рангах, пацвердзіў сваю перавагу над бронзавым "БНГ" - 4:3.

"Дынама" ў той дзень лятала i ў фінішным матчы выдала большую магутнасць, чым "Фарсаж" — 3:1.

Прызавы мяч — у "Дынама".

Лепшымі па амплуа арганізатарамі турніру названы Аляксандр Пятроўскі (галкіпер, "Ніва"), Ігар Крагельскі (абаронца, "Фарсаж"), Алег Лазовік (форвард, "Фарсаж") і Уладзіслаў Нячай ("БНГ") — лепшым з усіх лепшых.

Б. ВАРНА

Ответить

CAPTCHA
Этот вопрос задается для проверки того, не является ли обратная сторона программой-роботом (для предотвращения попыток автоматической регистрации).

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/